БелТА выпусціла фільм пра карніцу Тоньку-кулямётчыцу, але давялося распавесці, што рускія нацысты знішчалі мірных палякаў
31 жніўня агенцтва БелТА выпусціла дакументальны фільм у серыі «Хронікі», дзе распавяло пра сумна вядомую Тоньку-кулямётчыцу, датычную да забойства паўтары тысяч чалавек у час вайны ды Локацкую рэспубліку, на тэрыторыі якой яна дзейнічала.
Насуперак антыпольскай палітыцы сённяшніх уладаў стваральнікам фільма таксама давялося расказаць, што рускія калабарацыяністы знішчалі мірных палякаў, але пра іх дзейнасць на Беларусі змаўчалі. Маецца ў ім і пасыл, што нават праз дзесяцігоддзі пакаранне немінуча напаткае карнікаў, якія «проста выконвалі сваю працу».
Відаць, што справа пошуку беларускіх калабарацыяністаў, якія «пад бэчэбэ-сцягамі спальвалі вёскі», зайшла ў тупік, і дзяржаўныя медыя выйшлі на зусім нечаканае поле рускага нацызму і калабарацыянізму, якія ніяк не ўпісваюцца ў штучна выбудаваную прапагандай карціну вайны.
Экспертамі ў фільме выступілі выкладчыкі гістарычнага факультэта БДУ Сяргей Каўн і Сяргей Александровіч. Апошні таксама з'яўляецца старшынёй мінскага гарадскога грамадскага аб'яднання «Абаронцы памяці і праўды пра Вялікую Айчынную вайну».
Антаніна Макарава, таксама вядомая як Тонька-кулямётчыца, якой і прысвечаны дакументальны фільм, была адной з трох жанчын, якіх за іх злачынствы расстралялі ўжо пасля заканчэння сталінскіх рэпрэсій, але шукалі яе больш за 30 гадоў.
Спачатку дзяўчына мела прозвішча Панфілава, але праз памылку стала Макаравай. Гэты факт у далейшым адыграе важную ролю ў яе пасляваенным жыцці.
З пачаткам вайны Антаніна пайшла добраахвотніцай на фронт. Трапіла ў кацёл пад Вязьмай, але выжыла. Далей лёс яе занёс у Локацкую рэспубліку, утвораную рускімі калабарацыяністамі Васкабойнікавым і Камінскім на тэрыторыі, якая сёння ахоплівае некалькі раёнаў Бранскай, Курскай і Арлоўскай абласцей. Гэтае ўтварэнне знаходзілася блізка фронту і пад перадачу цывільнай адміністрацыі не пападала.
Тут Макарава добраахвотна пайшла на службу ў локацкую дапаможную паліцыю. Обер-бургамістр Браніслаў Камінскі выдаў ёй кулямёт максім для выканання расстрэлаў, да якіх былі прыгавораны савецкія партызаны і члены іх сем'яў. За выкананне смяротных прысудаў, за якія ніхто асабліва не хацеў брацца, яна атрымала прытулак. У далейшым яна распавядзе на допытах, што яе не мучылі згрызоты сумлення, яна лічыла гэтыя забойствы звычайнай працай. Усяго яна расстраляла каля 1500 чалавек.
Праз свой разгульны лад жыцця атрымала сіфіліс і была накіраваная на лячэнне ў тыл, дзякуючы чаму пазбегла захопу партызанамі ў час вызвалення Локаця. Праз Украіну і Польшчу пакручасты шлях прывёў яе ў нямецкі канцлагер пад Кёнігсбергам. У 1945 годзе выдала сябе па падробных дакументах за медсястру і пазнаёмілася з параненым Віктарам Гінзбургам, будучым сваім мужам.
Але пры чым тут Беларусь? Насамрэч і гісторыя Локацкай рэспублікі, і гісторыя Макаравай звязаныя не толькі з Беларуссю, але, як ні дзіўна, з адным канкрэтным месцам — Лепелем.
У фільме гэты факт ніяк не адлюстраваны, але ўвесну 1943 года тылавая Локацкая рэспубліка спыніла сваё існаванне ў выніку наступу Чырвонай Арміі. Памагатыя нацыстаў не маглі разлічваць на ласку савецкіх уладаў. Узнік план эвакуацыі адміністрацыі самакіравання, брыгады РОНА (Рускай вызвольнай народнай арміі), створанай Камінскім, членаў сем'яў байцоў і камандзіраў, а таксама іх маёмасці куды-небудзь падалей ад фронту.
Антыпартызанскую дзейнасць рускіх калабарацыяністаў вырашылі выкарыстаць глыбока ў тыле нямецкіх войскаў, на тэрыторыі адной з найбуйнейшых партызанскіх зон пад Лепелем. Менавіта тут меркавалася стварыць «Лепельскую рэспубліку» на тэрыторыі Лепельскага, Сенненскага, Чашніцкага і Бешанковіцкага раёнаў. Гэтая тэрыторыя прымыкала да Генеральнага камісарыята «Беларусь», але служыла для тылавога забеспячэння нямецкай арміі.
