«Бацька заўсёды дарыў свае кнігі ад усяго сэрца і ад усёй душы». Упершыню адной кнігай сабраны аўтографы Якуба Коласа
Толькі што пабачыў свет каталог «Ад усяго сэрца, ад усёй душы»: дарчыя надпісы Якуба Коласа на кнігах», піша «Звязда».
Укладальнікамі па-свойму ўнікальнай (а што яшчэ важна — першай у такім кірунку!) працы з’яўляюцца кандыдатка сацыялагічных навук Васіліна Міцкевіч, Наталля Шувагіна-Адамовіч. Кіраўніца праекта — дырэктарка музей Ірына Мацяс. Рэцэнзентам выступіў доктар філалагічных навук Алесь Бельскі.
Кніга складаецца з чатырох раздзелаў: «Кнігі з дарчымі надпісамі Якуба Коласа, падараваныя паэтам у 1920-я гады»; «Кнігі з дарчымі надпісамі Якуба Коласа, падараваныя паэтам у 1930-я гады»; «Кнігі з дарчымі надпісамі Якуба Коласа, падараваныя паэтам у 1940-я гады»; «Кнігі з дарчымі надпісамі Якуба Коласа, падараваныя паэтам у 1950-я гады».
Як фарміравалася калекцыя коласаўскіх аўтографаў на кнігах у музеі, расказваецца ва ўступным артыкуле да каталога (аўтары — В. Міцкевіч, Н. Шувагіна-Адамовіч): «… Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч (малодшы сын Я. Коласа — К. Л.) падказаў назву каталога, ведаў, што бацька заўсёды дарыў свае кнігі ад усяго сэрца і ад усёй душы, любіў надпісваць радкі на памяць чорнымі чарніламі, пяром N 86.
У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваецца 98 кніг з інскрыптамі паэта. Гэта калекцыя бярэ свой пачатак з 1962 года, калі ў фонды музея была перададзена першая кніга з аўтографам песняра ад пісьменніка і публіцыста Усевалада Барысавіча Азарава.
Вялікую пошукавую работу ў гэтым кірунку вёў старэйшы сын Якуба Коласа, першы дырэктар музея Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч, які добра ведаў асоб з акружэння свайго бацькі. Звыш 50 кніг з інскрыптамі Якуба Коласа папоўнілі фонды музея, дзякуючы яго намаганням. Марыя Нічыпараўна Далідовіч і Наталля Аляксандраўна Шувагіна-Адамовіч спрыялі папаўненню калекцыі кнігамі з інскрыптамі паэта, якія былі адрасаваны Максіму Лужаніну.
Значны ўнёсак у папаўненне фондаў зрабілі родныя, сваякі і нашчадкі паэта. Сястра Якуба Коласа Алена Міхайлаўна Лойка перадала ў фонды 8 кніг з прысвячэннямі. Кнігі з дэдыкацыямі Якуба Коласа С. М. Гарадзецкаму, А. С. Новікаву-Прыбою, Я. В. Астроўскаму папоўніўся збор музея, дзякуючы намаганням унучак песняра Веры і Марыі Міцкевіч. У 2022 годзе ў фонды музея былі перададзены тры кнігі з аўтографамі Якуба Коласа, адрасаванымі А. А. Кетлер, дзякуючы галоўнаму захавальніку фондаў музея Васіліне Міцкевіч».
Апісанне кожнага з аўтографаў, кожнай кнігі з аўтографам уяўляе сабою сапраўднае навукова-публіцыстычнае эсэ. Напрыклад, сярод першых вядомых аўтографаў на кнігах — надпіс на зборніку апавяданняў «У ціхай вадзе» (Мінск, Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925 год) Уладзіславу Вікенцьевічу Чаржынскаму (1897 — 1974).
Адрасат — беларускі крытык, літаратуразнаўца, які выступаў пад псеўданімам Уладзіслаў Дзяржынскі. Вось які «дарчы след» пакінуў Я. Колас на тытульным лісце кнігі: «Выдатнейшаму беларускаму літаратурнаму крытыку У. Чаржынскаму ад аўтара. Менск. 30. III. 1925 г.».
