Усяго патроху

Мёд, балоты і дубы. Дзе і як адпачыць на Палессі восенню?

Лета скончылася, а экатурызм працягвае набіраць абароты. Так лічыць Вольга Харытановіч. Яна нарадзілася ў Мінску, тут жа стала лекарам-ветэрынарам. Аднак вось ужо некалькі гадоў жыве на Палессі і працуе гідам у Нацыянальным парку «Прыпяцкі». Чым турыстам заняцца восенню ў парку і блізкіх месцах? Як паводзіць сябе пры сустрэчы з ваўком або дзіком? Вольга дзеліцца з Myfin.by сваім топам забаў і парадамі па бяспецы.

На самай справе для мяне лета — больш сумная пара. Жывёлы ў спякоту адседжваюцца ў лесе, прырода днём не хоча размаўляць. Ды і сам чалавек не гарыць жаданнем адыходзіць далёка ад вады.

З пункту гледжання экатурызму, вясна і восень — самы цікавы час. Восеньскае падарожжа на прыроду адрозніваецца па фарбах. Прырода радуе буяннем цёплых адценняў. Да таго ж, каб сустрэць незвычайны залацісты світанак, не трэба ўставаць вельмі рана. А вось што можна паглядзець і паспрабаваць падчас лістапада ў нашых месцах.

Шпацыр па пойменных дубровах

Самае простае, што можна зрабіць, — прыехаць і палюбавацца восеньскімі фарбамі Прыпяцкага нацыянальнага парку. Тут знаходзяцца пойменныя лугі з унікальным комплексам дуброў, па маштабе якому няма аналагаў ні ў Беларусі, ні ў Еўропе.

Дубы пазней за ўсіх апранаюцца ў лесе і пазней за ўсіх скідаюць лістоту. Трапіць сюды вясной можна хіба што ў балотных (рыбацкіх) ботах, таму што мясцовасць падтапляецца. На некаторых тэрыторыях вада падымаецца вышэй за чалавечы рост.

За лета пойма падсыхае. А ўвосень тут можна шпацыраваць самастойна па сцежках альбо праехацца на ровары (прывезці свой або ўзяць у пракат на базе адпачынку «Хлупінская Буда»).

Непасрэдна ў саму дуброву дазваляецца хадзіць толькі з гідам. Самастойны ўваход забаронены. Па-першае, усё ж такі гэта запаведная зона. Па-другое, вялікі шанец заблудзіцца.

Кожны год Нацыянальны парк праводзіць восеньскі фотаконкурс-фотасафары «Дзікае Палессе». У гэтым годзе ён будзе праходзіць 30 верасня — 8 кастрычніка. У гэты час можна наведаць парк і даслаць фатаграфію са свайго падарожжа. Аўтар найлепшай працы атрымае каштоўны прыз.

Кошт: можна наведаць самастойна, з гідам — ад 100 руб., арэнда ровара — 5 руб./гадзіну, жыццё на базе адпачынку «Хлупінская Буда» ад 19 да 25 руб./чал.

Паслухаць, як равуць алені

З канца жніўня ў аленяў пачынаецца перыяд шлюбных гульняў (гон). Алені «равуць» — выдаюць моцныя гукі, якія разносяцца на кіламетры па акрузе.

Фота: npp.by

Калі верасень гарачы, як у гэтым годзе, то гон доўжыцца да сярэдзіны кастрычніка. Турысты, якія спыняюцца на ноч на базе адпачынку ў «Хлупінской Будзе», чуюць, як алені равуць, з усіх бакоў.

А яшчэ ў парку можна замовіць сезонную экскурсію «У краі равучых аленяў». Турыстаў адводзяць на назіральную вышку, дзе яны чуюць равенне і разглядаюць турніры аленяў у біноклі. Больш ніхто ў Беларусі не паказвае турыстам такое відовішча. За ровам аленяў адназначна да нас.

Кошт: самастойна або экскурсія — 50 руб./чал.

Паназіраць за жывёламі перад замаразкамі

Позняй восенню з дрэў ападае лістота і звяры становяцца добра прыкметнымі. Да гэтага часу ласі і алені становяцца больш спакойнымі, чым ранняй восенню. Выдатны час, каб паназіраць за жывёламі ў іх натуральным асяроддзі пражывання.

