У Францыі знішчылі і выбілі паўторна 27 мільёнаў манет. Усё праз няўважлівасць
Манетны двор Парыжа ў лістападзе 2023 года выпусціў манеты наміналам 10, 20 і 50 еўрацэнтаў з новым малюнкам. Але на іх няправільна адлюстравалі зоркі на сцягу ЕС, таму манеты давялося перарабляць, паведамляе Politico.
Згодна з заканадаўствам ЕС, дзяржавы-ўдзельніцы саюза могуць мяняць нацыянальныя манеты еўра кожныя 15 гадоў, але ім трэба на гэта ўхваленне ад Еўракамісіі і іншых урадаў еўразоны.
Паведамляецца, што Францыя неафіцыйна звязалася з Еўракамісіяй, перш чым звярнуцца з афіцыйным запытам на адабрэнне дызайну, але манетны двор прыступіў да працы, не чакаючы ўхвалення ЕС. А там у выніку не ўхвалілі.
Міністэрства эканомікі Францыі заявіла, што манетны двор возьме на сябе выдаткі па перавыбіванні манет.
Дызайн новых манет дагэтуль застаецца ў таямніцы. Чакаецца, што іх прэзентуюць у канцы зімы.
Каментары