Усяго патроху11

«Не экзотыка, а правераны варыянт». Пра што трэба памятаць, выбіраючы дрэўцы і кусты для свайго саду

Найлепшы час, каб купіць саджанцы, — канец верасня — кастрычнік, але на рынках Беларусі яшчэ тыдзень-паўтара таму разгарнуўся бойкі гандаль маладымі дрэўцамі і кустамі. Як выбраць якасныя саджанцы, каб будучы сад парадаваў пышным красаваннем і сакавітым ураджаем, а не расчараваў садоўніка-аматара, разбіралася «Звязда».

Зрэшты, аматараў сярод заўзятых дачнікаў няшмат: пакупнікоў саджанцаў адразу можна залічыць практычна да прафесійных садоўнікаў.

«Я заўсёды перад паходам па саджанцы спачатку складаю спіс раслін, якія хацеў бы набыць, — дзеліцца пенсіянер, пакупнік сталічнай Камароўкі. — Сад у мяне невялікі, і спачатку я дакладна вырашаю, дзе будзе пасаджана новае дрэўца або кусцік, знаходжу яму найлепшае месца. І ўлічваю, што я ўжо чалавек пажылы, а кожнае новае дрэўца ці кусцік запатрабуе і часу, і намаганняў».

Для дасягнення аптымальнага выніку неабходна ўважліва вызначыцца і з сортам, і з якасцю саджанца, кажа суразмоўца.

То-бок варта ўважліва прачытаць апісанне — інфармацыі сёння хапае, і знайсці яе не праблема нават пра самыя рэдкія сарты. Хоць у асноўным пакупнікі аддаюць перавагу не «экзотыцы», а правераным варыянтам, сцвярджаюць прадаўцы.

«Асабіста я кіруюся Дзяржаўным рэестрам сартоў Рэспублікі Беларусь, там ёсць пералік сартоў айчыннай селекцыі і замежных, раянаваных у нас», — кажа суразмоўца.

«Якасць любых саджанцаў павінна пацвярджацца адпаведнымі дакументамі, — распавядае прадавец Ірына. Жанчына прадае саджанцы ўласнай вытворчасці. — І пра гэтыя дакументы пакупніку абавязкова трэба пытацца. Калі іх няма, варта проста прайсці міма такіх раслін».

Яна кажа, што лепш за ўсё прыжывуцца, зразумела, тыя саджанцы, якія «нарадзіліся» і падрасталі ў гадавальніках блізу вашага зямельнага ўчастка.

«Часам можна пачуць меркаванне, што купляць саджанцы варта толькі ў гадавальніках і садовых цэнтрах, — кажа суразмоўніца. — Але цэнтральныя рынкі — таксама бяспечныя гандлёвыя аб'екты для набыцця саджанцаў пладовых дрэў і ягадных кустоў. Тут прадаўцы зацікаўленыя ў якасці пасадачнага матэрыялу не менш за пакупнікоў. Так бы мовіць, адчуваем адказнасць, бо людзі ўкладуць у гэтыя расліны сілы і надзеі. І калі надзеі не апраўдаюцца, то яны абавязкова вернуцца, каб выказаць прэтэнзіі. Але пакуль што нашы пастаянныя пакупнікі выказваюць у асноўным падзяку», — усміхаецца яна.

«Купляйце саджанцы толькі ў правераных месцах! — падкрэсліваюць прадаўцы. — Не ў пераходах, не каля аўтадарог. Там вялікі шанец натрапіць на падман: напрыклад, сорт будзе не адпавядаць заяўленаму. Плюс самі саджанцы могуць быць падсохлымі, а калі вы садоўнік-пачатковец, гэтага можаце і не заўважыць».

Але, дапусцім, саджанцы жывыя і здаровыя. І тут вас чакаюць іншыя падводныя камяні — тонкасці выбару, вядомыя дасведчаным садоўнікам і яшчэ не спасцігнутыя пачаткоўцамі.

«Якім бы прыгожым ні быў пасадачны матэрыял, перш за ўсё саджанец павінен валодаць такой якасцю, як зімаўстойлівасць, — сцвярджае Ірына. — А гэта якасць у першую чаргу вызначаецца раянаваннем. То-бок саджанцы з рэгіёнаў з мякчэйшым, чым у вас, кліматам не раскрыюць свайго патэнцыялу ў вашым садзе.

Нашы саджанцы, дарэчы, з гадавальніка пад Мінскам».

Найбольшым попытам, як запэўніваюць прадаўцы, у садаводаў сёння карыстаюцца яблынькі, грушы, вішні і слівы. У гэтым годзе ёсць вялікі попыт і на абрыкосавыя дрэўцы ды персік — клімат мяняецца, у нас становіцца цяплей…

З кустоў цікавыя пакупніку, напрыклад, бружмель, буякі, чарнаплодная рабіна.

