Вавёрка з нажом не ходзіць: грыбнік расказаў пра сваё хобі і абвергнуў міф
Дзмітрыю Жалабковічу з Лагойска 38 гадоў, а прафесія ў яго — выратавальнік. Але яго добра ведаюць і ў супольнасцях беларускіх грыбнікоў. У яго свой ютуб-канал, прысвечаны гэтаму хобі. Дзмітрый ведае пра грыбы шмат, і сваімі ўраджаямі можа здзівіць нават спрактыкаваных калег па хобі, піша «Ганцавіцкі час».
— Дзмітрый, вы вельмі вядомы ў колах грыбнікоў. У вас свой ютуб-канал «Дзённік грыбніка», на якім вы дзеліцеся досведам. Раскажыце, адкуль у вас захапленне грыбамі і чаму менавіта гэта хобі выбралі для сябе?
— Вядомым я сябе не лічу, звычайны чалавек, як і ўсе. Маё хобі — не толькі грыбы. Я люблю ўсё, што звязана з прыродай. Збіраю і грыбы, і ягады. Збіраю розныя травы і раблю гарбату. Захапляюся рыбалкай, паляваннем.
Гэта ўсё прыйшло з дзяцінства. Пачынаў з рыбалкі, старэйшым стаў хадзіць у лес. Школьнікам на вакацыях, бывала, нават па некалькі разоў на дзень хадзіў у лес збіраць грыбы. Мне гэта падабаецца. Мэта нават не назбіраць грыбоў, а сам працэс.
Нават у сезон, калі грыбоў няма, я ўсё роўна выязджаю ў лес пабыць на прыродзе. Я лічу ўдалым любы паход у лес, таму што набываю новы досвед, разведваю месцы.
З аднаго боку, гэта хобі, а з другога — лад жыцця. Калі прыходзіш у лес, нейкія жыццёвыя клопаты адыходзяць на другі план, і галава адпачывае ад усяго.
— Можаце падзяліцца, якія грыбныя тэндэнцыі ў гэтым годзе адзначылі, як праходзіць сезон цяпер? Можа, у параўнанні з мінулымі гадамі.
— Пачынаўся гэты сезон вельмі добра. Па традыцыі адкрыў яго зборам вясновых грыбоў — смаржкоў. Вельмі добра раслі, ураджаі былі проста грандыёзныя.
Далей сезон пайшоў не па плане, было вельмі засушлівае лета, грыбоў амаль не было. Але ў жніўні ўжо дождж прайшоў і быў вялікі ўраджай падасінавікаў. У маіх месцах, калі шчыра, я нават не памятаю, каб такі быў ураджай менавіта гэтых грыбоў.
У параўнанні з мінулымі сезонамі гэты трохі лепшы. Не скажу, што грандыёзны, але лепшы, чым летась. Мінулы год быў правальны, не было грыбоў наогул. У маіх месцах яны з'явіліся толькі ў кастрычніку.
— А чаго чакаць грыбнікам яшчэ ў гэтым годзе?
— На гэты момант (другая палова верасня) нейкія ападкі пачаліся. Я думаю, будзе добры выхад грыбоў. Справа часу, крыху пачакаць засталося. А так, прагнозы якія-небудзь строіць вельмі складана. Усё залежыць ад прыроды, надвор'я, ападкаў.
Хоць бывае і такое, што грыбы растуць і ў засуху. Але трэба мець досвед у зборы такіх грыбоў. Гэта значыць ведаць асаблівасці, калі і дзе грыб расце ў засуху. Шукаць месцы, дзе максімальны цень, нізінкі, канаўкі, прыбалотныя месцы. Дзе захоўваецца нейкая вільгаць нават у засуху.
Многае залежыць і ад рэгіёнаў. У розных абласцях сітуацыя можа адрознівацца. Дзесьці засуха, а дзесьці ідуць дажджы. Вось цяпер у нас, у Мінскай вобласці, дожджыкі пачалі паліваць. Робім выснову, што грыбы будуць.
— Раскажыце пра свае рэкорды, незвычайныя знаходкі, а таксама пра тое, якія грыбы ў вас любімыя?
У гэтым годзе ў мяне быў сабраны рэкордны ўраджай падасінавікаў. Тры кошыкі за адзін паход збіраў. Пры жаданні можна было б і больш. Вельмі запамінальны грыбны паход гэта быў. Гэта значыць, столькі падасінавікаў я ніколі не збіраў. Гэты год — год падасінавіка.
Не магу сказаць, якія любімыя грыбы. Падабаюцца ўсе ядомыя. Ад вясновых смаржкоў, першых майскіх маслякоў і гэтак далей. Усім грыбам радуешся. Натуральна, баравікі больш за ўсіх, напэўна, чакаеш.
— У якіх рэгіёнах больш за ўсё любіце збіраць грыбы?
Я збіраю грыбы ў Лагойскім раёне, езджу туды ў асноўным. Часам у суседні Смалявіцкі зазіраю. Але кудысьці далёка, у іншыя вобласці не езджу. Хапае сваіх лясоў, неабходнасці няма.
Хоць часам бывае, што ў іншай вобласці грыбоў шмат, а ў нас няма. Але я ўсё адно не еду, не лічу мэтазгодным ехаць 300 кіламетраў дзеля кошыка грыбоў.
