Сёння фінішаваў адборачны турнір да чэмпіянату Еўропы па футболе.
У групе І зборная Беларусі ў Прышціне перамагла Косава з лікам 1:0. Адзіны мяч у сустрэчы на 43-й хвіліне забіў форвард БАТЭ Дзмітрый Анцілеўскі.
У першым кругу ў чэрвені беларусы таксама перамаглі касавараў, толькі тады лік быў 2:1. І гэта быў апошні матч пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Георгія Кандрацьева.
Сёння Румынія перамагла Швейцарыю 1:0, а Ізраіль у гасцях Андору 2:0.
Пасля 10 тураў: Румынія — 22, Швейцарыя — 17, Ізраіль — 15, Беларусь — 12, Косава — 11, Андора — 2.
Зборная Беларусі, якую з жніўня ўзначальвае іспанец Карлас Алос, фінішавала на 4-м месцы.
За 30 гадоў незалежнасці зборная Беларусі ні разу не гуляла ў фінальных стадыях чэмпіянатаў Еўропы і свету.
У каманды тры перамогі (апроч перамог над Косава, дадалася перамога (1:0) у мінулую суботу над Андорай),
тры нічыі: Андора (0:0), Румынія (0:0), Швейцарыя (3:3),
чатыры паразы: Швейцарыя (0:5), Румынія (1:2), Ізраіль (1:2, 0:1).
Пры Карласе Алосе беларусы набралі 9 балаў (дзве перамогі, прычым у двух апошніх матчах, тры нічыі, адна параза),
падчас кіравання Георгія Кандрацьева, з з якім пачыналі турнір, набралі ўсяго тры балы (адна перамога, тры паразы).
Наступныя два афіцыйныя матчы зборная Беларусі правядзе ў сакавіку 2024 года.
Гэта будуць стыкавыя дуэлі супраць зборнай Літвы за права застацца ў дывізіёне С турніру «Ліга нацый».
Першы паядынак пройдзе ў Літве 24 сакавіка, напярэдадні Дня волі. Матч у адказ — 29 сакавіка, хутчэй за ўсё, на нейтральным полі.
Каманда, якая прайграе па суме дзвюх гульняў, вылеціць у дывізіён слабакоў D, дзе будзе целяпацца з такімі зборнымі, як Андора, Гібралтар, Латвія, Ліхтэнштэйн, Мальта, Сан-Марына.
Каментары