Мужчына з Паўночнай Ірландыі выйграў 4 мільёны еўра, але працягнуў працаваць дастаўшчыкам, каб не падвесці калег
«Раніцай у нядзелю я сядзеў на краі ложка і спрабаваў зразумець, што я бачу», — кажа Джоні Джонстан.
16 снежня 45-гадовы Джоні Джонстан з графства Ферман у Паўночнай Ірландыі выйграў у латарэю 3,8 мільёна фунтаў стэрлінгаў. Аднак ён усё роўна выйшаў на працу і працягнуў развозіць прадукты кліентам, каб даць адпачыць сваім калегам, піша Bild.
Джонстан быў удзельнікам Нацыянальнай латарэі на працягу 26 гадоў, таму, калі ён атрымаў паведамленне на электронную пошту ў сярэдзіне снежня, ён нават не адразу адкрыў яго, падумаўшы, што чарговы раз яму дастаўся невялікі выйгрыш. Толькі на наступны дзень ён зразумеў, што ў набытым латарэйным білеце супалі ўсе шэсць лічбаў.
«Раніцай у нядзелю я сядзеў на краі ложка і спрабаваў зразумець, што я бачу. Я проста глядзеў на лічбы ў сваім акаўнце. Я падумаў, што, магчыма, выйграў 38000 фунтаў стэрлінгаў, але потым з'явілася занадта шмат нулёў. Я перадаў тэлефон жонцы, каб яна праверыла, і яна таксама не магла ў гэта паверыць. Мы абое падумалі, што гэта розыгрыш ці нават махлярства», — распавёў Джонстан.
Нягледзячы на буйны выйгрыш, дастаўшчык выйшаў на працу напярэдадні Калядаў і развозіў прадукты, каб не падвесці сваіх калегаў. Пакуль што і ён, і яго жонка маюць намер захаваць працоўныя месцы.
«Мы павінны заставацца прыземленымі, гэта не робіць нас іншымі людзьмі. Нам падабаецца праца. Яна прымушае нас быць напагатове і дае нам адчуванне мэты», — сказала жонка Джоні Крысцін.
Цяпер сям'я збіраецца паехаць на Карыбы, набыць аўтамабіль і трактар.
Каментары