Жанчыны, якія перажылі пасляродавую дэпрэсію, расказалі, як адольвалі цяжкі стан
Калі ў жыцці жанчыны з'яўляецца дзіця, з ім прыходзяць не толькі радасці, але і сур'ёзныя перамены. Фізічныя і сацыяльныя аспекты зменяюцца, абмяжоўваючы асабістую прастору і лад жыцця. З гэтай нагоды нават усвядомленыя маці могуць сутыкнуцца з пасляродавай дэпрэсіяй. Тры жанчыны, якія пераадолелі гэты стан, расказваюць пра свой досвед: як развівалася хвароба і што дапамагло ім справіцца з гэтым выклікам.
«Я не ўяўляла, што такое магло адбыцца са мной»
У 2004 годзе Юлія выйшла замуж. Для дзяўчыны гэта быў другі шлюб — яна нарэшце сустрэла мужчыну, з якім, здавалася, можа пабудаваць сям'ю. Неўзабаве жанчына зацяжарыла.
У хуткім часе мужу прапанавалі павышэнне: каб заняць новую пасаду, прыйшлося пераехаць з невялікага горада ў сталіцу. На новым месцы сям'я ўзяла крэдыт і набыла кватэру. Каб хутчэй разлічыцца з даўгамі, муж Юліі працаваў з раніцы да вечара. Жанчына разумела, што яго працагалізм выкліканы клопатам пра сям'ю, таму не патрабавала дадатковай увагі. І ўсё ж пачуццё адзіноты нарастала — у новым горадзе, акрамя мужа, блізкіх людзей у Юлі не было. Дадатковым ударам стала раптоўная хвароба маці — пра дапамогу з яе боку не магло быць і гаворкі.
Калі нарадзілася дзіця, Юлія адчувала штодзённую стомленасць: сям'я закрывала даўгі — на няню бюджэту ўжо не хапала. Сталы стрэс пачаў адбівацца на нованароджаным сыне:
«Відаць, дзеці адчуваюць стан маці. Бо праз месяц-два сын пачаў часта плакаць, мала спаў. Гэта вельмі вымотвала. Былі моманты, калі муж толькі пераступаў парог кватэры, а я проста ўпіхвала дзіця яму ў рукі са словамі «я больш не магу, мне трэба паляжаць, у цішыні».
Апатыя перарасла ў частыя нервовыя зрывы. Не маючы сіл і рэсурсу супакоіць дзіця, Юлія часта зрывалася на крык. Астылі і адносіны з мужам — сваркі ўзнікалі па дробязях, аслабела сэксуальнае жаданне. Юля прызнаецца, што ёй хацелася пажыць адной: «Я не ўяўляла, што такое магло адбыцца са мной. Нягледзячы на вонкавы дабрабыт, у мяне было моцнае жаданне проста легчы і глядзець у столь. Хацелася бавіць час па-за домам, без сям'і, але ў тых абставінах гэта было немагчыма».
Па дапамогу да блізкіх Юлія практычна не звярталася: «Муж шмат працаваў, дапамагаў толькі, калі я папрасіла. А я прасіла мала — было перакананне, што я дома ў дэкрэце і асноўны клопат пра дзіця павінен быць на мне».
Калі дзіцяці споўнілася 3 месяцы, каб хоць неяк адцягвацца ад руціны і выходзіць у соцыум, жанчына аднавіла трэніроўкі па пілатэсе, запісвалася на розныя курсы і інтэнсівы, дзе расказвалі пра асабістыя межы і любоў да сябе. Каб аднавіць адносіны з мужам, Юлія стала хадзіць да псіхолагаў.
Потым здарыўся чарговы пераезд, але ўжо ў іншую краіну: зноў пакупка кватэры і зноў доўг, які лёг на плечы мужа. Юлія чарговы раз засталася без дапамогі. Нягледзячы на тое, што на той момант сыну ўжо споўнілася шэсць гадоў, лягчэй не станавілася.
«Я зразумела, што ў мяне дэпрэсія, даволі позна. Усведамленне прыйшло пасля таго, як я падпісалася на дзіцячага псіхолага і стала вывучаць матэрыялы на гэтую тэму. Тады паступова ўся атрыманая інфармацыя стала складацца ў адзіную карціну. Зразумела, што ў мяне была пасляродавая дэпрэсія, якая паступова нарастала ўсе гэтыя гады. І, мяркуючы па сваім стане зараз, думаю, што яна нікуды не падзелася, а толькі ўкаранілася».
Цяпер жанчына праходзіць тэта-сесіі і плануе звярнуцца да псіхіятра. Акрамя гэтага яна стала больш беражліва ставіцца да сябе: «Я стала прасіць дапамогі ў мужа і тлумачыць яму свой стан. З вялікай увагай і клопатам стаўлюся да сябе — калі стамілася — не прыбіраю, не гатую».