Найлепш рабіць гэта ў світальныя і перадзаходнія гадзіны, калі буйныя звяры выходзяць у палі пакарміцца. Зубры часта шпацыруюць па палях за вёскай Азяраны, а казулі і алені — каля вёскі Перароў.

Ваўкі і рысі ў нас таксама водзяцца, але ўбачыць іх атрымліваецца вельмі рэдка. Я, напрыклад, часта чую раніцамі, як крычыць рысь, бачыла шмат слядоў, але яшчэ ні разу не сустракалася з гэтай вельмі асцярожнай жывёлай. Рык рысі падобны на хрыплы крык і толькі ў самым канцы ператвараецца ў нейкае «недамяў».

Мядзведзяў у нас не было. Іх знішчылі даўным-даўно. Аднак днямі адзін прыйшоў.

Кошт: паездку трэба арганізоўваць самастойна.

Прыпяцкія балоты

Самыя знакамітыя і раскручаныя беларускія балоты — Ельня і Альманскія. Аднак убачыць палескія верхавыя і пераходныя балоты таксама цікава.

Фота: npp.by

Наша фішка — раскіданыя сярод балот пясчаныя выдмы.

У балоты можна трапіць толькі з экскурсійным турам альбо індывідуальным гідам. Мне здаецца, што ў такія месцы трэба абавязкова хадзіць з дасведчаным чалавекам, хто займальна раскажа пра насельнікаў і расліннасці балот. Экскурсіі на балоты праводзяцца аж да самых замаразкаў.

Кошт: экскурсія або з гідам (група ад двух чалавек) — 50 рублёў/чал. (уключаючы арэнду гумовых ботаў).

Сплаў па Сцвізе

Сцвіга — адна з самых прыгожых рэк Палесся. Увосень пейзажы асабліва дзівяць — жоўта-чырвоныя дубы, хвоі, бярозы, абрывістыя берагі, водмелі. Улетку рака часта перасыхае, але гэтай восенню ўзровень вады прымальны для сплаваў.

Кошт: экскурсія (маршрут у 13 км) — 70 рублёў. У кошт уваходзіць арэнда байдаркі з поўным рыштункам і суправаджэнне групы інструктарам.

Мядовыя традыцыі

Бортніцтва Беларусі — старажытная традыцыя, якая ўвайшла ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. Бортнікі збіраюць мёд усяго адзін раз у год — восенню. Борцевы мёд выспявае шмат месяцаў, перш чым яго збяруць. Смак надзвычайны! Ні разу ў жыцці не ела нічога смачнейшага за такі мёд.

Фота: npp.by

Сезонная экскурсія «Мядовыя традыцыі» знаёміць турыстаў з гэтым старажытным заняткам. Гэта ўнікальная магчымасць пабываць у майстэрні бортніка, убачыць, як робяць борці, пагаварыць з мясцовымі жыхарамі, паспрабаваць мёд і, вядома ж, паглядзець, як мёд збіраецца з борцяў.

Палескае золата бывае розных гатункаў — балотны, лугавы, лясны мёд.

Кошт: экскурсія — 70 руб./чал.

Кальцаванне птушак

У лістападзе, калі птушкі разлятаюцца ў цёплыя краіны, мы ставім сеткі на тых, хто зімуе і глядзім, хто ў іх трапіўся. Птушак кальцуюць — надзяваюць на лапку кольца з нумарам. З дапамогай кальцавання арнітолагі вывучаюць дзікіх птушак і экасістэму.

Фота: npp.by

У гэты час людзі могуць блізка паглядзець на птушак і пачуць апавяданні пра іх жыццё. Дату кальцавання трэба пазнаваць у Нацыянальным парку, яна становіцца вядомая бліжэй да лістапада.

Кошт: на запыт

Палескае гастранамічнае падарожжа

На тэрыторыі парку «Прыпяцкі» размешчаныя рэстараны і кавярні, у якіх можна пакаштаваць мясцовыя стравы з дзічыны — аленіны і ласяціны, а таксама самаробны сыр і настойкі — журавінка, крамбамбуля, хрэнавуха.

Фота з архіва Вольгі Харытановіч

Па дарозе ў Нацыянальны парк «Прыпяцкі»

Вольга раіць наведаць наступныя месцы.

Заехаць на аглядную экскурсію ў старажытны горад Тураў і прайсціся па экалагічнай сцежцы да «Цар-сасны» — вялізнага дрэва, якому больш за 300 гадоў.

Фота: npp.by

Наведаць Музей прыроды і «Сафары-парк» у вёсцы Ляскавічы. У гэтым велізарным вальеры на 1800 га жывуць лані, казулі, алені, дзікі і многія іншыя жывёлы. Пабываць на пляцоўках, прысвечаных паганскім багам і казачным персанажам. «Сафары-парк» працуе цэлы год.

Паглядзець на экспанаты ў краязнаўчым музеі народнага майстра Івана Супрунчыка ў вёсцы Цераблічы. У музеі сабрана больш за тысячу прадметаў побыту навакольных вёсак. Музей асабліва цікава наведваць з самім майстрам. Яго займальныя апавяданні нікога не пакінуць абыякавым да ўласнай культуры і гісторыі.

Бяспека пры сустрэчах з жывёламі

Нармальныя адэкватныя людзі на ўзроўні інтуіцыі ведаюць, што выкідаць смецце ў лесе цалкам непрымальна.

Хочацца таксама папрасіць турыстаў не сыходзіць без гіда з дарог, сцежак, сцяжынак. У Нацыянальным парку шмат ахоўных раслін-«чырвонакніжнікаў». Сыходзячы з сцяжынак, людзі мімаволі могуць пашкодзіць рэдкія віды.

З сабой таксама нічога выносіць не трэба. Таму што бываюць такія гісторыі, што людзі з'язджаюць з цэлымі букетамі. Трэба разумець, што ў лесе вы госці, і паважліва ставіцца да дзікай прыроды.

Фота: npp.by

А вось пашумець можна і нават трэба, калі не плануеце сустрэчу з жывёламі. Калі звер чуе чалавека, то ніколі не нападзе, а аддасць перавагу ўцёкам ад яго. Напады жывёл вельмі рэдкія і здараюцца, калі чалавек бязгучна падыходзіць да звера.

Менавіта так я сустрэлася са статкам дзікоў. Ціхенька выйшла на паляну і ўбачыла карціну — свіння з парасятамі валяюцца ў гразі, грэюцца на сонейку. Паміж намі было прыкладна 15 метраў.

Убачыўшы мяне, жывёлы з дзікім віскам паскакалі наўцёкі, але галоўная самка засталася і яшчэ доўга глядзела на мяне ацэньвальным позіркам. Потым чмыхнула, развярнулася і ўцякла.

У падобных умовах адбылася і сустрэча з ваўком. У мой бок дзьмуў вецер. Плюс наперадзе была насыпана горка зямлі. Я чула храбусценне галінак і думала, што за перашкодай лось. Стала шумець, каб не спалохаць жывёліну. Але вецер і горка рассейвалі гук. І раптам замест лася на горку выскоквае воўк. Ён сам, бедненькі, асалапеў, калі мяне ўбачыў. Мы адзін на аднаго паглядзелі, ён развярнуўся ў скачку і, хрыбушчачы галінкамі, памчаўся прэч, толькі яго і бачылі.

Таму, каб пазбегнуць раптоўных сустрэч, у лесе трэба пазначыць сваю прысутнасць — шастаць, размаўляць. Жывёлы выдатна счытваюць турыстаў па гуках і пахах.

Калі ўжо сустрэча з дзікім зверам адбылася, то самае галоўнае правіла — не бегчы. Можа, пра гэта і казаць не варта, таму што вы замраце, нават калі і вельмі захочацца бегчы. Так працуе мозг. Замерці — гэта першая рэакцыя, якая спрацоўвае і ў жывёліны, і ў чалавека. Далей ідзе рэакцыя «бі» або «бяжы».

Ацаніце сітуацыю. Калі жывёліна агрэсіўная і ідзе на вас, хоць вы нічым ёй не пагражаеце, то ваша задача — паказаць сваю агрэсію ў адказ. Пачынайце гыркаць, шыпець, гучна крычыце, свісшчыце, калі ёсць свісток. Пагражайце жывёліне тым жа самым. Хутчэй за ўсё, звер адступіць. Калі не, то павольна рухайцеся назад, вачыма шукаючы дрэва, на якое можна залезці ў выпадку атакі.

Каментары

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы5

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Усе навіны →
Усе навіны

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

Расійская армія ажыццяўляе самае хуткае прасоўванне ва Украіне з 2022 года1

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?5

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі8

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА13

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена14

У Беластоку выклікалі «на паядынак» і збілі да страты прытомнасці 16-гадовага беларуса5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы5

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Галоўнае
Усе навіны →