Арганізатары аўкцыёну першапачаткова ацанілі гістарычны швэдар у 50-80 тысяч даляраў.
Швэдар памерлай прынцэсы Дыяны з адной чорнай авечкай сярод мноства белых прадалі на аўкцыёне Sotheby's у Нью-Ёрку за 1,14 млн даляраў, піша Бі-бі-сі.
Арганізатары аўкцыёну першапачаткова ацанілі гістарычны швэдар у 50-80 тысяч даляраў. Завочныя таргі за швэдар былі адкрыты яшчэ 31 жніўня, і да самых апошніх хвілін аўкцыёну самай вялікай была прапанова ў 200 тысяч даляраў.
Але ў выніку самы шчодры апошні пакупнік — Sotheby's не раскрывае яго асобы — прапанаваў суму ў пяць з паловай разоў большую.
Гэты чырвоны швэдар з шэрагамі белых авечак і адной чорнай сярод іх Дыяна Спенсер — тады яшчэ не прынцэса, а толькі нявеста прынца Чарльза — апранала ў 1981 годзе.
Сёлета, у сакавіку, як піша Sotheby's, яго знайшлі на гарышчы і вырашылі прадаць. У выніку ён прынёс больш грошай, чым любая з рэчаў Дыяны, што выстаўляліся на аўкцыён.
Яе аўтамабіль Ford Escort летась быў прададзены за 806 тыс. даляраў.
Яе «крыж Аталы» з аметыстамі і дыяментамі ў пачатку гэтага года купіла Кім Кардаш'ян за 203 тысяч даляраў.
Прыхільнікі Дыяны, успамінаючы гэты швэдар, часта казалі, што яна насіла гэтую чорную авечку сярод белых як сімвал яе становішча ў каралеўскай сям'і. Але гісторыкі моды мяркуюць, што гэта рамантычнае перабольшанне: яна выйшла ў ім у свет за месяц да вяселля з прынцам Чарльзам.
У тую эпоху, калі яшчэ не было ні сацсетак, ні нават інтэрнэту, фатаграфіі Дыяны ў гэтым швэдры ў газетах зрабілі фантастычную рэкламу фірмы Warm and Wonderful («цёпла і цудоўна»), якая прыдумала гэты дызайн.
Неўзабаве пасля вяселля Букінгемскі палац напісаў у Warm and Wonderful, што швэдар прадзіравіўся, і яго добра б замяніць. Фірма даслала новы такі ж, і Дыяна надзявала яго ў 1983 годзе.
Sotheby's прыклалі да лота гэты ліст Букінгемскага палаца, а таксама пісьмовую падзяку за замену. Дзірачка ж на швэдры паслужыла доказам таго, што ён — той самы, першы.
Каментары