Будапешт падтрымлівае ўступленне Швецыі ў Паўночнаатлантычны альянс, заявіў прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан пасля тэлефоннай размовы з генеральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам.
«Мы будзем працягваць настойваць на тым, каб Нацыянальны сход Венгрыі прагаласаваў за далучэнне Швецыі і завяршыў ратыфікацыю пры першай магчымасці», — напісаў Орбан у сацыяльнай сетцы X.
Енс Столтэнберг сказаў, што вітае выразную падтрымку венгерскага прэмʼер-міністра і яго ўрада ў адносінах сяброўства Швецыі ў НАТА. «Я з нецярпеннем чакаю ратыфікацыі, як толькі парламент зноў збярэцца», — напісаў ён у сацыяльных сетках.
23 студзеня стала вядома, што на сваім пасяджэнні ўхваліў заяўку Швецыі на ўступленне ў НАТА парламент Турцыі. Пасля таго Венгрыя заставалася апошняй краінай, якая фармальна пярэчыла ўступленню Швецыі ў НАТА, між тым як у гэтай арганізацыі рашэнні прымаюцца поўным кансэнсусам.
Каментары