Беларус паменшыў сабе страўнік, каб скінуць вагу, і ледзь не памёр
Калі спробы скінуць вагу сканчаюцца няўдачай і дадаткова набранымі кілаграмамі, некаторыя задумваюцца пра больш радыкальны спосаб — барыятрыю, то-бок аперацыю па змяншэнні страўніка. Але магчымасці такой хірургіі не бязмежныя, калі чалавек не можа змяніць свой лад жыцця. Гісторыя 35-гадовага Руслана (імя зменена) яркі таму прыклад: ён ледзь не памёр пасля ўстаноўкі кальца на страўнік, але не з-за самой аперацыі, а з-за свайго «касяка». Мужчына расказаў сваю гісторыю выданню Tochka.by.
Важыў 140 кілаграмаў
У Руслана праблемы са шчытападобнай залозай, адсюль і лішняя вага. Але хлопец шчыра прызнаецца: паесці ён таксама любіць. І раней гэта даходзіла да крайнасцяў.
«У мяне бабуля — кухарка, яна любіць гатаваць, а я люблю паесці. Усё склалася. І на момант паступлення ва ўніверсітэт я ўжо важыў цэнтнер. Вядома, мне выпісвалі і гармоны, і рэкамендавалі схуднець, але ўсё было ніяк. Страўнік разбіўся», — кажа Руслан.
Падчас гутаркі хлопец некалькі разоў падкрэслівае: гэта цяпер ён усё разумее і цвяроза ацэньвае свой лад жыцця і харчовыя звычкі. Але тады ўсе спробы схуднець самастойна заканчваліся правалам (у тым ліку і эмацыйным, што зноў вяло да пераядання).
«Я не мог пайсці ў трэнажорку: такое адчуванне, што туды толькі і ходзяць прыгожыя накачаныя людзі, а тут я са сваімі 140 кілаграмамі. Мне было сорамна і няёмка.
Купіў велатрэнажор. Але ўсё было без толку, энтузіязм хутка заканчваўся. Я ўвесь час хацеў есці. І пачак пельменяў з маянэзам для мяне ў той час быў лёгкім перакусам», — успамінае Руслан.
Але ўсё ж ён разумеў: трэба нешта рабіць. І аперацыя па змяншэнні страўніка здавалася самым простым спосабам пазбавіцца ад ненавіснай вагі. І гадоў з дзесяць таму Руслан адважыўся на пахуданне такім спосабам. Кілаграмы сапраўды сышлі хутка, але ўсё было не так лёгка.
Аперацыя і новае жыццё
«Такую аперацыю проста так не зробяць: павінны быць паказанні і пэўная маса цела. Доктар са мной размаўляў, напэўна, каб зразумець, ці не звязаныя мае праблемы «з галавой». Месяц я вёў дзённік харчавання, прайшоў кучу абследаванняў», — распавядае Руслан.
Было тры варыянты аперацыі: рэзекцыя страўніка, устаноўка балона, які пакідае ў страўніку менш месца, і бандаж — ён дзеліць страўнік на дзве часткі, і ў чалавека хутчэй з'яўляецца пачуццё сытасці.
Руслан абраў апошні метад: балон быў часовым рашэннем, памяншэнне страўніка — занадта радыкальная мера, а бандаж хацелася «на пастаянна», каб назаўжды заставацца худым і стройным. Назаўжды не атрымалася. Але пра ўсё па парадку.
«Аперацыя была паласная, мне чамусьці нельга было правесці яе лапараскапічна, з мінімальнымі разрэзамі. Але я проста стаўлюся да такіх умяшанняў, таму не баяўся. Ведаў, што прачнуся — і ў мяне пачнецца новае жыццё», — кажа Руслан.
Аперацыя прайшла добра. Каля двух тыдняў у бальніцы, далей — строгія абмежаванні па харчаванні: маленькія дробныя порцыі, ніякіх шкодных прадуктаў, дыетычнае меню з паравымі катлеткамі. Дактары папярэдзілі: есці фастфуд і іншую некарысную ежу небяспечна.
Парушыў усе рэкамендацыі лекараў
Спачатку ўсё ішло добра: некалькі месяцаў Руслан адказна выконваў усе прадпісанні лекараў, сачыў за харчаваннем. Вага сыходзіла на вачах — радасна. Але потым захацелася «паэксперыментаваць».
«Ну люблю я паесці, так. Гэта мая праблема. Раз з'еў кавалачак піцы, паспрабаваў гамбургер — нібы нармальна ўсё. На другі раз — нешта не тое, але ўмерана. І я неяк незаўважна вярнуўся да таго, з чым змагаўся ўсё жыццё: зноў еў смачную ежу», — успамінае Руслан.
Спраўдзілася тое, пра што папярэджвалі лекары: з-за кальца-бандажа страўнік проста забіўся.
«Я не мог есці, не мог піць — млоснасць жудасная, усё лезла назад, ледзь не падаў у галодныя вобмаракі, пачаліся галюцынацыі. У такім стане я правёў амаль месяц.
Думаў, само пройдзе, ды і сорамна было, калі шчыра. Бо выдатна разумеў, праз што гэта ўсё. Вядома, цягнуць было нельга. У выніку я зноў трапіў у бальніцу да таго ж доктара: гэты «засор» мне прачысцілі», — распавядае хлопец.
Спалох пасля бальніцы быў нядоўгім: неўзабаве Руслан зноў пачаў пад'ядаць шкодную ежу. Як вынік — страўнік зноў забіўся.
«У выніку бандаж прыйшлося зняць — зноў паласная аперацыя. Доктар сказаў, што я трапіў у тыя 10-15% людзей, якія потым вяртаюцца, каб усё вярнуць як было. Гэта цалкам мой «касяк», ведаю. Не змог», — кажа Руслан.
Ён сапраўды схуднеў — са 140 кілаграмаў да 75-80. Асабліва шмат скінуў у апошнія месяцы, калі пачаліся праблемы. Зрабіў яшчэ адну аперацыю — па выдаленні лішняй скуры.
Новая вага хлопцу падабаецца.
«Я пайшоў у трэнажорку, стаў набіраць масу. Але разам з цягліцамі набіраўся яшчэ і тлушч. Потым да кучы яшчэ і «забіў» на трэніроўкі.
Цяпер мая вага — у раёне соткі. Я ўсё яшчэ незадаволены сваім целам, але цяпер худнею сам і без нейкага пастаяннага ціску і самаедства, акуратна», — дадае Руслан.
Ён падкрэслівае, што разумее ўсе свае «касякі» і праблемы, не шукае сабе апраўданняў, бо за апошнія гады без бандажа вывучыў і тэму правільнага харчавання, і спорту. Займаецца самастойна дома, шмат ходзіць пешшу, сочыць за тым, што есці (але не хавае, што здараюцца дні, калі можа купіць нешта «гэткае»).
«Не трэба думаць, што барыятрыя вырашыць вашыя праблемы. У многіх за атлусценнем крыецца куча псіхалагічных праблем, працаваць над якімі трэба ў першую чаргу. Трэба мяняць лад жыцця, а не спадзявацца на цуд», — рэзюмуе суразмоўца.
Чытайце таксама:
Больш за палову інфарктаў і інсультаў можна прадухіліць — навукоўцы
Helicobacter pylori — небяспечная бактэрыя. Якія сімптомы хвароб, якія яна выклікае
Трэнд на выдаленне тлушчу са шчок захоплівае сацыяльныя сеткі
Каментары