Лойка: Найлепшая навіна, якую я чакала за кратамі, — што тэлеграм-канал Tut.by закрылі ў абмен на Золатаву
Галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блоку навін на партале Tut.by Вольга Лойка ў новым выпуску «Ток» падзялілася сваім меркаваннем аб тым, чаму яе ўзялі ў закладніцы, згадала пра сваё затрыманне, раскрыла падрабязнасці перамоваў аб вызваленні і свайго выезду з краіны.
Вольга Лойка была сярод 15 супрацоўнікаў, якіх арыштавалі па «справе Tut.by» у маі 2021 года. У 2022 годзе яе разам з журналісткай Аленай Талкачовай і юрыдычнай кансультанткай Кацярынай Ткачэнка вызвалілі пад паручальніцтва з абавязкам з’явіцца ў суд. Праз некаторы час жанчыны пакінулі краіну.
Пра прычыны свайго затрымання
Разважаючы пра тое, чаму яе затрымалі, Вольга адзначае, што гэта магло быць з-за таго, што яна была дастаткова заўважным чалавекам, які падпісваўся сваім імем, калі шмат хто перастаў гэта рабіць.
«Я сваю ролю ў гісторыі ацэньвала некалькі больш сціпла, чым мяне ацаніла дзяржава. Я сябе адчувала трохі Гары Потэрам, калі ён адзначыў цябе як роўнага сабе. Калі дзяржава называе цябе тэрарыстам, выдзяляючы сярод мільёна чалавек, ты думаеш: «Ого. Гэта я? Вы не памыліліся? Ну добра. Значыць, я ім і ёсць».
Як згадвае Лойка, да апошняга дня перад затрыманнем у яе былі добрыя адносіны з усімі крыніцамі ў дзяржорганах. І нічога не прадракала бяды.
«З мяне цяпер Шрайбман смяецца, што я самы ўмераны тэрарыст з усіх, каго ён ведае, — заўважае Лойка і тлумачыць, што так яно і ёсць:
Я за кансэнсус, перамовы, круглы стол і гэтак далей. Абдымемся, памірымся. Хаця асабіста мне гэта ўсё даецца ўсё складаней, таму што і па мне моцна стукнула, і па маіх сябрах. Калі я раней адчувала ў сабе жаданне сесці за круглы стол, усіх назваць і ўсім прабачыць, то з гадамі схільнасць да гэтага ў мяне ўсё меншая. Я адчуваю, што мне за гэтым сталом не будзе месца. Я не змагу ўжо спакойна, непрадузята неяк прабачыць тым, хто з мяне здзекаваўся».
На погляд Вольгі, пункт невяртання яшчэ не пройдзены, бо большасць людзей жыве, яшчэ трымаюцца сем'і.
«Калі пачаць цяпер адлігу, то шанцы захаваць надзею на мяккі пераход, на нацыянальнае ўзʼяднанне яшчэ застаюцца. Пакуль людзі жывыя. Бо з кожнай смерцю ў калоніі, з кожнай трагедыяй унутры краіны становіцца ўсё складаней спадзявацца на тое, што зможам прайсці транзіт, не раскалоўшыся. <…>
Чым карацейшы перыяд рэпрэсій і пакут, тым лягчэй потым абысціся без помсты, люстрацый і іншых жахаў, якія расколваюць нацыю, знішчаюць чалавека, які гэтую помсту здзяйсняе».
Як адбывалася затрыманне
Вольга Лойка згадвае, што ў дзень затрымання яна знаходзілася ў офісе. «Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю ў вялікай колькасці зайшлі ў офіс. Вывелі ўсіх у калідор і некалькіх чалавек павезлі на ператрусы дахаты».
Вольга згадвае, што ўсё адбывалася вельмі ветліва, культурна, акуратна. Не было ніякіх пагромаў. Нічога, акрамя тэхнікі і грошай, не забіралі.
«Мне нават супрацоўнік Камітэта дзяржкантролю сказаў: «Дзякуй. Я 20 гадоў працую. У такіх сітуацыях нехта плакаў, нехта смяяўся, нехта істэрыў, нехта пагражаў. Але так спакойна, роўна і добразычліва мы ніколі не працавалі. Я сказала: «Нічога, нічога. Звяртайцеся».
