Былы кандыдат у прэзідэнты трэці год у вязніцы, але не страціў бадзёрага настрою.
Палітвязень, былы старшыня БНФ Рыгор Кастусёў другі месяц знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу, таму пазбаўлены тэлефанаванняў родным. Але напярэдадні Новага года ад яго прыйшоў ліст з вершамі і віншаваньнямі. Пра змест ліста Свабодзе расказаў зяць палітыка Зміцер Антончык, які зь сям’ёй жыве ў Польшчы.
«Спадар Рыгор прыслаў цэлую паэму. Там 40 слупкоў па 4 радкі, прысвечаныя ягоным найлепшым сябрам. З навагоднімі віншаваннямі. Напісаў, што гэта яшчэ палова», — падзяліўся сваяк Кастусёва.
Падчас зняволення ў Кастусёва выявілі анкалагічнае захворванне, улетку яму рабілі чарговае даследаванне, але выніку так і не паведамілі. Паводле Змітра Антончыка, ягоны цесць неахвотна закранае ў лістах тэму лячэння.
«Напісаў толькі, што абяцаюць зрабіць аналіз крыві, але калі гэта будзе, не паведаміў. Пра самаадчуванне піша, што нармальнае, на ўмовы не скардзіцца. Тон ліста, як заўсёды, бадзёры», — расказаў суразмоўца.
- Кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года, былога старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў 2022 годзе асудзілі на 10 гадоў зняволення праз абвінавачанне ў змове з мэтай захопу ўлады.
- Праз тры месяцы Рыгору Кастусёву споўніцца 67 гадоў.
- Пакаранне палітык адбывае ў калоніі «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі.
- У лістападзе мінулага года Рыгора Кастусёва як парушальніка рэжыму змясцілі на паўгода ў памяшканне камернага тыпу з больш жорсткімі, чым у атрадзе калоніі, умовамі ўтрымання.
Каментары