Дзеці могуць прапускаць у школе да пяці дзён без даведкі — Мінздароўя
Гэтая норма дзейнічае на час высокага ўздыму захворвання віруснымі інфекцыямі. Яе можа адмяніць новае рашэнне Міністэрства аховы здароўя.
Навучэнцы з прыкметамі вострых рэспіраторна-вірусных інфекцый могуць адсутнічаць на занятках без даведкі да пяці дзён. Адпаведны ліст накіравала Міністэрства аховы здароўя ў Міністэрства адукацыі, піша Office Life.
Рашэннем Мінздароўя прадугледжана, што, калі дзіця адсутнічае на занятках у дзіцячым садзе, школе, гімназіі, каледжы, універсітэце на працягу пяці дзён у сувязі з хваробай, даведку аб часовай непрацаздольнасці паказваць не трэба.
Гэтая норма дзейнічае на час высокага ўздыму захворвання віруснымі інфекцыямі. Яе можа адмяніць новае рашэнне Міністэрства аховы здароўя.
Сёлета, дарэчы, Міністэрства аховы здароўя ініцыюе замацаванне гэтай нормы ў дакументах Мінадукацыі на пастаяннай аснове — з абмежаваннямі па дапушчальнай колькасці такіх пяцідзённых пропускаў у чвэрці або семестры.
Указам Лукашэнкі №143 ад 24 красавіка 2020 года «Аб падтрымцы эканомікі» магчымасць трохі пахварэць без бальнічнага прадугледжана і для дарослых.
Дакументам рэгламентавана, што наймальнік мае права вызваляць работніка ад працы ў сувязі з яго хворым станам на тэрмін да трох каляндарных дзён без бальнічнага. Праўда, важна памятаць, што гэта права, а не абавязак наймальніка.
Каментары