МЗС Украіны раскрытыкавала рашэнне запрасіць беларускага і расійскага паслоў на ўручэнне Нобелеўскіх прэмій
Прэс-сакратар МЗС Украіны ў фэйсбуку выказаў здзіўленне запрашэннем на цырымонію ўручэння Нобелеўскіх прэмій беларускага і расійскага паслоў.
«Фонд Нобеля прыняў рашэнне аднавіць практыку запрашэння паслоў Расіі і Беларусі на цырымонію ўручэння Нобелеўскай прэміі. Такое рашэнне тлумачыцца жаданнем непасрэдна даказваць свае каштоўнасці нават тым дзяржавам, якія ім супрацьстаяць. Даводзіць каштоўнасці гуманізму да Расіі і Беларусі — сізіфава праца. Намаганні, якія не прывядуць да выніку», — напісаў Алег Ніколенка.
«Імаверна, у той дзень, калі расійскі пасол будзе сядзець у прыгожым касцюме ў Стакгольмскім канцэрт-холе, расійская армія будзе чыніць чарговыя ваенныя злачынствы на акупаваных украінскіх тэрыторыях, а расійскія ракеты будуць знішчаць чарговыя жылыя кварталы ва ўкраінскіх гарадах.
Як пры такіх умовах успрымуць у Крамлі рашэнне фонду вярнуцца да business as usual? Толькі ўзмацненнем адчування беспакаранасці і новымі злачынствамі», — абурыўся прэс-сакратар МЗС Украіны.
«Летась Фонд Нобеля не запрашаў расійскіх і беларускіх паслоў у адказ на расійскую агрэсію супраць Украіны. І пакуль яна працягваецца, пакуль мільёны ўкраінцаў пакутуюць ад несправакаванай вайны, а расійскае кіраўніцтва не пакарана за свае злачынствы, мы заклікаем арганізацыйны камітэт падтрымліваць міжнародныя намаганні па ізаляцыі Расіі і Беларусі», — рэзюмаваў Алег Ніколенка.
Каментары