Я разумела, што ён звычайны выканаўца, як, уласна, і я. Я разумела, што справа вырашаецца не цяпер, што я буду чакаць, пакуль уласнікі [бізнэсу] нешта вырашаць. Ад мяне нічога не залежыць. Я магу спакойна і роўна чакаць, калі гэта ўсё скончыцца».
У зняволенні, па словах Вольгі, для яе самым складаным была нявызначанасць. «Нашмат лягчэй сядзяць тыя — і потым згадваюць шмат забаўнага, — хто даволі хутка дайшоў да суда і зразумеў, што яму пагражае. У мяне перыяд нявызначанасці быў нашмат даўжэйшым. Было зразумела, што ўсё не скончыцца падатковым артыкулам, які вельмі дзіўны.
Я не вельмі ўяўляла, якім бокам мяне можна звязаць з падаткамі. Правільны адказ — ніякім. Бо журналіст не мае адносінаў да сплаты падаткаў кампаніяй… Гэта проста нейкі набор людзей, якіх узялі. Частку — зразумела чаму. А астатніх, што называецца, да кучы. І да іншых артыкулаў таксама».
Пра запуск «Люстэрка»
Вольга Лойка кажа, што «не вельмі добра» ўспрыняла запуск партала «Люстэрка». Новы сайт запрацаваў праз паўтара месяца пасля разгрому Tut.by.
«Я разумела, што гэта можа стаць праблемай. Я спадзявалася, што ўсё ж будзе нейкі абмен. Найлепшая навіна, якую я чакала, — што [тэлеграм-]канал закрыты ў абмен на Золатаву. Асноўнае — галоўнага «злачынцу» выгандляваць, а далей мы б пайшлі да кучы. Я вельмі спадзявалася, што будуць даставаць Марыну любой цаной. Закрыццём праектаў. Любой, абсалютна любой. Аж да прызнальнага відэа ўсім парталам, узяўшыся за рукі», — разважае Лойка.
На той момант у тэлеграм-канала Tut.by было больш за 580 тысяч падпісчыкаў.
«Я ж пасля пачытала інтэрв'ю сваіх калег. Хтосьці ратаваў бізнэс, хтосьці ратаваў дэмакратычныя каштоўнасці, хтосьці ратаваў медыя. Прабачце, я вельмі так эгаістычна хацела б, каб ратавалі мяне. Не мяне асабіста, а супрацоўнікаў. Проста таму што ёсць нейкія абавязкі начальніка», — перакананая яна.
Як ішлі перамовы па вызваленні
Па словах Лойкі, калі ўвосень 2021 года ёй выставілі новае абвінавачванне, то гэта ўжо была іншая гісторыя. «Там былі абсалютна іншыя надзеі. Я разумела, што мы выйдзем, калі дамовяцца».
Вольга распавядае, што рыхтавалася сядзець месяцаў шэсць-сем. Бо звычайна, па тых выпадках, што яна ведае, «прыкладна столькі дамаўляюцца, плацяць і потым выходзяць«.
У жанчыны ёсць свая версія таго, чаму ёй давялося сядзець больш, чым яна думала.
«Не было каму дамаўляцца. Гэта складанае пытанне. Гэта трэба ўмець рабіць. Гэта могуць нашы топавыя бізнэсмены. Я ведаю, як яны дамаўляліся, колькі гэта займала часу і колькі каштавала».
Па словах Лойкі, акрамя кампенсацыі шкоды, магчыма, неабходна было нешта яшчэ зрабіць. Напрыклад, аддаць канал. «Я не ўдзельнічала ў гэтых перамовах. І наколькі ведаю, іх не было ў нейкім нармальным выглядзе».
Вольга адзначае, што за яе дамаўляліся іншыя людзі, і яна не ведае, якімі былі ўмовы вызвалення калег.
