На мінулым тыдні ў Беластоку адбылася акцыя салідарнасці з асуджаным на восем гадоў журналістам, актывістам непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Андрэем Пачобутам. На ёй намеснік старшыні СПБ Марэк Занеўскі расказаў пра апошнюю сітуацыю вакол зняволенага журналіста.
«Што тычыцца Андрэя, на жаль, сітуацыя вельмі цяжкая. Наступныя шэсць месяцаў правядзе ў камеры для пакарання, беспадстаўна кінуты туды. Так што сітуацыя пагаршаецца. Да яго не пускаюць адваката, не даходзяць лісты, не даюць яму лекаў, якія яму патрэбны кожны дзень».
Пазней у каментары для «Радыё Унэт» Марэк Занеўскі больш падрабязна распавёў пра сітуацыю з Пачобутам.
«Найвялікшая праблема на сёння — гэта адсутнасць інфармацыі, бо да Андрэя не можа трапіць адвакат, не даходзяць лісты, яго пазбавілі магчымасці тэлефанавання дадому. І гэта стварае найвялікшую праблему, бо мы не ведаем, дзе ён цяпер, у якім ён стане і што ўвогуле там з ім дзеецца. З той інфармацыі, што да нас даходзіць, ён на шэсць месяцаў асуджаны знаходзіцца ў камеры пакарання ў калоніі і не атрымлівае лекаў для сэрца, якія патрабуе кожны дзень. Гэта таксама прымушае вельмі непакоіцца», — зазначыў Занеўскі.
***
Журналіста і актывіста польскай супольнасці ў Беларусі Андрэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 361 КК — «Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», а таксама паводле арт. 130 КК — «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці». Працэс у Гродзенскім абласным судзе ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Дзмітрый Бубенчык. У лютым Пачобуту прысудзілі 8 гадоў калоніі, пакаранне ён адбывае ў Наваполацку.
Каментары