«Цяпер аб абмене гаворкі весціся не можа» — расійскі дэпутат пра крушэнне Іл-76
Крушэнне Іл-76 сарвала абмен расійскімі і ўкраінскімі палоннымі, сцвярджае старшыня камітэта Дзярждумы Расіі па абароне Андрэй Картаполаў. Паводле яго слоў, такі абмен цяпер можа стаць на паўзу.
«Сёння павінен быў адбыцца абмен 192 на 192. Вось першы [самалёт] вёз 65 чалавек, другі — астатніх», — сказаў старшыня камітэта Дзярждумы Расіі па абароне Андрэй Картаполаў, адказваючы на пытанне аб колькасці ваеннапалонных, якіх планавалася абмяняць.
Паводле яго слоў, следам за першым самалётам ляцеў другі Іл-76, які вёз яшчэ каля 80 чалавек ваеннапалонных, «яго паспелі развярнуць».
Картаполаў сказаў, што пасля крушэння Іл-76 абмены палоннымі, відаць, будуць пастаўленыя на паўзу: «Цяпер аб абмене гаворкі весціся не можа».
Ён даводзіць, што самалёт Іл-76 быў збіты «трыма ракетамі зенітна-ракетнага комплексу альбо Patriot, альбо IRIS T нямецкай вытворчасці».
Мінабароны Расіі сцвярджае, што на борце Іл-76 былі 65 палонных УСУ, якіх перавозілі для абмену, а таксама 6 членаў экіпажу і 3 суправаджаючыя. Агулам 74 чалавекі, яны ўсе загінулі.
Раней «Украінская праўда» са спасылкай на крыніцы ў Сілах абароны пісала, што расійскі самалёт Іл-76 быў збіты УСУ, а самалёт перавозіў ракеты да комплексаў С-300, якімі абстрэльваюць Харкаўскую вобласць. Пазней выданне выдаліла інфармацыю пра тое, што расійскі Іл-76 быў збіты УСУ. А «Суспільне» напісала, што Мінабароны Украіны не можа пацвердзіць датычнасць украінскай арміі да падзення борта ў Белгарадскай вобласці.
Афіцыйна ўкраінскі бок здарэння пакуль не каментаваў.
Каментары