Аднак спроба стварэння Лепельскай рэспублікі правалілася, бо адміністрацыя Камінскага не змагла заахвоціць мясцовае насельніцтва да калабарацыянізму і локацкіх бежанцаў да працягу супрацоўніцтва.
На адмову супрацоўнічаць рускія калабарацыяністы абвінавацілі беларусаў у дапамозе партызанам і развязалі тэрор, арыштоўвалі і нават расстрэльвалі ўсіх падазроных, што выклікала незадаволенасць насельніцтва. Пра гэта ў фільме не абмовіліся ні словам.
Яшчэ больш напружанне падвысіла жаданне Камінскага адабраць у сялян частку зямлі і надзяліць ёю сваіх людзей.
Камінаўцы былі вымушаныя рушыць далей, у Дзятлава, адкуль іх пасля перакінулі ў Варшаву, дзе РОНА ўдзельнічала ў крывавым здушэнні паўстання жыхароў горада. Гэты факт згадваецца і ў фільме, нягледзячы на русафільскую і антыпольскую рыторыку цяперашняй дзяржаўнай прапаганды.
У той жа Лепель, на радзіму новага мужа, пераехала пасля вайны і Макарава. Уся сям’я Віктара Гінзбурга была забітая карнікамі. У шлюбе яна нарадзіла двух дзяцей, працавала кантралёрам якасці ў швейным цэху і лічылася франтавічкай, была ўзнагароджаная медалямі і ордэнамі.
Увесь гэты час яе шукалі як Макараву. Але па метрыцы яна была Панфілавай, а па мужу — Гінзбург. «Здаў» яе брат, які, запаўняючы анкету на выезд за мяжу, пазначыў, што ўсе яго браты маюць прозвішча Панфілаў і толькі сястра Антаніна мае прозвішча Макарава. Гэты факт зацікавіў савецкія органы дзяржаўнай бяспекі.
Не маючы дастатковых доказаў супраць паважанай франтавічкі, спецслужбы арганізавалі за ёй сачэнне, а пасля патаемна прывезлі на апазнанне некалькі сведак, якія пацвердзілі яе асобу. У зняволенні яна вяла сябе холадна, лічыла, што атрымае максімум тры гады зняволення праз даўнасць тых падзей, была незадаволеная тым, што ёй зараз давядзецца з’ехаць з Лепеля, каб пальцам на вуліцы не паказвалі. Ніякага раскаяння яна не адчувала да апошняга, яна лічыла, што выконвала звычайную працу. Але яе чаканні не спраўдзіліся, і а 6-й гадзіне раніцы 11 жніўня 1979 года яна была расстраляная.
«Справа выклікала шмат дыскусій. Адны казалі, што нельга асуджаць дзяўчыну, якая выжывала як магла. Іншыя лічылі яе садысткай. Нават у мірны час Тонька-кулямётчыца не перастала быць катам: у мужу і дочках яна назаўжды забіла веру ў людзей», — падсумоўваюць у канцы фільма.
Фільм не мае той людажэрнай антыбеларускай скіраванасці, характэрнай для беларускай прапаганды апошніх гадоў, але, верагодна, толькі таму, што ў ім не раскрываецца нічога сутнасна новага, а сюжэт ідзе роўна па тэксце адпаведнага артыкула ў «Вікіпедыі», для якога характэрная нейтральнасць выкладання фактаў. Толькі ацэначны каментарый Александровіча пра псіхалагічную недаразвітасць Макаравай, якой «цяпер бы, мабыць, паставілі ЗПР» (затрымка псіхічнага развіцця — састарэлы савецкі тэрмін, выведзены ў 1990-я з ужытку як медыцынскі (псіхіятрычны) дыягназ. — «НН»), выбіваецца на гэтым фоне.
У цэлым жа фільм падводзіць да думкі пра немінучасць пакарання за ўчыненыя злачынствы, нягледзячы на дзесяцігоддзі, якія на гэта спатрэбяцца. Але нечакана для прапагандыстаў гэты тэзіс кладзецца зусім не на тую глебу, на якую яны разлічвалі, бо моцна перагукаецца з сённяшнім днём: тыя, хто з 2020 года дзень пры дні «проста выконвалі сваю працу», урэшце атрымаюць за яе заслужаную адплату.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЖыццё і смерць «Тонькі-кулямётчыцы»: у вайну яна была катам у нацыстаў, а пасля 30 гадоў спакойна жыла ў Лепелі
Марзалюк паказаў «сведчанне злачынстваў пад бела-чырвона-белым сцягам». Але гэта хлусня — вось што на фота
У Мінску на прэм’еру фільма з фэйкамі пра Бучу прыйшла толькі Бондарава з сяброўкамі
Рувікі ў барацьбе за «аб'ектыўнасць» і «нейтральнасць»
Каментары