Беларуская спецдакладчыца ААН, якая «адмывае» дыктатуры ад санкцый. Хто такая Алена Доўгань
Спецдакладчыца ААН у пытаннях негатыўнага ўплыву аднабаковых прымусовых захадаў на правы чалавека перыядычна трапляе ў скандалы за спробы дапамагчы дыктатарскім рэжымам выйсці з-пад санкцый. Апошнія тры гады гэтую пасаду займае Алена Доўгань — грамадзянка Беларусі і прафесарка БДУ. Хто яна такая, піша «Белсат».
17 верасня прадстаўнікі лукашэнкаўскай Беларусі, Балівіі, Венесуэлы, Зімбабвэ, Ірана, КНДР, Кубы, Нікарагуа, Расіі, Сірыі і Эрытрэі даслалі ліст кіраўніцтву ААН з просьбаю далучыць крытыку ўведзеных супраць іх санкцый у фінальны дакумент пра мэты ўстойлівага развіцця ААН да 2030 года, прыняты падчас 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Яны заявілі, што пытанне негатыўнага ўздзеяння санкцый «экзістэнцыйнае для нашых народаў». І дадалі, што на іхнім баку — 135 краін, у тым ліку Кітай.
«Найлепшая абарона — гэта атака. Таму Лукашэнка і астатнія проста ідуць у контрнаступ. Яны хочуць рабіць дома тое, што хочуць.
І спроба мабілізавацца на Генасамблеі — гэта такі інтэрнацыянальны рух для забароны санкцый. Яны хочуць паказаць, што незадаволеных палітыкаю Захаду вельмі шмат і што надышоў час мяняць міжнародныя правілы.
Лукашэнка разлічвае, што больш краін далучыцца проста таму, што яны баяцца, што санкцыі будуць уведзеныя і супраць іх у будучыні», — заявіла ў каментары «Белсату» дырэктарка даследчага цэнтра Globsec Алена Кудзько.
На думку эксперткі, гэтая ініцыятыва стварае дадатковы публічны ціск на краіны Захаду і на меркаванні насельніцтва ў іншых краінах, «і таму Лукашэнка разлічвае, што ў доўгатэрміновай перспектыве ў яго нешта атрымаецца».
У сваім лісце прадстаўнікі дыктатур таксама заявілі, што іх падтрымліваюць «крыніцы ў ААН». Джымі Кўін з National Review мяркуе, што мелася на ўвазе Алена Доўгань — беларуская юрыстка, «якая займае пасаду эксперта ААН і рэгулярна адмывае скаргі дыктатур на санкцыі». Разгледзім яе асобу больш пільна.
Моцны, але стрыманы прафесіянал
Алена Доўгань нарадзілася ў 1979 годзе ў Магілёве. Як паведамілі «Белсату» «Кіберпартызаны», яе бацька — былы першы прарэктар Беларуска-расійскага ўніверсітэта прафесар Фёдар Лаўшэнка, муж Аляксандр Доўгань — галоўны дарадца Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў (НЦЗПД).
Брат мужа Андрэй — падпалкоўнік міліцыі і былы галоўны эксперт у Дзяржаўным экспертна-крыміналістычным цэнтры.
Згодна з афіцыйнай біяграфіяй, Доўгань у 2001 годзе скончыла факультэт міжнародных стасункаў (ФМС) БДУ, яна доктар юрыдычных навук (спецыяльнасць «міжнароднае права, еўрапейскае права»), прафесар. Брала ўдзел у шмат якіх замежных стажыраваннях у Нідэрландах, Нямеччыне, ЗША. Лаўрэатка прэзідэнцкіх стыпендый таленавітым маладым навукоўцам за 2013 і 2019 гады.
Дарэчы, менавіта з 2013-га яна выступае ў якасці эксперта на розных панэльных дыскусіях пра негатыўнае ўздзеянне санкцый.