«Шкадавала, што не зрабіла аборт, і адчувала віну з-за гэтых думак»
Надзя зацяжарыла рана — дзяўчыне толькі споўнілася 18 і жадання рабіцца маці ў яе не было, аднак бацька дзіцяці быў рады навінам і запэўніваў яе, што разам яны справяцца з магчымымі цяжкасцямі. Будучаму папаўненню ўзрадаваліся і бацькі маладых — сумеснымі намаганнямі яны арганізавалі вяселле і назбіралі першы ўзнос на жыллё для новай сям'і.
Нягледзячы на малады ўзрост і адсутнасць хранічных захворванняў, цяжарнасць Надзеі праходзіла складана. Яе мучыў моцны таксікоз, увесь час ацякалі ногі, было цяжка дыхаць. Але акрамя праблем са здароўем дзяўчыну турбавала стаўленне лекараў:
«На аглядах лекары пыталіся, чым я думала, калі так рана «залятала», і вельмі дзівіліся, даведаўшыся, што мяне не кінуў муж».
Роды былі цяжкія і ў фізічным, і ў маральным плане. У радзільні дзяўчыне ўсунулі дзіця, толкам не патлумачыўшы, як з ім спраўляцца:
«Туалет быў адзін на паверх. Я не ведала, ці магу пакінуць дзіця ў палаце, каб проста схадзіць аблягчыцца. З-за страху, што з ім нешта здарыцца ў маю адсутнасць, я трывала да боляў у мачавым пузыры».
Пасля выпіскі з радзільнага дома жанчына адчула палёгку, але перадышка аказалася нядоўгай. У дзіцяці пачаліся колікі — яно плакала, практычна не перастаючы:
«Я не ведала, як супакоіць дачку: яна раўла другія суткі. Тое, што раілі лекары, не працавала. У адзін момант я падумала, што, калі зараз выкіну яе ў акно і выйду следам, гэты кашмар скончыцца. Так я зразумела, што ўяўляю небяспеку для дзіцяці, і ў слязах патэлефанавала першаму псіхіятру, чый нумар змагла знайсці».
Надзі дыягнаставалі дэпрэсію: ёй прызначылі антыдэпрэсанты і тэрапію. Падчас размовы з псіхолагам яна ўпершыню агучыла, што шкадуе, што не зрабіла аборт. Гэтае адкрыццё выклікала сорам і пачуццё віны перад дачкой.
Лячэнне пачало дапамагаць на другі месяц. У дзяўчыны з'явіліся сілы, каб выбрацца з дому на шпацыр з сяброўкамі, а страх, што з дзіцем можа здарыцца нешта дрэннае ў яе адсутнасць, стаў слабець.
Медыкаментознае лячэнне працягвалася год. Цяпер маладой маме значна лепш: яна змагла наладзіць кантакт з дзіцем і радая, што калісьці вырашыла не перарываць цяжарнасць. Зрэшты, успамінаючы мінулы досвед, нараджаць другога Надзя не плануе — баіцца, што дэпрэсія можа вярнуцца.
«Усім сваякам было цяжка – і ўсе пазвальвалі»
Больш за пяць гадоў Аксана з мужам спрабавалі завесці дзіця, але ўсе спробы заканчваліся няўдала. Аднак пасля доўгіх месяцаў складанага лячэння жанчына ўбачыла дзве запаветныя палоскі на тэсце.
Радасць, якую адчувала жанчына ў момант цяжарнасці, была настолькі моцная, што таксікоз і ўсе праблемы са здароўем здаваліся няважнымі. Калі Аксане прызначылі кесарава, яна штудзіравала літаратуру і маральна рыхтавалася да аперацыі. Роды прайшлі паспяхова, а вось з аднаўленнем былі складанасці — шво пастаянна балела, адчувалася слабасць. І ўсё ж Аксану з дзіцем выпісалі дадому.
Фізічны боль рабіў пакутлівай любую, нават самую простую працу па хаце. Падымаць дзіця на рукі і карміць яго таксама было неверагодна цяжка. У момант, калі Аксане патрэбна была дапамога, мужа побач не было — ён пачаў пазбягаць зносін з дачкой і ўсё часцей затрымліваўся на працы. У сям'і пачаліся скандалы.
«Я не шкадую пра тое, што нарадзіла дзіця. Але ўсё ж гэта агульны выбар — мой і майго мужа. Мне патрэбна была дапамога, а яе не было. Усім было цяжка — і ўсе пазвальвалі».
На маральным стане Аксаны адбівалася фінансавая залежнасць. У той момант сям'я пачала будаваць сваю кватэру і ўвесь бюджэт аказаўся ў руках мужа, які займаўся рамонтам. Калі жанчына прасіла выдзеліць сродкі на манікюр, касметыку ці рэчы, ён называў гэта празмернасцю і адмаўляў.
