Святлана Ціханоўская прызначыла Валерыя Мацкевіча на пасаду кіраўніка апарату Аб’яднанага пераходнага кабінета.
Валерый Мацкевіч — палітык і грамадскі дзеяч. У свой час быў намеснікам старшыні моладзевай арганізацыі «Малады фронт».
Мае досвед супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі і палітычнымі структурамі. Працаваў з пасольствамі ЕС і ЗША ў Мінску. Быў каардынатарам мабілізацыйных кампаній падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001, 2006, 2010 гадоў. У 2007 годзе балатаваўся ў мясцовыя Саветы дэпутатаў.
У час перадвыбарчай кампаніі 2020 года кіраваў адной са стратэгічна-аналітычных груп у аб’яднаным штабе Святланы Ціханоўскай. Адразу пасля выбараў прайшоў праз жодзінскую турму і ізалятар на Акрэсціна.
Валерый Мацкевіч пракаментаваў сваё прызначэнне:
«Перад Кабінетам як асноўным выканаўчым органам дэмакратычных сіл Беларусі стаіць вельмі адказная задача па рэалізацыі стратэгіі, якая мусіць забяспечыць набліжэнне транзіту ўлады ад злачыннага рэжыму да законнай і дэмакратычнай улады.
Кабінет фактычна ўсё больш выконвае ролю альтэрнатыўнага ўрада. І тут я кажу не толькі аб прадстаўнічай функцыі — пабудове высокаўзроўневых стасункаў на міжнародным полі, што, безумоўна, вельмі важна, але ў гэтым выпадку найперш аб распрацоўцы такіх глабальных і сацыяльна важных праектаў, як нацыянальны пашпарт ці, напрыклад, інфармацыйна-кансультацыйная служба «Адно акно».
Як кіраўнік апарату, я бачу сваёй асноўнай місіяй арганізацыю працы Кабінета як зладжанага механізма, які мае супольныя прыярытэты і адзіную мэту — незалежную дэмакратычную Беларусь без палітзняволеных і з легітымнай уладай».
Каментары