— Ці прыносяць грыбы, акрамя задавальнення, прыбытак? Ці можна на гэтым зарабіць?
Мэты атрымання прыбытку ад грыбоў я не стаўлю. Хоць часам, бывае, здаю грыбы, калі іх шмат. Калі дастатковую колькасць для сябе ўжо нарыхтаваў, а ў лес хочацца. Тады чаму б і не прадаць на рынку ці не здаць скупшчыкам тыя ж лісічкі?
А калі хтосьці захоча паставіць мэту зарабіць на грыбах — то гэта магчыма. Зарабіць можна нядрэнна. Многія людзі сем'ямі выязджаюць у лес, збіраюць лісічкі і здаюць іх.
— Традыцыйнае пытанне для грыбных экспертаў — зразаць ці выкручваць?
— Абсалютна ніякай розніцы няма. Як зручна, так гэта можна і рабіць. Хочаце — зразайце, хочаце — выкручвайце. На далейшы рост грыбоў гэта ніяк не ўплывае. Грыб — гэта грыбніца, якая знаходзіцца глыбока пад зямлёй. Яна можа дасягаць велізарных памераў, разыходзіцца на дзясяткі і нават сотні метраў. Гэта грыб і ёсць.
А тое, што мы збіраем, — гэта пладовае цела, якое грыб выдае. Спосаб збору на грыбніцу не ўплывае. Гэта ўсё міф і падман, што трэба абавязкова зразаць грыбы, таму што там нешта псуецца, і не будуць яны расці. Гэта навукова даказаны факт.
Калі лагічна паразважаць: што такое нож? Гэта прылада працы, створаная чалавекам. А грыбы на планеце Зямля з'явіліся задоўга да таго, як з'явіўся чалавек. Адпаведна, ні на якое зразанне ў прыродзе грыбы не разлічаныя. Вавёркі грыбы ядуць, але яны ж з нажамі не ходзяць.
Адкуль гэты падман узяўся? Раней пра грыбы менш ведалі. Іх адносілі да царства раслін, з тых часоў і з'явіўся міф, што іх трэба зразаць. Ужо пазней іх вылучылі ў асобнае царства грыбоў. Правялі даследаванні і даказалі, што можна збіраць як хочаш.
— Вашы парады для пачаткоўцаў грыбнікоў. Што ім важна ведаць?
— Трэба вывучыць, як арыентавацца ў лесе, каб не заблукаць. Першыя паездкі ў лес — недалёка ад машыны адыходзіць. Прытрымлівацца арыенціраў, як, напрыклад, дарогі. Бярыце з сабой зараджаны тэлефон, ваду. Апранайцеся адпаведна надвор'ю.
Грыбоў вялікае мноства. Акрамя ядомых, ёсць і атрутныя. Таму трэба іх вывучаць, чытаць літаратуру, ведаць, як выглядаюць атрутныя.
У мяне аднойчы быў выпадак, сустрэў у лесе жанчыну з кошыкам. Падышоў да яе, разгаварыліся, гляджу, нейкія ў яе дзіўныя грыбы ляжаць. Аказалася, гэта белыя паганкі. Ледзь пераканаў яе выкінуць, яна думала, што гэта зялёныя сыраежкі. Чаму яна так вырашыла? Пры дапамозе нейкай праграмы ў тэлефоне.
Парада пачаткоўцам — не карыстайцеся ніякімі праграмамі, каб вызначыць грыбы! Таму што яны вызначаюць грыб вельмі ўмоўна.
Таксама трэба пастаянна знаходзіцца ў пошуках новых месцаў. Паступова назапасяцца свае. Але яны напрацоўваюцца гадамі і сотнямі кіламетраў.
— Чаму вы вырашылі завесці свой ютуб-канал, прысвечаны грыбам?
— Захацелася паспрабаваць. Ёсць каналы, якія сам гляджу. Гэта такі творчы працэс. Трэба думаць, як прыгожа зняць грыбы, што сказаць, як змантаваць, каб гэта ўсё было цікава гледачам. Таксама і ў астатніх сацсетках — прыгожыя фатаграфіі, якімі хочацца падзяліцца.
Другая мэта — падзяліцца з людзьмі інфармацыяй аб сітуацыі ў лесе. Я паведамляю людзям, што грыбы пайшлі. Дзялюся інфармацыяй аб пошуку тых ці іншых відаў грыбоў, як знайсці месцы. Часта людзі дзякуюць у каментарах за парады.
Мэты зарабляць на сацсетках і канале я не ставіў, таму што ў такім выпадку трэба займацца толькі гэтым. Гэта проста хобі і творчы працэс, які прыносіць задавальненне.
Што трэба ведаць пра грыбы і іх уласцівасці перад тым, як ісці з кошыкам у лес
У Бярозаўскім раёне пенсіянерка атруцілася апенькамі. Як так сталася?
Што палягчае жыццё турысту? Топ-10 мабільных праграм і сэрвісаў для паходаў і падарожжаў
«Не экзотыка, а правераны варыянт». Пра што трэба памятаць, выбіраючы дрэўцы і кусты для свайго саду
Каментары