Цэны на рынках даволі высокія: саджанцы вінаграду розных сартоў — каля 15 рублёў за штуку, яблыні і грушы — у сярэднім 25 рублёў, двухгадовы персік айчыннага сорту «Лойка» — аж 40 рублёў.

Глядзім у корань

У асартыменце — маладыя дрэўцы і кусты як з адкрытай, так і з закрытай каранёвай сістэмай. Прычым калі другія ў продажы могуць быць і не ў пасадачны сезон, то час першых хуткацечны: толькі ўвосень, ну і трохі ўвесну.

Пачнём з гэтых, «эксклюзіўных». Іх плюс — магчымасць убачыць каранёвую сістэму на свае вочы і ацаніць яе якасць.

— Калі каранёвая сістэма не аб'ёмная, саджанец лепш не купляць, — каментуе прадавец. — А калі саджанцы падмерзлі, у іх будзе лупіцца кара, а на каранях з'явяцца патаўшчэнні.

— Дык якія карані добрыя?

— Вось такія, — паказвае. — Іх шмат: і асноўных, і дробных карэньчыкаў. Яны моцныя, пругкія, прыгожыя і нават візуальна выглядаюць здаровымі. Такая каранёвая сістэма гарантуе прыжыванне дрэўца.

Агледзеўшы карані, ацэньваем ствол. Кара на ім не павінна быць патрэсканай ці зморшчанай.

І яшчэ адзін нюанс — узрост саджанца. Высокія і прыгожыя дрэўцы могуць быць занадта дарослымі, нават калі нядобрасумленны прадавец сцвярджае адваротнае. Трох– і чатырохгадовыя расліны ўжо не здольныя лёгка прыжыцца — хутчэй за ўсё, яны будуць хварэць на новым месцы. Ідэальны варыянт — дрэўца ўзростам год ці два.

Саджанец у кантэйнеры — нядрэнны варыянт, калі абраць яго правільна. Каранёвай сістэмы ў такіх дрэўцаў звычайна не відаць. І тут крытэрыі выбару іншыя (хоць што да кары і ствала, усе вышэйпералічаныя прыкметы дзейнічаюць).

Але ж у любога саджанца галоўнае — карані. Таму звяртаем увагу на грунт у кантэйнеры. Ён павінен быць шчыльным, можа быць, нават з налётам моху. І калі пацягнуць за ствол, дрэўца павінна выходзіць з ёмістасці з камяком глебы. Гэта значыць, што саджанец «сядзіць» у гаршку даўно, выдатна прыжыўся і гэта добры пасадачны матэрыял, распавялі прадаўцы.

Калі дрэўца лёгка выдзіраецца з ёмістасці, а зямля застаецца — значыць пасадзілі ў гэты гаршчок расліну нядаўна, і яе шанцы прыжыцца прыкметна падаюць.

«Кантэйнер павінен быць вялікі, — дадае Ірына. — Чым большая ёмістасць, тым больш шырокая каранёвая сістэма».

Калі казаць пра пасадачны матэрыял ягадных кустоў, асноўным крытэрыем выбару таксама выступае каранёвая сістэма — яна павінна быць вельмі разгалінаванай і доўгай — не менш за 15 см. Маладыя кусцікі павінны мець не адзін-два, а некалькі шкілетных адраўнелых парасткаў з гладкай і прыгожай карой без пашкоджанняў, расказалі прадаўцы.

«Ідэальныя для восеньскай пасадкі з кустоў —гэта маліны, агрэст, бружмель і любыя віды парэчак, — дзеліцца дачніца Таццяна. — А з пладовых дрэўцаў — марозаўстойлівыя сарты яблынь і груш».

З пункту гледжання навукі

— Цяпер купляць пасадачны матэрыял пладовых дрэў яшчэ ранавата, саджанцы працягваюць расці, верхавінная пупышка ў многіх яшчэ не сфармавалася, — адзначае загадчык аддзела гадавальнікаводства РУП «Інстытут пладаводства» кандыдат сельскагаспадарчых навук Васіль Ляўшуноў. — Лепш рабіць такія пакупкі бліжэй да канца верасня. Тэрміны восеньскай пасадкі пачынаюцца з канца верасня і завяршаюцца прыкладна за два тыдні да наступлення ўстойлівага прамярзання глебы, а гэта ўвесь кастрычнік і частка лістапада.

— Васіль Аляксандравіч, як правільна выбраць саджанцы?