Доўгань выкладала ў БНТУ (2001—2003) і БДУ (з 2004-га), працавала ў прадстаўніцтве ААН у Мінску (2001—2005) і ў Эканамічным судзе СНД (2006—2008). У 2016—2019 гадах — прарэктарка Міжнароднага ўніверсітэта МІПСА.
Апошнія пасады — прафесар кафедры міжнароднага права ФМС БДУ і галоўная навуковая супрацоўніца НЦЗПД, дзе працуе яе муж. Таксама ўваходзіла ў групу экспертаў пры Адміністрацыі Лукашэнкі (з 2017-га) і Міністэрстве замежных спраў (з 2018-га), узначальвала працоўную групу ў пытаннях міжнароднай і інфармацыйнай бяспекі экспертнай рады пры Радзе бяспекі Беларусі.
У размове з «Белсатам» былыя студэнты МІПСА ахарактарызавалі Доўгань станоўча.
Яе назвалі «вельмі добраю», «моцным прафесіяналам», «досыць справядлівай і строгай, але з гумарам». Яе «лічылі найлепшым выкладчыкам», і яна «не выклікала негатыву».
У МІПСА яна з’явілася падчас «нармалізацыі» ўніверсітэта. Да таго першы прарэктар і старшыня кафедры міжнароднага права Андрэй Козік (сын былога старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Леаніда Козіка) «спрабаваў на нашай кафедры ладзіць эксперыменты ў еўрапейскай адукацыі». Але пасля ягонага сыходу «шмат што памянялася»: «універ зрабіўся больш закрытым ува ўсіх сэнсах», прыйшло шмат выкладчыкаў з сілавых структур, у тым ліку падазраваны ў датычнасці да палітычных забойстваў экс-міністр унутраных спраў Юрый Сівакоў.
Менавіта Козіка і замяніла Доўгань.
І хоць сам «універ стаўся вельмі праўладным з закосам на савок, Доўгань трымала нашу кафедру ад гэтага (так здавалася)». Аднак у выказваннях пра палітыку ды актуальныя падзеі яна была «стрыманая», асабліва ў параўнанні са сваім папярэднікам, які ў 2014 годзе тлумачыў студэнтам, «чаму Крым не наш».
Рэжымы невінаватыя, вінаватыя — санкцыі
Мандат спецдакладчыка ў пытанні негатыўнага ўздзеяння аднабаковых прымусовых захадаў на ажыццяўленне правоў чалавека Рада правоў чалавека ААН заснавала 26 верасня 2014 года.
Як піша National Review, аўтарам адмысловай рэзалюцыі быў Іран, а прасоўваць яе дапамагалі Кітай, Венесуэла, Куба, Расія ды іншыя.
Першым адмысловым спавяшчальнікам стаўся алжырскі дыпламат Ідрыс Джазайры, які, паводле няўрадавай арганізацыі UN Watch, раней «асабіста ўзначальваў буйную кампанію затыкання рота назіральнікам Рады правоў чалавека».
«З моманту стварэння офіс выконваў ролю баявога сабакі, які дзейнічае ад імя гэтых рэжымаў, каб унесці перакручанае разуменне санкцый і правоў чалавека ў міжнародна-прававы лексікон», — піша Джымі Кўін.
Увесну 2020 года алжырца Джазайры замяніла беларуска Доўгань. На яе думку, менавіта санкцыі, а не палітыка дыктатарскіх рэжымаў ускладняюць на падначаленых ім тэрыторыях барацьбу з хваробамі, перашкаджаюць дастаўляць гуманітарную дапамогу ды агулам негатыўна ўплываюць на здароўе. Заступаецца яна і за тых, хто непасрэдна трапляе пад санкцыі, — сілавікоў, прапагандыстаў і іншых прадстаўнікоў рэжымаў, бо яны нібыта пазбаўленыя доступу да правасуддзя.
