Карпянкоў пракаментаваў інфармацыю пра кепскія адносіны з Кубраковым і планы аддзяліцца ад МУС
Намеснік міністра ўнутраных спраў і камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў рашыў адрэагаваць на інфармацыю пра яго ў інтэрнэце. Замест звыклых абраз апанентаў ён нечакана стаў апраўдвацца і выхваляць свайго начальніка Кубракова.
«Наша Ніва» нядаўна са спасылкай на свае крыніцы пісала, што адносіны паміж міністрам унутраных спраў Іванам Кубраковым і ягоным намеснікам Карпянковым становяцца кепскімі, а Карпянкоў плануе аддзяленне ўнутраных войскаў ад МУС у асобную структуру на манер Расгвардыі.
«Застаецца толькі невядомым, ці ўдасца Карпянкову пераканаць Лукашэнку, за якім фінальнае рашэнне», — выказалі меркаванне крыніцы.
Раней некаторыя называлі Карпянкова новым Прыгожыным, бо той стварыў сетку спецпадраздзяленняў і ўзяў пад крыло частку вагнераўцаў у Беларусі.
Карпянкоў у інтэрв'ю Азаронку назваў інфармацыю, якая распаўсюджваецца пра яго, укідамі.
«Сур’ёзныя людзі, высокія службовыя асобы, са многімі гэтымі момантамі яны вельмі сур’ёзна азнаёмлены. Недзе спрабуюць сутыкнуць ілбамі Міністэрства ўнутраных спраў і ўнутраныя войскі, недзе скампраметваць адносіны паміж камандуючым і міністрам унутраных спраў», — расплывіста стаў апраўдвацца Карпянкоў.
Пра міністра Івана Кубракова ён сказаў, што гэта для яго «вельмі вялікі начальнік», які «многімі сваімі дзеяннямі забяспечыў перамогу ў 2020 годзе на вуліцах».
Выказаўся Карпянкоў і наконт беларускага аналага Расгвардыі.
«Унутраныя войскі толькі ў сістэме органаў унутраных спраў. Ніякіх размоў пра Нацыянальную гвардыю, Белгвардыю ніколі не вялося. Толькі ў адзінстве сіла. І гэта не той час, каб абмяркоўваць нейкія рэформы і пераўтварэнні», — запэўніў ён.
І яшчэ раз зрабіў рэверанс у бок Кубракова, назваўшы яго «вельмі разумным і дальнабачным чалавекам».
Мікалай Карпянкоў дадаў, што ўсе рэформы і ідэі ў войску, рашэнне жыллёвых пытанняў — заслуга міністра. Той, кажа Карпянкоў, перажывае «як салдацікі харчуюцца».
«Вельмі шмат што ва ўнутраных войсках на дадзены момант робіцца і ў перспектыўных планах развіцця. Гэта толькі дзякуючы такому бацькоўскаму стаўленню міністра ўнутраных спраў да ўнутраных войскаў», — падкрэсліў Карпянкоў.
І яшчэ раз запэўніў, што ў яго з Кубраковым вельмі добрыя адносіны як ў начальніка і падначаленага.
Чытайце таксама:
«Калі ён стане міністрам, Кубракоў падасца пацанёнкам». Гісторыя жыцця Мікалая Карпянкова
Карпянкоў хоча вывесці ўнутраныя войскі ў асобную структуру на ўзор Расгвардыі
Карпянкоў з'явіўся на вучэннях з шаўронам ПВК «Вагнер»
Баевікі «Вагнера» ўвайшлі ў склад спецназа МУС Беларусі? Прынамсі ёсць дзве прыкметы
Каментары