На Венецыянскім фестывалі ганаравалі фільм пра мігранцкі крызіс на беларускай мяжы
Фільм польскай рэжысёркі Агнешкі Холанд «Зялёная мяжа» (Zielona granica) пра мігранцкі крызіс на беларуска-польскай мяжы атрымаў на Венецыянскім фестывалі спецыяльны прыз журы. Сярод акцёраў у ім былі і беларусы.
У стужцы «Зялёная мяжа» распавядаецца гісторыя сірыйскай сям'і, якая намагаецца перайсці мяжу Беларусі і Польшчы на шляху да Швецыі, а таксама актывісткі Юліі і памежніка Яна.
У фільме ўзялі ўдзел беларускія акцёры, удзельнікі музычнай групы «Разбітае сэрца пацана» Павел Гарадніцкі і Дзяніс Тарасенка (апошняга можна ўбачыць у кароткім кліпе ніжэй).
Карціна была паказаная ў Венецыі 5 верасня ў межах асноўнага конкурсу.
Іншыя пераможцы Венецыянскага фестывалю:
- «Залаты леў» — «Небаракі» (рэж. Ёргас Ланцімас);
- «Срэбны леў» — «Ліха не існуе» (Русукэ Хамагуці);
- «Срэбны леў» за найлепшую рэжысуру — Матэа Гаронэ («Я — капітан»);
- Кубак Вольпі за найлепшую мужчынскую ролю — Пітэр Сарсгаард («Успамін»);
- Кубак Вольпі за найлепшую жаночую ролю — Кэйлі Спэні («Прысцыла»);
- «Леў» за найлепшы сцэнар — Пабла Ларайн і Гільерма Кальдэрон («El Conde»);
- Прэмія Марчэла Мастраяні (найлепшаму маладому акцёру / актрысе) — Сэйду Сар («Я — капітан»).
Каментары