— Пачнём з саджанцаў з закрытай каранёвай сістэмай. Крытэрый, што такія саджанцы добра перанясуць перасадку, — той, што каранёвая сістэма цалкам асвоіла аб'ём кантэйнера: карані аплятаюць камяк субстрату.

Перад пакупкай варта папрасіць прадаўца паспрабаваць дастаць саджанец з кантэйнера. Калі вы ўбачыце, што камяк не рассыпаецца, то карані добра аплятаюць яго, саджанец доўгі час рос і развіваўся ў гэтым кантэйнеры і прыжывецца на новым месцы.

Калі ж дрэўца лёгка выдзіраецца, субстрат рассыпаецца, а каранёвая сістэма застаецца практычна «голай», у кантэйнер саджанец быў пасаджаны нядаўна і яшчэ не адаптаваўся. Ад такой пакупкі варта ўстрымацца.

— Саджанцы з закрытай каранёвай сістэмай, набытыя цяпер, можна пасадзіць і вясной?

— Калі вы набылі якасныя саджанцы, то так. На зімовае захоўванне саджанцы з закрытай каранёвай сістэмай закладаюцца пры тэмпературы 0 плюс—мінус 2 градусы ў падвальныя памяшканні з высокай вільготнасцю (больш за 90%).

Можна захоўваць на працягу зімы і саджанцы з адкрытай каранёвай сістэмай: іх прыкопваюць у адкрытым грунце, у нахільным становішчы, уцяпляюць пілавіннем і лапнікам, зімой праводзяць меры барацьбы супраць грызуноў. Вясновая пасадка аптымальная для костачкавых культур, але так як асартымент сартоў костачкавых (вішні, чарэшні, слівы, алычы, абрыкоса і персіка) увесну меншы, чым увосень, садаводы набываюць іх у верасні—кастрычніку і захоўваюць да вясны.

Хоць костачкавыя высаджваюць і ўвосень, прытым даволі паспяхова. Яблыні і грушы высаджваюць як увосень, так і ўвесну. Плюс восеньскай пасадкі ў тым, што садоўнік мае больш працяглы час, а вясновыя тэрміны пасадкі пладовых дрэў кароткія.

— Як выбраць саджанцы з адкрытай каранёвай сістэмай?

— Звяртаем увагу на карані і знешні выгляд раслін. Кара не павінна быць зморшчанай — гэта прыкмета таго, што саджанцы падсохлыя. Таксама на кары не павінна быць апёкаў, механічных пашкоджанняў.

Саджанец павінен быць роўны. Зразумела, што ў месцы прышчэпкі будзе патаўшчэнне, але ў расліны не павінна мець моцнага скрыўлення.

Каранёвая сістэма павінна быць разгалінаванай, без цвілі. Папрасіце прадаўца сагнуць адзін карэньчык. Калі ён гнецца, але не ламаецца — карані жывыя. Калі ламаецца — карані падсушаныя.

— На што звярнуць увагу ў пытанні прышчэпы?

— Прышчэпы, на якіх рэкамендуецца вытворчасць саджанцаў, адрозніваюцца адаптаванымі ўласцівасцямі, прыдатнымі для нашай краіны, — гэта, у прыватнасці, зіма– і марозаўстойлівасць. Калі саджанцы вырабленыя на раянаваных прышчэпах, то яны прайшлі выпрабаванні і характарызуюцца станоўчымі якасцямі.

Аб тым, якая прышчэпа, інфармацыя змяшчаецца ў дакументах на саджанцы. Гэтыя дакументы, паўтаруся, павінны мець прадаўцы пасадачнага матэрыялу. Дачнікам аптымальна выбіраць падвоі для яблыні 54-118, 62-396, ММ-106, М-9; для грушы — груша дзікая лясная (насенны падвой), а з клонавых — ВА-29 і С1.

— Важны крытэрый выбару саджанца — яго вышыня…

— Так, вышыня дакладна вызначаная ў кожнай групы саджанцаў. Для аднагадовага саджанца яблыні мінімальная вышыня — 90—100 см, для грушы — каля 110—120 см. У двухгадовых саджанцаў абедзвюх культур павінен быць сфарміраваны штамб, расліна павінна мець бакавыя парасткі. Якасны аднагадовы саджанец вішні мае вышыню надземнай часткі парадку 100 см, чарэшні — 120 см, абрыкоса — каля 110 см.

— Садоўніку-аматару лепш выбіраць аднагадовыя ці двухгадовыя саджанцы?

— Існуе меркаванне, што чым саджанец маладзейшы, тым лягчэй ён прыжываецца. Але двухгадовы саджанец у перспектыве пацешыць вас ураджаем раней за аднагадовы. І калі гэта якасны саджанец з добрай каранёвай сістэмай, дапушчальна аддаць перавагу двухгодкам.