Дарэчы, пра гэта мы даведваемся з тлумачальнага артыкула. Уладзіслаў Дзяржынскі напісаў пра Коласа крытычна-біяграфічны нарыс «Якуб Колас», які выйшаў у першым томе збору твораў паэта ў 1928 г., рэцэнзію на кнігу Якуба Коласа «Сымон-музыка», рэцэнзію на кнігу Якуба Коласа «У глыбі Палесся», артыкулы «Да партрэту Я. Коласа ў літаратурнай крытыцы», «Праменяцца далі», «На павароце» (тры апошніх тэксты ўвайшлі ў кнігу «Якуб Колас у літаратурнай крытыцы», якая была надрукавана ў Мінску да дваццацігадовага юбілею творчай дзейнасці народнага песняра.
Уладзіслаў Вікенцьевіч быў арыштаваны ў 28 чэрвеня 1930 г. Крытыка выслалі ў Казань тэрмінам на 5 гадоў. Пасля арышту і высылкі даследчык адышоў ад літаратурнай дзейнасці, працаваў выкладчыкам у розных ВНУ. У 1940-50-я гг. перапісваўся з Якубам Коласам. Такое лаканічнае эсэ самым падрабязным чынам ілюструе гісторыю адносін паэта і адрасата, якому скіраваны дарчы надпіс.
А яшчэ і пашырае нашы ўяўленні пра таго самага У. Дзяржынскага. Мо некаму з літаратуразнаўцаў гэты тэкст, зварот да ўзаемаадносін паэта і крытыка нагадае, што даўно наспела патрэба перавыдаць творы забытага літаратуразнаўцы..?
Прататыпам Алеся Садовіча ў трылогіі «На ростанях» і Баса-Грэнкі ў п’есе «Забастоўшчыкі» Якуба Коласа, а таксама доктара Сташынскага ў рамане Аляксандра Фадзеева «Разгром» быў Аляксандр Антонавіч Сянкевіч (1884 — 1934) — беларускі дзяржаўны і партыйны дзеяч, вучоны, пісьменнік, наркам аховы здароўя рэспублікі ў першыя гады Савецкай улады на Беларусі. Яго сыну — Георгію Аляксандравічу Сянкевічу — Якуб Колас дорыць зборнік апавяданняў «Крок за крокам» (Менск, Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925) з такім надпісам: «Жоржыку Сянкевічу ад Якуба Коласа. 13. IV. 1925 г.».
За кожным апісаннем аўтографаў схаваны не проста адметныя, цікавыя лёсы, за кожным апісаннем, якія згодна задачам выдання і з’яўляюцца даволі лаканічнымі, але пры гэтым выглядаюць насычанымі, даволі багатымі на каментарыі да самога факту дарэння, паўстаюць проста ўнікальныя гісторыі.
Дзякуючы гэтаму каталог з’яўляецца новым, энергетычным грунтам для развіцця, пашырэння новай прасторы коласазнаўства. Пятро Глебка, Максім Лужанін, Міхась Лынькоў, Сяргей Гарадзецкі…
Аўтографы, адрасаваныя пісьменнікам, грамадскім дзеячам, проста звычайным людзям, — гэта яшчэ і гісторыя іх адносін з Якубам Коласам. Апісанне дарчых надпісаў багата ілюстравана, насычана рознымі мастацкімі дакументамі, творамі, прысвечанымі тым людзям, каму класік беларускай літаратуры надпісваў свае кнігі.
Праца, праробленая ўкладальніцамі Васілінай Міцкевіч і Наталляй Шувагінай-Адамовіч, — яркі ўзор наступнікам у накірунку да стварэння падобных навукова-творчых праектаў. Беларускае літаратуразнаўства, несумненна, патрабуе апісання аўтографаў, дарчых надпісаў Міхася Лынькова, Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Кандрата Крапівы, Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Максіма Танка, іншых народных паэтаў і народных пісьменнікаў Беларусі.
Каментары