«Хлопцаў раптам паднялі і этапавалі». Палітвязняў масава «тасуюць» паміж калоніямі
Розныя крыніцы паведамляюць пра масавы перавод палітвязняў з папраўчых калоній, у якіх яны адбывалі пакаранне, у іншыя месцы. Былыя палітвязні і праваабаронцы адзначаюць, што такой практыкі раней не было, піша «Радыё Свабода».
У канцы мінулага года з папраўчай калоніі № 22 «Ваўчыныя норы» раптоўна вывезлі амаль 20 палітычных вязняў. Нехта з пераведзеных пазней апынуўся ў магілёўскай калоніі, нехта ў бабруйскай, а на месца тых, хто выбыў, прывезлі іншых.
Суразмоўца, які кантактуе са сваякамі палітвязня, на ўмовах ананімнасці пацвердзіў «Свабодзе», што чалавека нечакана перавялі ў іншую калонію. А разам з ім цэлую групу вязняў. З чым дакладна звязаны перавод, невядома. Па словах родных зняволеных, такія працэдуры тычацца толькі «палітычных».
«Нядаўна адбылося такое: хлопцаў раптам «паднялі» і этапавалі ў іншае месца. Каля 20 чалавек «палітыкаў-тэрарыстаў». А новых прывезлі нядаўна», — паведаміла крыніца ў размове са «Свабодай» пра палітвязня, якога раней утрымлівалі ў калоніі № 22 «Ваўчыныя норы».
Адзін з перасяленцаў, пра якіх паведамлялася, пазней знайшоўся ў калоніі № 15.
«Ён ужо ў калоніі пад Магілёвам», — сцвярджае суразмоўца, які таксама запэўнівае, што прычына пераезду палітвязня невядомая, бо чалавек свядома пазбягае гэтых тлумачэнняў.
«Гэтага не каментуе. Відаць, разумее, што небяспечна. Ведаем толькі, што ў былой калоніі ў яго праводзілі вобшукі, адпраўлялі ў ШЫЗА, пераводзілі з аднаго атраду ў іншы. Такія пераводы ў іншыя атрады практыкуюць не толькі адносна палітзняволеных. Але каб увогуле памянялі калонію, раней такога з палітычнымі там не было», — сцвярджае суразмоўца.
Звесткі пра перавод палітвязняў з адной калоніі ў іншую можна знайсці і ў тэлеграм-канале dissidentby, дзе публікуюцца навіны палітзняволеных. У паведамленні фігуруюць калоніі № 1, 2, 5, 8, 11, 15, 17, 22, паміж якімі на нядаўна адбыўся «абмен» палітвязнямі.
З магілёўскай калоніі ПК-15 у ПК-17, што пад Шкловам, этапавалі двух палітвязняў, таксама паведамляе dissidentby. Туды ж адправілі палітвязня з ПК-2 у Бабруйску. У гэтай калоніі з'явіўся новы палітвязень з ПК-22 у Івацэвічах. У сваю чаргу, у калонію № 22 пад Івацэвічамі, вядомую таксама пад назвай «Ваўчыныя норы», прывезлі двух палітвязняў з ПК-1, якая знаходзіцца ў Наваполацку.
У праўдзівасці звестак dissidentby запэўніла актывістка Марына, якая мае дачыненне да тэлеграм-канала.
«Людзі баяцца лішняе слова напісаць хаця б камусьці. Вельмі складана цяпер з гэтым», — сказала актывістка.
Новая практыка
Праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка, які адбываў тэрмін у калоніі «Віцьба-3» і выйшаў на волю ўлетку мінулага году, прыгадаў, што ў ягоны час такіх пераводаў амаль не практыкавалася.
«За паўтара года ў калоніі ведаю мо пару такіх выпадкаў. Часцей пераводзілі з аднаго атраду ў іншы. Аператыўныя супрацоўнікі гэтак перавыхоўвалі тых, каго лічылі патрэбным перавыхаваць, найперш палітычных. Калі трапіў у ШЫЗА, дык потым паедзеш у новы атрад. І гэта была агульная практыка, не толькі палітычных гэта тычылася. Але каб у іншыя калоніі… Навошта? «Пайка» паўсюль адна і тая ж», — здзівіўся Леанід Судаленка.
Праваабаронца Васіль Завадскі працаваў лекарам у некалькіх калоніях, а ў канцы нулявых — на адказнай пасадзе ў Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС. Васіль успамінае, што пытанне пераводу вязня з адной калонію ў іншую, калі гэта не звязана з новым рашэннем суда, заўсёды вырашалася на ўзроўні дэпартаменту, а не ў калоніі альбо паміж імі.
«Магло быць, што сваякі са спасылкай на стан здароўя хадайнічалі пра перавод у іншую калонію, бо тая бліжэй. І гэта маглі задаволіць. Альбо маглі перавесці ў іншую калонію з нейкай аператыўнай прычыны. Але ўсё гэта выключныя выпадкі. Чаму цяпер пачалі шырока перасоўваць палітвязняў туды-сюды, у мяне хіба дзве здагадкі. Магчыма, гэта своеасаблівае пакаранне за нейкую актыўнасць, бо пераезд — гэта доўгі этап, пэўныя праблемы і пакуты. Плюс людзі мусяць наноў адаптавацца да ўмоваў у новай калоніі, што таксама складана. Мяркую, у Дэпартамэнце выканання пакаранняў думаюць пра тое, каб яшчэ больш ускладніць жыццё асобным палітвязням», — мяркуе Васіль Завадскі.
Праваабаронца Павал Левінаў, які да ад’езду за мяжу жыў у Віцебску, дадае да гэтых мэтаў яшчэ адну — дадаткова запалохаць іншых вязняў.
«Такое раней практыкавалі ў цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў адносна тых, каму давалі «суткі« за пратэсты. Людзі за якія 15 дзён маглі памяняць 3-4 камеры. Каб ім было дрэнна і каб іншыя бачылі, што будзе, калі зоймуцца палітыкай. Гэтаксама ў калоніях на прыкладзе асобных палітычных выхоўваюць усіх іншых — такая мера застрашвання. У дадатак да пагрозы ШЫЗА — яшчэ і пагроза адправіць у іншую калонію, дзе горш. За час, што мінуў з 2020 года, кіраўніцтва калоній стала сябе адчуваць звышупэўнена, яны ўжо нічога не баяцца», — кажа праваабаронца Павал Левінаў.
Каментары