Культура

Мегазоркі будуць усюды і адразу. Як штучны інтэлект зменіць свет музыкі і кіно

Магчыма, што ў шоу-бізнэсе найбольшы профіт ад развіцця тэхналогій штучнага інтэлекту атрымаюць вядомыя людзі, якія змогуць стаць паўсюднымі.

Тэйлар Свіфт спявае падчас канцэрта свайго сусветнага турнэ Taylor Swift | The Eras Tour» на алімпійскім стадыёне Рыя-дэ-Жанэйра, 17 лістапада 2023 года. Фота: Photo by Buda Mendes/TAS23/Getty Images for TAS Rights Management

Камп'ютары цягам дзесяцігоддзяў паступова змянялі звыклыя працоўныя месцы і рынак працы ўвогуле. А сёння штучны інтэлект ужо прыходзіць у самыя нечаканыя сферы. Не стала выключэннем і мастацтва. Галівуд некалькі месяцаў не мог працаваць напоўную, пакуль студыі не пагадзіліся прапанаваць яркім зоркам абарону ад ШІ-канкурэнтаў; а Джон Ленан, «уваскрэшаны» штучным інтэлектам, апярэдзіў усіх жывых артыстаў у музычных хіт-парадах многіх краін. Выглядае, што шоу-бізнес перажывае сапраўды гістарычныя часы.

«Гэта ж ужо было»

Гэта не першы выпадак, калі тэхналогіі змяняюць правілы гульні ў цяжкай справе заваявання славы, напамінае The Economist. Пра «зорак» пачалі гаварыць у XVIII стагоддзі — пасля таго, як пашырэнне чытання дазволіла стаць па-сапраўднаму знакамітым яшчэ пры жыцці. Кіно і радыё спачатку здаваліся пагрозай для тагачасных зорак: яны перажывалі, што іх жывыя выступы будуць абясцэненыя. Аднак новыя тэхналогіі адкрылі эру «суперзорак» — тэрмін, які прыжыўся ў 1920-х гадах. 

Падобная зорная паніка назіралася і пасля вынаходніцтва тэлебачання (гэта, дарэчы, прывяло да вялікай галівудскай забастоўкі ў 1960 г.). Але і ў гэты раз новая тэхналогія зрабіла знакамітасцяў яшчэ больш знакамітымі, пераносячы іх у кожную гасціную ў кожнай хаце. Да 1960-х гадоў людзі ўжо гаварылі пра «мегазорак».

Ці ёсць цяпер прычыны для зорнай панікі

Адным з парадоксаў эпохі інтэрнэту з'яўляецца тое, што, нягледзячы на ​​вялізныя аб’ёмы самага разнастайнага кантэнту на любы густ, у выніку самыя вядомыя хіты найбуйнейшых выканаўцаў становяцца яшчэ больш папулярнымі. 

Колькасць музыкаў, якія зарабляюць на Spotify больш за 1000 даляраў у год, павялічылася больш чым удвая за апошнія шэсць гадоў; пры гэтым колькасць музыкаў, якія зарабляюць больш за 10 мільёнаў даляраў у год, павялічылася ў пяць разоў. Нягледзячы на ​​​​тое, што нават нішавы кантэнт квітнее (маюцца на ўвазе зусім экзатычныя напрамкі музыкі), Тэйлар Свіфт зараз гастралюе ці не з самым прыбытковым канцэртным турам у гісторыі музыкі. То ж пакуль церпяць менавіта артысты сярэдняга рангу.

Падобныя тэндэнцыі тычацца ўсяго забаўляльнага рынку. Штогадовая колькасць поўнаметражных фільмаў падвоілася за апошнія два дзесяцігоддзі, але найбуйнейшыя блокбастары адначасова падвоілі сваю долю ў агульным пракаце. Хваля самвыдатаўскіх кніг не паменшыла продажы зорных пісьменнікаў. Пры лішку прапановы ў гэтым вялізным акіяне разнастайнага выбару аўдыторыя больш спадзяецца на рэкамендацыі — як алгарытмічныя, так і чалавечыя — якія накіроўваюць іх да найпапулярнейшага кантэнту. ШІ ж абяцае яшчэ большы выбар і, такім чынам, яшчэ вышэйшыя пошукавыя выдаткі для аўдыторыі, якая будзе, як і раней, цягнуцца да жменькі зорак на самай вяршыні.

ШІ дасць гэтым мегазоркам магчымасць быць сапраўды паўсюднымі для сваіх фанатаў. Дубляж з дапамогай ШІ ўжо дазваляе акцёрам і падкастарам размаўляць «сваім» голасам з замежнай аўдыторыяй, але пры гэтым на іх роднай мове. Можна чакаць, што неўзабаве і відэа будзе стандартна рэдагавацца так, каб рухі вуснаў таксама адпавядалі кожнай мове. 

