Спорт1111

Каратыст адрадзіў легендарны клуб «Волат». «Мы гуртуем беларусаў, каб яны нарэшце сталі гаспадарамі на сваёй зямлі»

У пачатку 2022-га беларускія ўлады закрылі вядомы клуб адзінаборстваў «Волат». Яго кіраўнік, трэнер Віталь Рак, перабраўся ў Польшчу, дзе ў пачатку верасня вярнуў клуб да жыцця. «Наша Ніва» распытала, як гэта — адкрыць свой клуб у Польшчы. 

Віталь Рак адрадзіў легендарны клуб «Волат» у Варшаве. Фота: «Наша Ніва»

Віталь Рак выехаў з Беларусі ў студзені 2022 года. Спачатку сядзеў на кавідным каранціне ў Беластоку, потым паехаў ва Украіну, каб вырашыць пытанне з візай, пажыў у Лодзі і перабраўся ў Калабжэг — польскі гарадок амаль на мяжы з Германіяй. У Калабжэгу беларус затрымаўся амаль на паўтара года — працаваў трэнерам. Але пару месяцаў таму ён прыехаў у Варшаву, каб адрадзіць у Польшчы легендарны беларускі клуб адзінаборстваў «Волат». 

Пра Калабжэг мужчына расказвае цёпла — горад з добрай экалогіяй, дзе файна жыць. Але «Волат» заўсёды працаваў у першую чаргу для беларусаў, таму Віталь выбраў для клуба Варшаву, дзе беларусаў шмат.

Віталь Рак адрадзіў легендарны клуб «Волат» у Варшаве. Фота: «Наша Ніва»

Каб стварыць умовы для адраджэння «Волата», Раку спатрэбіўся час. «Адразу, калі выехаў з Беларусі, зразумеў: калі я ў Польшчы надоўга, то трэба тут рабіць клуб, канкрэтыку распрацоўваў потым.

Калі выехаў, быў трохі ў прастрацыі, меў надзею, што зараз штосьці ў Беларусі зменіцца і я вярнуся туды. Пазней думаў, што пачакаю вяртання, але нядоўга, а цяпер маю адчуванне, што нейкі час мушу пражыць тут, таму трэба адчыняцца.

Віталь Рак на трэніроўцы са сваімі дочкамі. Фота: «Наша Ніва»

Але адчыніць клуб — не такая простая справа: дзеля гэтага неабходныя фінансы, і іх пошук заняў у мяне час», — кажа Віталь Рак.

У выніку інвестарам «Волата» стаў беларускі бізнэсовец, а памяшканне Віталь знайшоў у варшаўскім раёне Макотаў, які знаходзіцца блізка да цэнтра горада і дзе жыве шмат беларусаў і ўкраінцаў.

Там жа ён і сам зняў кватэру, бо, як расказвае спартовец, лагістыка — дужа важнае пытанне ў Варшаве. Горад вялікі, і ў ім бывае шмат затораў, таму калі ты жывеш і працуеш у розных раёнах Варшавы, то мусіш марнаваць шмат часу, каб даехаць.

Віталь адзначае, што ў Польшчы значна лягчэй арандаваць памяшканне, чым у Беларусі, — і залу ў школе, і асобны будынак. «Каб зняць залу ў беларускай школе, трэба падаць заяўку, потым пройдзе нейкі тэндар, збярэцца камісія, якая вырашыць, можна табе арандаваць залу ці не. Тут ты проста прыходзіш да дырэктара школы, дамаўляешся з ім наконт арэнды і абмяркоўваеш цану. Дырэктар вырашае, ці здаваць табе залу, а не ўлады горада, раёна ці нейкая камісія.

З прыватнымі арганізацыямі ў гэтым плане таксама прасцей. Для іх не праблема пусціць цябе ў залу раней, калі ты яшчэ не зарэгістраваны, ёсць больш свабоды. Усё вырашаецца на месцы і з канкрэтнымі людзьмі», — дзеліцца суразмовец.

«Волат» у выніку арандаваў асобны будынак са сваёй тэрыторыяй. Віталь Рак тлумачыць, што клубу трэба свая база, дзе можна працаваць увесь час. Бо клуб — гэта не толькі трэніроўкі, але яшчэ і камунікацыя яго ўдзельнікаў, клубныя мерапрыемствы. Але, магчыма, ужо ў гэтым годзе «Волат» запусціць пару філіялаў у варшаўскіх школах. Такая ж сістэма была ў клуба ў Беларусі: працавала галоўная зала ў Мінску і 11 філіялаў у горадзе ў розных школах або прыстасаваных памяшканнях на ўмовах пагадзіннай арэнды.

Віталь Рак адрадзіў легендарны клуб «Волат» у Варшаве. Фота: «Наша Ніва»

Акрамя філіялаў у Варшаве, ёсць спартоўцы і ў іншых польскіх гарадах, гатовыя працаваць пад брэндам «Волата». Віталь поўны планаў і гатовы стварыць сетку спартовых клубаў, а то і разгледзець працу ў іншых краінах.