— Што сёння ў модзе ў садаводаў-аматараў?

— Абрыкос і персік. Гэта тыя дзве культуры, на якія апошнія некалькі гадоў стала больш попыту. Іх лепш высаджваць увесну, захоўваючы пасадачны матэрыял на працягу зімы. Некалькі гадоў таму ў нас не было ніводнага сорту персіка, але сёлета раянаваны першы сорт беларускай селекцыі «Лойка». І людзі ўжо мэтанакіравана тэлефануюць, цікавяцца, жадаюць купіць саджанцы. Попытам карыстаецца і чарэшня. З кустоў у модзе буякі, а таксама бружмель — самыя першыя ягады, якія спеюць раней за суніцы.

— Якія сарты яблынь і груш лепш выбіраць?

— Напачатку садоўнік павінен вызначыцца, чаго ён жадаў бы зыходзячы са сваіх запатрабаванняў. Для сям'і патрэбныя і сарты летніх тэрмінаў паспявання, і восеньскіх, і, зразумела, зімовых, якія будуць доўга захоўвацца. У гэтым выпадку летніх сартоў павінна быць працэнтаў 15—20, а аснову складуць восеньскія і зімовыя.

Іншы варыянт: дапусцім, захоўваць ураджай няма дзе. У гэтым выпадку сартавы склад змяняецца ў бок прыярытэту летняга і восеньскага тэрміну паспявання.

Вызначыўшыся з гэтым пытаннем, выбіраем сарты ў Дзяржаўным рэестры. Гэта афіцыйны дакумент, дзе па абласцях пералічаныя раянаваныя сарты. Заўважу, што, апроч айчынных, там прысутнічаюць і сарты заходняй селекцыі, але толькі тыя, якія добра паказалі сябе ў беларускіх умовах.

— На якія айчынныя сарты садоўнікам-аматарам варта звярнуць увагу?

— Па яблыні з ранніх — гэта сорт «Ранак», таксама з навінак можна звярнуць увагу на сарты «Крапач», «Паланэз». Гаворачы пра грушы, не магу не згадаць сорт «Проста Марыя» — гэты восеньскі сорт ужо стаў брэндам.

З ранніх сартоў ігрушы выдатны ўраджай гарантуе «Кудесница», добры гатунак — «Завея», зімовага тэрміну спажывання. Персік вядома, «Лойка», абрыкос — новы сорт «Дэбют», а таксама больш вядомы сорт «Спадчына». Сарты абрыкоса «Камея» і «Лявон» цяпер на дзяржвыпрабаванні. Таксама на выпрабаванні — чарэшня «Беліца» з жоўтымі пладамі.

Гэта інфармацыя дачнікам на перспектыву. А з таго, што ўжо занесена ў рэестр, выбар чарэшні вялікі: напрыклад, з апошніх распрацовак — вельмі добрыя сарты «Марыя» і «Мінчанка».

У канцы верасня на тэрыторыі Інстытута пладаводства таксама разгортваецца сезонны продаж саджанцаў. І, дарэчы, апроч гарантаванай якасці, пакупнік можа сэканоміць.

Саджанцы абрыкоса і персіка тут абыдуцца ў 25 рублёў (супраць 40 рублёў на Камароўцы), пасадачны матэрыял іншых пладовых культур — ад 11 рублёў. За пасадачны матэрыял буякоў прыйдзецца выкласці каля 12—15 рублёў, а ў цэлым цэны на саджанцы ягадных кустоў тут стартуюць з 4,5—5 рублёў.

Чытайце таксама:

Наспеў час збору сліў. Чым яны карысныя, а каму іх нельга

Лета ў слоіку. Колькі сёлета трэба выдаткаваць, каб паставіць закаткі?

«Насмажыць з бульбачкай — і можна ў добрай кампаніі да раніцы сядзець». Што цяпер з выбарам грыбоў на мінскай Камароўцы?

Каментары1

  • Žvir
    08.09.2023
    Aha, u džynsach, bielych palčatkach, i takoha ž kolieru pižonskich škarpetkach, my sadžajem dreŭcy ŭ sadzie. Sama saaadzik ja sadzila, ech! sama buuudu ŭbirać, ech!...:))

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуськалій падаў у суд на літоўскія ўлады з-за санкцый3

Лідарам па спажыванні трафіку ў Беларусі з'яўляецца чацвер4

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы45

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

Устанавілі тарыфы на платны прыём дактарамі3

«Будзе двоеўладдзе: Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат». Якія перспектывы пратэстаў у Грузіі3

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →