Казахстан уводзіць забарону на ўезд замежнікаў, якія крытыкуюць краіну
У Казахстане ёсць рэестр замежнікаў, якія ваяўніча настроеныя супраць краіны. Але хто ў ім знаходзіцца, дакладна невядома.
«Тыя, хто ў ім знаходзіцца, не змогуць заехаць на тэрыторыю нашай краіны», — заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Казахстана Айбек Смадзіяраў, не адказаўшы, хто знаходзіцца ў спісе непажаданых асоб і колькі там людзей.
«Натуральна, мы гэты спіс вядзём. Але гэта працоўны спіс і мы яго выдаваць не будзем. Колькасць таксама не магу назваць. Закрываюцца межы, і гэты чалавек не зможа заехаць», — сказаў Смадзіяраў.
Пра гэты рэестр ён згадаў у адказ на пытанне журналіста пра расейскага эндакрынолага Іллю Магеру, які пагражае Казахстану вайной. Вядомы доктар з больш чым мільёнам падпісчыкаў апублікаваў правакацыйнае відэа на сваёй старонцы ў інстаграме.
«Вялікае прывітанне ад мяне доктару-эндакрынолагу з вялікай мільённай аўдыторыяй. Хай лепш ён людзей лечыць і займаецца сваёй прафесіяй, чым выказвае непатрэбныя рэчы. У нас з Расіяй вельмі добрыя адносіны, добрасуседскія, і мы працуем як дружалюбныя стратэгічныя дзяржавы», — дадаў Смадзіяраў.
Ілля Магера заявіў, што Расія пабудавала Казахскую акадэмію навук, прадпрыемствы, касмадром, 40 гарадоў і тысячы школ, выхавала ўсіх навукоўцаў, народных артыстаў Казахстана.
«Імперыя табе не падабаецца? Казахстан я не адрозніваю ад Расіі, усё дзяцінства там правёў. Але з-за такіх мярзотнікаў, якія разгойдваюць лодку, мы сапраўды далучымся да вайны», — адказаў расіянін на каментар адной казахстанкі.
Таксама варта зазначыць, што ў Казахстане адмянілі канцэрты гумарыста Максіма Галкіна.
Каментары