Праўда, спадзяецца, што так надоўга «Волат» усё ж такі не затрымаецца ў Польшчы і з’явіцца магчымасць вярнуцца на радзіму. Але ў такім выпадку, як мяркуе беларус, варшаўскі «Волат» таксама застанецца — будзе філіялам беларускага.

Калі знайшлося памяшканне пад клуб, трэба было яго прывесці ў адпаведны выгляд, таму каманда «Волата» зрабіла сваімі сіламі рамонт. Для пачатку падрыхтавалі дзве трэніровачныя залы, раздзявальні, душы і туалеты, каб можна было запусціць клуб. 

«Гэтая першая фаза рамонту, каб прывесці памяшканне ў належны для трэніровак стан, цягнулася месяц. На некаторыя спецыфічныя рэчы кшталту замены сантэхнікі наймалі спецыялістаў, але розную шпаклёўку, тынкоўку і афарбоўку рабілі самі. Цяпер рамонт працягваецца, робім тое, чым можна займацца, калі клуб ужо працуе. У нашым будынку ёсць памяшканне, дзе мы зробім яшчэ адну спартовую залу, таксама адкрыем кавярню і дзіцячую зону. 

Яшчэ пры клубе ёсць адкрытая пляцоўка, якую мы абсталюем для трэніровак — паставім турнікі і брусы, зробім гумовае пакрыццё. Магчыма, павесім там баксёрскія мяшкі, каб можна было праводзіць на пляцоўцы паўнавартасныя трэніроўкі. Трэба толькі ўзгадніць гэта з польскімі ўладамі і, магчыма, з суседзямі. Побач жылыя дамы, і калі хтосьці будзе біць у мяшок, гэта можа перашкаджаць людзям. Не хацелася б псаваць адносіны з людзьмі, якія там жывуць», — расказвае Віталь Рак.

«Трэніроўкі праходзяць па-беларуску, і ўсе ўсё разумеюць»

Віталь падкрэслівае, што «Волат» — нацыянальна арыентаваны клуб. Паколькі стварылі яго беларусы, то займаюцца ў ім збольшага таксама беларусы. Але на трэніроўкі прыходзяць і палякі, і ўкраінцы, галоўнае — быць адкрытым да беларускай мовы.

«Пакуль што трэніроўкі праходзяць па-беларуску, і ўсе ўсё разумеюць, палякі таксама. На трэніроўцы не трэба так шмат мовы, як на лекцыі па філасофіі. Я добра валодаю польскай мовай, бо шмат працаваў з палякамі, у групах, дзе былі толькі палякі. Астатнія трэнеры пакуль вучаць мову, але ў нас яшчэ не было такога, каб хтосьці кагосьці не зразумеў, бо беларуская мова падобная да польскай. Калі толькі прыехаў сюды, мяне вучылі: не можаш штосьці сказаць па-польску — кажы па-беларуску, і 80% імавернасці, што цябе зразумеюць. Трэба вывучыць умоўна 50 польскіх слоў, каб праводзіць трэніроўкі, і любы нармальны чалавек можа гэта зрабіць.

Віталь Рак адрадзіў легендарны клуб «Волат» у Варшаве. Фота: «Наша Ніва»

Трэніроўкі па-беларуску — гэта натуральна для нас. Мова — пласт культуры, дык чаму беларусы павінны размаўляць на іншай мове? Але ў нас кожны можа размаўляць на той мове, на якой хоча.

Калі я трэнірую людзей і бачу ў іх вачах, што яны нешта не зразумелі, для мяне не праблема паўтарыць гэта на любой мове, якой я валодаю», — кажа ён.

Сам Віталь — трэнер па каратэ з 23-гадовым досведам, чэмпіён Беларусі. Акрамя яго, у варшаўскім «Волаце» працуе, напрыклад, Іван Ганін — пераможца Кубка свету і срэбраны прызёр чэмпіянату свету па кікбоксінгу, а таксама Андрэй Саковіч — пераможца буйных турніраў па грэплінгу і бразільскім джыу-джыцу.

Віталь Рак адрадзіў легендарны клуб «Волат» у Варшаве. Фота: «Наша Ніва»

Акрамя згаданых адзінаборстваў, у «Волаце» займаюцца тайскім боксам, змешанымі адзінаборствамі, функцыянальным трэнінгам для дарослых, фізічнай падрыхтоўкай для дашкольнікаў і карэкцыйнай гімнастыкай.

Наколькі цяжка зарэгістраваць у Польшчы клуб? Прыкладна тое самае, што ў Беларусі, расказвае Віталь. Беларус удакладняе, што весці справаводства ў Варшаве можа быць няпроста, і ён хоча атрымаць некалькі кансультацый па далейшай дзейнасці.

З другога боку, польская дзяржава ідзе насустрач падобным ініцыятывам. 

