Доля электратранспарту ў гарадскіх перавозках Мінска — амаль палова
Электробусаў і тралейбусаў з аўтаномным ходам у Мінску будзе рабіцца ўсё больш, а аўтобусаў усё менш, расказаў дырэктар прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь» Юрый Супрановіч у эфіры «Радыё-Мінск».
Паводле слоў Юрыя Супрановіча, мінскія транспартнікі будуць рабіць акцэнт на развіцці электробусаў і тралейбусаў з аўтаномным ходам.
«У 2015 годзе доля электратранспарту ў гарадскіх перавозках складала 39%. Цяпер ужо 46%. І гэтая колькасць, натуральна, будзе расці», — сказаў ён.
«У сталіцы вытворчая база [грамадскага транспарту] складае 2111 рухомых адзінак. З іх 93 электробусы, 132 вагоны трамваяў, у гадзіны пік на трох лініях метро выкарыстоўваецца 316 вагонаў, 712 тралейбусаў (251 з іх з павялічаным аўтаномным ходам) і 1174 аўтобусы. Гэта каласальны жывы дынамічны арганізм, які працуе дзень у дзень, у тым ліку па выхадных і святах», — заявіў Супрановіч.
Каментары