«У дэкрэце ты застаешся без працы і атрымліваеш капейкі дапамогі, якія не пакрываюць нават патрэбы дзіцяці. Адсутнасць фінансавай падушкі вельмі цісне і абмяжоўвае».
У дадатак да ўсяго Аксану хваляваў свой адбітак у люстэрку. Пасля родаў цела змянілася, а на базавы хатні догляд проста не хапала сіл. У мінулым дагледжаная дзяўчына ператварылася ў вечна стомленую, не выспаную жанчыну ў расцягнутай футболцы. На гэтай глебе пачаліся нервовыя зрывы. Нягледзячы на цяжкі эмацыйны стан, дзяўчына не звярталася па дапамогу да доктара:
«Каб звяртацца, патрэбны магчымасці: нехта павінен пасядзець з дзіцем. Патрэбны грошы на спецыяліста, а іх не было. Я шукала дапамогу ў мамскіх чатах — сярод жанчын, якія маюць рэлевантны досвед».
Сёння Аксана адчувае сябе лепш, але праблемы цалкам не сышлі: «Я спрабую знаходзіць час для сябе: выйсці на каву з сяброўкай ці зрабіць манікюр. Але гэта бывае вельмі рэдка. Здаецца, калі б у мяне была магчымасць пакідаць дом хаця б раз на тыдзень, гэта моцна б мне дапамагло».
Каментарый псіхолага
Пра тое, што такое пасляродавая дэпрэсія і як з ёй змагацца, расказала магістр псіхалогіі, коуч Іда Панфіленка.
«Тэма пасляродавай дэпрэсіі да канца не вывучана. Лічыцца, што у чалавека павінна быць схільнасць да гэтага захворвання — напрыклад, пэўны тып нервовай сістэмы, спадчыннасць (дэпрэсіі ў блізкіх сваякоў) ці гарманальныя збоі ў арганізме», — кажа псіхолаг.
Іда адзначае: «Пасля родаў важна не прапусціць асноўныя «званочкі», па якіх можна вызначыць дэпрэсію. Імі могуць стаць апатыя і разбітасць, пачуццё віны, адсутнасць радасці і задавальненняў, абыякавасць. Сімптомамі таксама могуць стаць фізічная затарможанасть, думкі, што ў будучыні не будзе нічога добрага, абыякавасць або гіперапека дзіцяці».
«Але гэта ўсё не навальваецца адразу, а прыходзіць паступова, дабіраючы новыя ўскладненні. Таму лепш не чакаць, пакуль набярэцца «поўны камплект», а звяртацца да лекара, калі прыгнечаны стан трымаецца стабільна і не праходзіць».
У барацьбе з хваробай важная падтрымка сям'і. Псіхолаг падкрэслівае, што родныя не павінны спрабаваць падбадзёрыць жанчыну пустымі фразамі:
«Казаць «Усё ж добра», «Трэба думаць пазітыўна», «Схадзі павесяліся» дакладна не трэба. Гэта выкліча адчуванне, быццам навакольныя не разумеюць стан маці, і толькі пагоршыць сітуацыю».
Абясцэньваць пачуцці жанчыны словамі «Мне б твае праблемы», «Усе так жывуць і нічога» ці, наадварот, гіперапекаваць таксама не варта. Псіхолаг упэўнена: «Нягледзячы на тое, што чалавеку сапраўды дрэнна і многія паўсядзённыя рэчы могуць давацца яму цяжка, наяўнасць пасільнай руціны дапамагае хутчэй аднавіцца. Таму дапамагаць трэба, але ў меру».
Паводле слоў спецыялісткі, дзейснымі будуць прызнанне сур'ёзнасці сітуацыі, дапамога ў быце і змене абстаноўцы. Жанчыне важна выходзіць на прагулкі, паўнавартасна харчавацца, падтрымліваць рэжым сну, мець магчымасць прыняць расслабляльную ванну.
Псіхолаг нагадвае: «Чалавек можа быць абыякавы да вас ці да дзіцяці, можа спрабаваць ізалявацца, пазбягаць зносін, вінаваціць вас. Важна памятаць, што гэта толькі сімптомы хваробы і не адносіцца асабіста да вас. Як і любая хвароба, дэпрэсія патрабуе назірання лекара і выверанага лячэння. Таму важна падтрымліваць маладую маці ў жаданні звярнуцца да спецыяліста».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬПершыя роды ў 15 гадоў, другія ў 17 і трэція ў 19. Маладая мама з-пад Гомеля стала аб'ектам захаплення адных, жоўці другіх
Міфы і самыя частыя пытанні пра ЭКА: колькі спроб трэба, каб зацяжарыць, ці павялічвае гэта рызыку анкалогіі і ці важны ўзрост
«Калега прасіла піць з майго кубка. Яна дагэтуль злуе, што не нарадзіла». Якія прыкметы раздражняюць цяжарных
Каментары