Запатрабаваныя акцёры таксама могуць атрымаць больш працы, таму што ШІ ліквідуе адвечную галівудскую праблему загружаных графікаў, дазваляючы зоркам выступаць разам, пры гэтым не будучы разам фізічна. А лічбавы ботакс не толькі падоўжыць тэрмін прыдатнасці акцёраў, але й верагодна дазволіць ім выступаць нават пасля смерці. Кампанія «Дысней», напрыклад, набыла правы на голас 92-гадовага Джэймса Эрла Джонса, знакамітага сваёй агучкай Дарта Вейдэра ў «Зорных войнах», каб той мог палохаць малых сваім голасам і далей.

Усё, усюды і адразу

Зоркі таксама змогуць выступаць перад фанатамі ў фарматах, якія толькі пачынаюць зараджацца. Аватары ABBA, на лонданскае шоу якіх квіткі распрадаваліся ажно сем разоў за тыдзень; чат-боты з галасамі знакамітасцяў, нядаўна запушчаныя Meta, — усё гэта гэта толькі пачатак.

Усе гэтыя новыя магчымасці прыходзяць з пэўнымі ўмовамі. Мастакі маюць рацыю, калі турбуюцца аб аўтарскіх правах. Але і ў мінулым з прыходам новых тэхналогій рашэнні знаходзіліся: друкарскі станок прывёў да першых законаў аб аўтарскім праве ў XVIII стагоддзі; у 1960-я гады правілы выплаты роялці карэктаваліся, каб кампенсаваць акцёрам вялікага экрана паказ прац з іх удзелам па тэлебачанні; а стрымінгавыя кампаніі навучыліся дамаўляцца з гуказапісвальнымі кампаніямі і непасрэдна артыстамі. Як будуць вырашацца пытанні аўтарскіх правоў у эру ШІ, пакуль не да канца зразумела, але першыя крокі па ўрэгуляванні гэтых пытанняў ужо робяцца.

Не менш важным выглядае пытанне аб тым, наколькі новая эра спадабаецца спажыўцам. Мажлівая рызыка тут — звычайная нуда. ШІ бліскуча спраўляецца з рэміксаваннем і пераробкай старога матэрыялу, але горш пачувае сябе ў стварэнні нечага асаблівага, што прыносіць адчуванне мурашак на скуры. Здаецца, апошняе пакуль яшчэ пад сілу толькі чалавеку. 

Тым часам ад развіцця ШІ могуць выйграць відавочна і кінастудыі, і гуказапісвальныя кампаніі, і іншыя пасрэднікі, якія звязаны з мастацтвам і звычайна аддаюць перавагу мінімізацыі фінансавых рызык, прытрымліваючыся правераных часам ідэй. Галівуд ужо аддае перавагу франшызам, а не новым творам, што можна пабачыць па вялікай колькасці сіквелаў і перазагрузак старых твораў у пракаце.

ШІ дазволіць студыям прымяняць той жа прынцып да акцёраў. Можна ўявіць, як «амалоджаны» Люк Скайуокер выконвае галоўную ролю ў апошнім спін-офе «Зорных войнаў» студыі «Дысней». Пакуль такая хітрасць выклікае ў гледачоў захапленне, але спажыўцам можа гэта надакучыць задоўга да выхаду «Фарсажу-94».

Тым не менш, рынак забаў у вялікай ступені ўяўляе сабой самарэгуляваную з’яву. Спажыўцы валодаюць сілай у адно імгненне ператварыць гарачы прадукт у нікому не цікавы, пра што зоркі вельмі добра ведаюць. І нават па меры таго, як колькасць забаваў на базе ШІ расце, спажыўцам, здаецца, усё яшчэ падабаецца чалавечая драма. Так, каштоўнасць спорту — напэўна, самага абароненага ад штучнага інтэлекту відовішча — у апошнія гады моцна ўзрасла для медыякампаній (між тым, ніхто не глядзіць, напрыклад, спаборніцтвы па камп'ютарных шахматах, хоць лепшыя ШІ-гульцы могуць перамагчы любога чалавека). 

Больш за тое, верагодна, ШІ паспрыяе яшчэ большаму паглыбленню нішавасці, робячы кантэнт больш персаналізаваным. І хоць мегазоркі стануць яшчэ больш мега і яшчэ больш зоркамі, спажыўцу, які занудзіўся, пераключыць канал стане прасцей, чым калі-небудзь.

Каментары

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд1

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд

Усе навіны →
Усе навіны

У доме на праспекце Незалежнасці знайшлі таемны пакой1

Наступствы ДТЗ у Лідскім раёне з чатырма загінулымі: кіроўцу затрымалі

Скандал у каралеўскай сям'і Нарвегіі: сына прынцэсы абвінавачваюць у сэксуальным гвалце7

Украінцы выбілі расіян ад Купянска6

ГУБАЗіК паправіў пракуратуру18

«Відаць, я добра шыфравалася, што за мной прыйшлі толькі ў 2023 годзе». Мінчанка расказала пра арышт і ўцёкі4

Кур'ер пераканаў 87-гадовую мінчанку не перадаваць грошы на «лячэнне сваячкі»1

У Маскве нацыяналізавалі нерухомасць алігарха з беларускімі каранямі Аляксея Хоціна

Прапагандысты выпадкова паведамілі, колькі плацяць за стварэнне крынджовых стыкераў да Дня народнага адзінства5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд1

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд

Галоўнае
Усе навіны →