«Тут нашмат лягчэй атрымаць пад такія праекты «дафінансаванне» (фінансавую падтрымку. — «НН») ад самакіравання (мясцовага выканкама. — «НН»). Калі ты працуеш з дзецьмі, моладдзю, увогуле з людзьмі, проста давай справаздачу аб сваёй дзейнасці ў мясцовы орган улады, то-бок кіраўніцтву гміны, павета ці ваяводства. Тады яны могуць табе фінансава дапамагчы. Мы ў Беларусі працавалі не адзін год, у нас займалася 500 чалавек моладзі, мы рыхтавалі спартсменаў у нацыянальныя зборныя, яны ехалі ў складзе зборных на топ-турніры, напрыклад, на чэмпіянат свету, і паказвалі там самыя лепшыя вынікі з усёй зборнай. І пры гэтым нам [беларуская] дзяржава ні разу не дапамагла фінансава. 

Яшчэ тут шмат розных грантавых праграм, у якіх можна ўдзельнічаць і атрымліваць грошы пад канкрэтныя праекты, накіроўваць іх на развіццё клуба. Гэта дае перспектывы, дапамагае развівацца хутчэй. Але мо гэта ў пачатку ўсё выглядае радасна, пабачым, што будзе далей».

Трэнер выдзяляе тры мэты ў працы «Волата». Першая — масавы спорт, то-бок заахвоціць максімальную колькасць насельніцтва да здаровага ладу жыцця і рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам. Тыя, хто мае для гэтага адпаведныя даныя і жаданне прафесійна займацца спортам, мусяць таксама мець такую магчымасць. І трэцяя рэч — прэзентацыя беларусаў на спартовай арэне праз добрыя вынікі выхаванцаў клуба. Ды і не толькі беларусаў, а, як удакладняе Віталь, «усіх брацкіх народаў Інтэрмарыума, з якімі мы працуем, у тым ліку палякаў і ўкраінцаў», — дзеліцца суразмовец.

«Хачу падкрэсліць, што «Волат» — гэта не толькі спартовы клуб, мы за комплекснае развіццё асобы. Кожная асоба павінна развівацца ў чатырох кірунках: фізічнае развіццё, інтэлект, сацыяльныя сувязі — камунікацыя з сям’ёй, сябрамі, асэнсаванне сваёй прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы — і матывацыйны кірунак.

Калі хаця б адзін кампанент выпадае, патэнцыял любой асобы зніжаецца. Наша задача — выхоўваць актыўных, здаровых, амбіцыйных людзей, якія будуць пераможцамі не толькі ў спорце, але і ў жыцці.

Што тычыцца нашага месца ў нацыянальным вызвольным руху, то гэта праца з беларусамі і наш унёсак у развіццё і ўмацаванне нашага народа. Мы гуртуем беларусаў, каб у краіне змянілася сітуацыя і беларусы нарэшце сталі гаспадарамі на сваёй зямлі. Як я бачу, Беларусь можна вызваліць, толькі згуртаваўшыся па-за межамі Беларусі, хаця і з падтрымкай беларусаў, якія цяпер унутры краіны. Таму наша задача — выхаваць асобу», — тлумачыць Віталь Рак.

Віталь Рак адрадзіў легендарны клуб «Волат» у Варшаве. Фота: «Наша Ніва»

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«У маім сусвеце чалавек, які падтрымлівае вайну, — невылечна хворы». Гутарка з кікбаксёрам Іванам Ганіным

Папоў: Наш вораг — не такі вялікі, гэта ўсё тыя ж 3%, і яно вылезе

«Мы будзем чакаць». Віктар Лукашэнка ўсё яшчэ спадзяецца атрымаць запрашэнне на Алімпіяду

Каментары11

  • Asgard
    21.09.2023
    Добрая справа.
  • Luny
    21.09.2023
    Выдатная ініцыятыва, паболей такіх
  • Ч
    21.09.2023
    Кіёкушынкай, клуб - гэта людзі ў першую чаргу, а не памяшканне ці юрасоба. Людзі тыя ж. Чаму  "адрадзіў" не падыходзіць?

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны17

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

Байдэн спіша частку доўгу Украіне1

Трамп абмовіўся, што гатовы пайсці на трэці тэрмін. А ці магчыма такое ў ЗША ўвогуле?9

Стаў вядомы спіс афіцэраў, якіх Лукашэнка за падтрымку народу ў 2020 годзе пазбавіў званняў7

Бондарава заклікала пакараць Марзалюка. Але падвяла сябе пад 15 сутак за рэпост «НН»13

У эфіры прапагандыстаў паказалі яшчэ аднаго зняволенага каліноўца — Максіма Ралько5

У Мінску ўзяліся зносіць парк «Дрымлэнд» ВІДЭА2

Storm Shadow сёння маглі ўдарыць па гістарычнай сядзібе на Куршчыне, дзе размяшчаўся расійскі камандны пункт4

Куды зноў знік Пуцін? Выявілася, што яго апошнія сустрэчы — гэта насамрэч запісы месячнай даўніны3

«Гэта замах на забойства». Пад Гроднам нехта нацягнуў дрот над сцежкай, дзе катаюцца матацыклісты3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны17

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →