Саўмін удакладніў правілы прызначэння дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. Асноўныя новаўвядзенні пачнуць дзейнічаць з 1 студзеня 2025 года. Пастанова пра гэта апублікаваная на pravo.by.
Асноўныя змены закрануць дапамогу па цяжарнасці і родах. Так, з разліку бальнічнага выключаць перыяды дэкрэту ва ўзросце да трох гадоў, калі адпачынак па доглядзе будзе перарваны ў сувязі з ліквідацыяй наймальніка. Паводле прадстаўнікоў Мінпрацы, гэта прывядзе да павелічэння памераў дапамог па цяжарнасці і родах, а таксама па часовай непрацаздольнасці.
Зменяцца і правілы разліку памеру дапамог для людзей, якія працуюць па грамадзянска-прававых дамовах. Напрыклад, памер дапамогі будуць разлічваць на падставе звестак персаніфікаванага ўліку, зыходзячы з памеру сярэднядзённага ўзнагароджання да месяца ўзнікнення права на дапамогу.
Таксама з 1 студзеня ў поўнай сям'і, калі аднаго з бацькоў прызнаюць абмежавана дзеяздольным альбо ён не зможа выконваць свае бацькоўскія абавязкі з-за хваробы, дапамогу на дзяцей зможа атрымліваць іншы бацька без змены месца выплаты.
Акрамя гэтага, з новага года камісіі па прызначэнні дапамог змогуць запытваць больш дакументаў для прыняцця рашэнняў па прызначэнні дапамог для догляду дзіця ва ўзросце да трох гадоў ці дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў.
Пастанова таксама канкрэтызуе дакументы, паводле якіх дзеці, народжаныя па-за шлюбам, будуць улічвацца ў сям’і маці. Так, яны будуць улічвацца там, калі пагадненне пра дзяцей, пагадненне пра ўтрыманне непаўналетніх дзяцей або судовае пастанаўленне не вызначае іншае.
Каментары