Грамадства

БДМУ сёлета набіраў больш мэтавікоў і змяніў правілы гульні

У гэтым годзе абітурыентаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта чакалі значныя змены.

Студэнты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Ілюстрацыйнае фота: bsmu.by

Калі параўноўваць уступную кампанію — 2023 з уступнай кампаніяй мінулага года, то адразу бачна, што істотна вырасла колькасць абітурыентаў, якія будуць вучыцца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. У 2022 годзе на мэтавы прыём па ўсіх напрамках вылучалася роўна палова бюджэтных месцаў. А ў 2023 годзе карціна з мэтавым прыёмам іншая:

— лячэбны факультэт — 60%;

— педыятрычны факультэт — 80%;

— стаматалагічны факультэт — 80%;

— медыка-прафілактычны факультэт — 60%;

— фармацэўтычны факультэт — 60%.

Нагадаем: тым, хто вучыўся па мэтавым накіраванні, пасля вучобы трэба будзе пяць гадоў адпрацаваць па размеркаванні ў арганізацыі аховы здароўя, з якой раней была заключана дамова.

Верагодна, павялічваючы набор студэнтаў па мэтавым накіраванні, беларускія ўлады разлічваюць вырашыць пытанне з недахопам лекараў. Апошнія тры гады колькасць медыцынскіх работнікаў у краіне скарачаецца. На фоне пастаянных рэпрэсій многія медыкі вырашаюць з'ехаць працаваць за мяжу.

Сёння агульнарэспубліканскі банк вакансій выдае больш за 6,5 тысячы вакансій доктара і больш за 4 тысячы вакансій для медыцынскіх сясцёр.

Для таго, каб зрабіць паступленне для мэтавых абітурыентаў больш простым, сёлета прыдумалі новаўвядзенне: ім не трэба было здаваць ЦТ. Прахадны бал мэтавікоў складаўся не з чатырох кампанентаў, як у звычайных абітурыентаў (сярэдні бал атэстата, вынікі трох ЦТ і ЦЭ), а ўсяго з двух (сярэдні бал атэстата і вынік унутранага іспыту па хіміі ці біялогіі, які праводзіў сам БДМУ).

І вось якімі былі прахадныя балы ў мэтавікоў:

— лячэбны факультэт — ад 110 (Віцебская вобласць) да 179 (Брэсцкая і Мінская вобласці) балаў;

— педыятрычны факультэт — ад 99 (Гомельская вобласць) да 138 (Брэсцкая вобласць) балаў;

— стаматалагічны факультэт — ад 158 (Віцебская вобласць) да 184 (Гродзенская вобласць) балаў;

— фармацэўтычны факультэт — ад 167 (Мінская вобласць) да 195 (Брэсцкая вобласць).

Атрымліваецца, што будучаму педыятру з Гомельскай вобласці, які меў сярэдні бал атэстата хаця б 6 балаў, дастаткова было здаць унутраны іспыт на 4 па 10-бальнай сістэме.

Для параўнання: год таму, каб паступіць на педыятрычны факультэт мэтавіку, трэба было набраць ад 259 да 309 балаў з 400 магчымых. Атрымліваецца, у 2022 годзе ўмоўнаму педыятру-мэтавіку з сярэднім балам атэстата 6 (60 балаў) трэба было здаць тры цэнтралізаваныя тэсціраванні не менш чым на 50 балаў кожнае.

Незадаволенасць мэтавікамі медыцынскіх ВНУ Лукашэнка выказваў яшчэ ў маі:

«Здаецца, рыхтуем дастаткова лекараў і медсясцёр, а ў раёнах не затрымліваюцца нават мэтавікі. Шукаюць сабе месца ў сталіцы ці, што яшчэ горш, за мяжою. Разбярыцеся з мэтавікамі. Разбярыцеся, каго вы туды набіраеце».

Звернем увагу і на тое, што ён дадаў: «Ты павінен там пяць гадоў адпрацаваць. Замуж, яшчэ некуды там… Гэта не прымаецца. Пяць гадоў ідзі адпрацуй. Мы трацім каласальныя грошы на падрыхтоўку медыкаў. Ні ў адной сферы такіх выдаткаў няма, а ў нас усё вольніца».

Адна з першакурсніц, якая ў гэтым годзе пачне вучыцца па мэтавым накіраванні, паведаміла «Нашай Ніве» цікавую рэч: у дамове, якую яна падпісала, пазначана, што ў выпадку, калі яна падчас адпрацоўкі пойдзе ў дэкрэтны адпачынак, гэты тэрмін не будзе залічаны ў тэрмін абавязковай адпрацоўкі.

Хаця ў Кодэксе аб адукацыі напісана, што па жаданні маладога спецыяліста ў тэрмін абавязковай адпрацоўкі залічваецца перыяд знаходжання ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да яго трох гадоў.

Некалькі выпускніц БДМУ пацвердзілі, што раней некаторыя карысталіся падобнай хітрасцю для таго, каб не працаваць па размеркаванні ўвесь тэрмін у месцы, якое табе не падабаецца. «Яшчэ гадоў сем таму мая сяброўка-аднагрупніца спецыяльна вылічвала, калі ёй лепш зацяжарыць. Тады дастаткова было выйсці хаця б на адзін працоўны дзень па размеркаванні, каб увесь дэкрэтны адпачынак потым залічылі ў тэрмін размеркавання», — сцвярджае адна з нашых суразмоўцаў.

Каментары

У Азіі затрымалі былога байца Палка Каліноўскага10

У Азіі затрымалі былога байца Палка Каліноўскага

Усе навіны →
Усе навіны

Джо Байдэн ухваліў пастаўкі ва Украіну супрацьпяхотных мін1

У Гродне ў лістападзе зацвіла ружа3

Выявілася, «Аземпік» яшчэ і лечыць ад алкагалізму1

Кітайскае судна адключыла перадатчык даных за некалькі гадзін да абрыву кабеля ў Балтыйскім моры2

У беларускіх турмах знаходзяцца трое грамадзян Эстоніі

Украінцаў спыталі: перамовы з магчымай стратай тэрыторый ці вайна да перамогі? Вынікі свежага апытання15

Крыніца ў Пентагоне расказала пра вынікі ўкраінскай атакі ATACMS па Бранскай вобласці4

Эксперт назвала адзін крытэрый, на які важна звярнуць увагу пры выбары кватэры на другасным рынку2

ЗША пракаментавалі новую ядзерную дактрыну Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Азіі затрымалі былога байца Палка Каліноўскага10

У Азіі затрымалі былога байца Палка Каліноўскага

Галоўнае
Усе навіны →