Вучань-бунтар і непрыемны настаўнік, якога ніхто не любіць, вымушаныя разам застацца на Каляды ў прэстыжнай школе-інтэрнаце. Фільм амерыканскага рэжысёра Аляксандра Пэйна, які два разы атрымліваў «Оскар» за «найлепшы адаптаваны сцэнар».
У снежні 1970 года выкладчыкі і студэнты выдуманай Бартонскай акадэміі Новай Англіі рыхтуюцца да калядных вакацый. Ну, большасць з іх. Пол Ханэм, нервовы і нікім не любімы настаўнік гісторыі, які называе сваіх вучняў «нягоднікамі» і з энтузіязмам раздае дрэнныя адзнакі, застаецца ў школе на два тыдні. Яму даручана даглядаць за жменькай хлопчыкаў падчас канікул — пакаранне за тое, што ён заваліў дзіця сенатара.
Ангус Талі, найлепшы вучань Пола, чые з'едлівыя паводзіны адштурхваюць ад яго багатых і тытулаваных аднагодкаў, з нецярплівасцю чакаў каляднага адпачынку, але раптам яго кінула сям'я. Ягоная дзікая энергія і анархічныя схільнасці цалкам процілеглыя строгім паводзінам Пола, што прывядзе гэтых дваіх да вялікай колькасці смешных сітуацый.
Аднак паступова героі пачынаюць разбураць абарону адзін аднаго і разумець, што ў іх больш агульнага, чым рознага. А падчас начных шоу і паездкі ў Бостан Пол і Ангус нават створаць своеасаблівую маленькую сям'ю з шэф-поваркай Мэры, чый сын-выпускнік нядаўна памёр на вайне ў В'етнаме. Гэта малаверагоднае трыа будзе ісці па прадказальнай траекторыі — ад узаемнай непрыязнасці да прыняцця і нават праяў шчырага сяброўства — але тое, як будзе разгортвацца гісторыя, ніколі не падасца танным ці шаблонным, зазначае кінааглядальнік Нік Дэ Сэмліен.
Рэжысёр тым часам напраўду прымусіць вас адчуць, што вы глядзіце фільм 1970 года, з патрэскваннямі ў саўндтрэку, выкарыстаннем ненасычаных колераў, крупчастай структуры і панарам. Аднак фільм мае не толькі выгляд і атмасферу таго перыяду, але і ўваскрашае найлепшыя элементы апавядальных традыцый тагачаснага кіно. Гэтая адносна простая гісторыя пра настаўніка, вучня і кухара, якія затрымаліся ў школе-інтэрнаце для хлопчыкаў на зімовых вакацыях, напоўнена тым гумарам, пафасам і драмай, якія раней былі стандартным прадуктам — да з'яўлення сучасных франшыз.
Атрыбуты даўніны выкарыстоўваюцца эканомна і разумна — магчыма, перад намі эпоха ў тым ліку фанка і дыска, але гэта праходзяць міма нашых герояў: яны трапілі ў маркотнае месца, дзе тэлевізар сумна мармыча, а жыццё напоўнена дробязнымі крыўдамі. Партрэты былых выпускнікоў Бартона, элегантных мужчын у прыгожай вопратцы, глядзяць уніз на бязладныя падзеі, якія адбываюцца, і нібыта бядуюць з нагоды таго, у што ператварылася вучэльня. Нават у пачатку 70-х здаецца, што добрыя часы прайшлі.
Пародыя на даўніну магла б зрабіць фільм Пэйна гнятлівым. Але ён атрымаўся зусім не такім. Хоць гэта шмат у чым «узнагародны» фільм — кожная дэталь дакладна вывераная, а кінамайстэрства вытанчанае ва ўсіх адносінах — стужка занадта пацешная, душэўная і кранальная, каб быць зведзенай да «ўзнагароднага» цэтліку. Дзякуючы намаганням рэжысёра героі растуць і трансфармуюцца, а тым самым даюць гледачам катарсісную і па-сапраўднаму чалавечную калядную гісторыю.
Больш пра кіно:
«Паглядзіце наверх». Выйшаў фільм пра беларускія пратэсты, які дорыць надзею
Што паглядзець. Пяшчотная драма «Мінулыя жыцці»
Круз, Вонка і дзіця Беларусі: топ-10 фільмаў года
Польшча для палякаў… і ліцвінаў! Выйшаў сатырычны серыял пра шляхту
Каментары