«Яны [санкцыі] вельмі негатыўна ўплываюць на эканоміку дзяржаў пад санкцыямі, роўна як і на правы асоб, якіх яны закранаюць. Пры гэтым трэба адзначыць, што санкцыі ўплываюць на ўвесь спектр правоў чалавека, пачынаючы ад права на жыццё, заканчваючы эканамічнымі і сацыяльнымі правамі… Разам з тым іх статус у міжнародным праве зусім не адназначны», — распавядала Доўгань у 2020 годзе ў інтэрв’ю Расійскай радзе міжнародных спраў.
Справаздачы Доўгань пра санкцыі «ўтрымліваюць шмат крытыкі ў адрас заходніх урадаў і ніякай крытыкі ў адрас аўтарытарных рэжымаў, ад імя якіх яна кажа», адзначае Кўін. Дый агулам яе заявы «надзіва падобныя» да заяў лукашэнкаўскага рэжыму.
Менавіта на пазіцыю Доўгань спасылаўся старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда 12 чэрвеня 2023 года на 111-й канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), калі галасавалі за рэзалюцыю, што прадугледжвае санкцыі супраць Менску за парушэнне правоў рабочых. Дый сама дакладчыца пісала ліст у МАП пра тое, што іх увядзенне парушыць Статут ААН. На іншай жа канферэнцыі з яе ўдзелам ФПБ ажно збіралася патрабаваць ад Еўрасаюза грошай за санкцыі.
Не Беларуссю адзінай
Рэжым Лукашэнкі, вядома, не адзіны, за каго заступаецца Доўгань.
Яшчэ ў лістападзе 2020 года яна заклікала зняць санкцыі з Катара і прасіла скасаваць абмежаванні супраць рэжыму Башара аль-Асада ў Сірыі, бо яны «могуць перашкодзіць аднаўленню цывільнай інфраструктуры», «парушыць правы чалавека сірыйскага народа» і агулам маюць вялікі негатыўны эфект «ува ўсіх сферах жыцця краіны».
У адказ адмысловы спавяшчальнік ЗША ў Сірыі Джоўэл Рэйбэрн падкрэсліў: віна за трагедыю ў Сірыі ляжыць на мясцовым урадзе, які разам з замежнымі хаўруснікамі «скідваў бомбы на шпіталі, школы, рынкі і дамы».
Што цікава, спецдакладчыца ААН, хоць і ўваходзіць у структуру вярхоўнага камісара ў пытаннях правоў чалавека, падчас сваіх візітаў сустракаецца толькі з прадстаўнікамі рэжымаў ды ігнаруе прадстаўнікоў апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя. Прынамсі, гэтак было ў Венесуэле і Зімбабвэ ў 2021 годзе ды ў Іране ў 2022-м.
Пасля візіту ў Венесуэлу Доўгань заявіла, што менавіта амерыканскія санкцыі пагоршылі эканамічны і гуманітарны крызіс у краіне. Урад Венесуэлы вітаў гэты даклад, але апазіцыя абвінаваціла яе ў гульні «на руку рэжыму» Нікаласа Мадура.
«Мы шкадуем, што дакладчыца ААН паддаецца прапагандзе і аповедам, якія вызваляюць рэжым ад яго адказнасці ў надзвычайнай гуманітарнай сітуацыі і парушэнні правоў чалавека ў краіне», — заявіў былы венесуэльскі парламентар Мігель Пісара.
«Гэтак званая спецдакладчыца з Беларусі, аднаго з найбуйнейшых у свеце парушальнікаў правоў чалавека, які таксама сутыкаецца з санкцыямі, наўрад ці ёсць сумленнаю пасярэдніцаю. Яе маршрут — нахабна аднабокі — відавочны індыкатар таго, што сцэнар ужо напісаны загадзя», — адзначаў брытанскі акадэмік з Зімбабвэ Алекс Магайса.
І быў недалёкі ад праўды: як паказаў журналіст-расследавальнік Хоўпвэл Чын’она, Доўгань проста скапіявала частку свайго даклада адносна Венесуэлы і ўставіла ў даклад пра Зімбабвэ.
Які прэйскурант?
Статус спецдакладчыка не перашкаджае Доўгань атрымліваць сродкі ад тых рэжымаў, якія яна абараняе ад санкцый. Так, у 2021 годзе ёй перавялі ад Кітая $ 200 тысяч, а таксама $ 150 тысяч ад Расіі і $ 25 тысяч ад Катара. Арганізацыя UN Watch звязвае выплату кітайскіх грошай з удзелам беларускі ў форуме, што мусіў зняпраўдзіць «паклёп» Захаду адносна парушэнняў Пекінам правоў уйгураў.
«Яны хочуць, каб яе тытул у ААН узаконіў ілжывыя і абсурдныя аповеды дыктатараў пра тое, што санкцыі супраць жорсткіх рэжымаў уяўляюць сабою парушэнне правоў чалавека», — заявіў выканаўчы дырэктар UN Watch Гілэл Ноер.
Ён параўнаў атрыманне Доўгань грошай з Кітая з тым, як бы дэпартамент паліцыі Чыкага атрымліваў субсідыі ад Аль Капонэ.
«Дзякуючы працы Доўгань ды іншых аўтарытарныя рэжымы здолелі выкарыстаць працу ААН у галіне правоў чалавека ў сваіх інтарэсах, ствараючы легітымнасць свайго кіравання ў краіне. Сумна, што гэта падрывае працу, якую праводзяць іншыя эксперты ААН у пытаннях правоў чалавека для выкрыцця зверстваў у Паўночнай Карэі, Венесуэле і, так, у Беларусі», — пісаў Кўін.
На ягоную думку, «прызначэнне чыноўнікаў з аўтарытарнымі сімпатыямі і схільнасцю да ўзаемадзеяння з медыя» сведчыць пра небяспеку таго, што гэтыя дыктатуры будуць мець яшчэ большы ўплыў у ААН.
Дэмакратычныя сілы супраць мандата Доўгань
Павел Латушка, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) у пытаннях транзіту ўлады, у каментары «Белсату» заявіў, што Доўгань не проста «асоба ангажаваная з рэжымам Лукашэнкі», а «дэ-факта служыць рэжыму Лукашэнкі».
«Цяпер яе дзейнасць на пасадзе спецдакладчыка ААН выйшла на новы ўзровень, а менавіта — арганізацыю цэлага «інтэрнацыянала» самых людаедскіх рэжымаў у іх барацьбе супраць абмежавальных захадаў, якія ўжываюць супраць гэтых дзяржаў за шматлікія парушэнні міжнароднага права і правоў чалавека», — адзначыў палітык.
Тым не менш, паводле палітыка, стварэнне такога «інтэрнацыяла» пацвярджае эфектыўнасць санкцый, што яны «працуюць».
Латушка падкрэсліў, што «ангажаваная з рэжымам Лукашэнкі асоба не можа выступаць у ролі спецдакладчыка ААН, гэта значыць асобы, якая павінна быць незалежнай ад якога-кольвек урада ці арганізацыі». Такія асобы, як Доўгань, замест таго, каб стаяць на варце абароны правоў чалавека, «дапамагаюць рознага кшталту антыдэмакратычным рэжымам іх парушаць і дыскрэдытуюць інстытут спецдакладчыка ААН».
Прадстаўнік АПК паабяцаў уздымаць пытанне «неадпаведнасці спадарыні Доўгань статусу мандата спецдакладчыка ААН».
Каментары
Спецдакладчык ад краіны дзе няма законнай ўлады.
Грошы, якія асоба атрымлівае зноў жа незаконна.
Ну і галоўнае - а дзе падаткі беларускаму народу, які так бы мовіць яна прадстаўляе?
Можа нарэшце хопіць абы каго, хто сядзіць на карку, называць беларусам?