«Я была адной з частак вялікай здзелкі. Мне вельмі пашанцавала, што пра мяне чалавек згадаў. Я смяялася, што адчуваю сябе бедным яўрэем, якога добрыя людзі запхнулі ў падвал, спрабуючы схаваць ад фашыстаў, разумеючы, што і яўрэю, і выратавальніку можа быць канец. У выніку мяне выпхнулі з палаючага хлява. Добра, што разам з калегамі. Бо магло атрымацца для нас горш».
Лойка шкадуе, што ў яе і калег не было агульнай скаардынаванай пазіцыі. «Вельмі важна ісці разам. І вось гэта было для мяне праблемай. Трэба было нам дамаўляцца паміж сабою. Але ўсе спробы ўпіраліся ў сцяну».
Па словах Вольгі, яна разлічвала, што ёй могуць прысудзіць 10 гадоў у выпадку, калі яна ўсё прызнае.
«На момант, калі ты сеў, табе здаецца, што няма ніякай розніцы — 10 ці 12 гадоў. Таму думаеш, што не будзеш нічога прызнаваць, усё роўна выратуюць раней. Але вопыт паказвае, што потым гэта можа стаць важным. Калі ты разумееш, што гэта надоўга, то даводзіцца мяняць канцэпцыю. Калі разумееш, што ніхто цябе моцна ратаваць не будзе, тады трэба мінімізаваць тэрмін».
Як паручальнікі адрэагавалі на выезд з Беларусі
За Вольгу Лойку і Алену Талкачову паручыліся дыпламат Валер Варанецкі, аналітык Яўген Прэйгерман і старшыня Беларускага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.
Па словах Вольгі, рэакцыя паручальнікаў на іх выезд з Беларусі была нармальнай: «Выдатныя мужыкі, як выявілася. Яны ўсё зразумелі».
Жанчына запэўнівае, што не адчувае сябе вінаватай перад сваімі паручальнікамі:
«Я разумела, што яны атрымаюць толькі штраф. У мяне не было іншага выйсця. І так максімальна доўга заставалася ў краіне, спрабуючы вырашыць пытанне іншымі шляхамі. У тым ліку і каб не падстаўляць тых, хто мне дапамагаў. Насамрэч новымі праведнікамі свету назавуць тых, хто дапамагаў людзям у сітуацыі, калі не дапамагчы, адмовіць было нашмат прасцей, чым пагадзіцца. Было зразумела, што ніякі паручальнік цябе не выратуе. Ад гэтага ім ніякай славы ці карысці не было».
Вольга адзначае, што ёй шмат дапамагалі людзі, якіх цяпер называюць «неадназначнымі», «спрэчнымі» ці яшчэ нейкімі. «Добра быць адназначным, калі ты ў фэйсбуку вяшчаеш. А калі ты ўнутры краіны спрабуеш хаваць у падвале яўрэя, ты не можаш аб гэтым напісаць у фэйсбуку.
Ты не можаш сказаць у фэйсбуку: «Таварышы, заткніцеся, калі ласка. У мяне ў падвале яўрэй. І калі я цяпер што-небудзь скажу, то за ім прыдзе гестапа».
Дзякуй ім усім вялікі. Іх не давялося неяк складана ўгаворваць. Гэта ўсё было з серыі:
«Мы вас ведаем. Мы сказалі — і мы зробім. Хаця адмовілася вельмі шмат людзей. Прапаноўвалі не толькі ім. У тым ліку саскочылі і тыя, хто вельмі звонка і гучна выступаў у 2021-м, а ў 2022-м заставаўся ў краіне. Праўда, на той момант яны ўжо так не выступалі».
Вольга прызнаецца, што адразу ведала, што зʼедзе з Беларусі: «Мне адразу сказалі, што я чалавек ціску, таму давядзецца зʼехаць, бо ў любы момант мяне могуць таргануць і давядзецца зноў выратоўваць».
Як адбываўся выезд з краіны
Вольга выказвае падзяку Андрэю Стрыжаку, дзякуючы якому ўдалося пакінуць Беларусь.
«Ён вельмі канкрэтна з намі ўсімі працаваў. Ён разумеў, што мы тэрарысты, што ў нас падпіска аб нявыездзе. Самае складанае было выехаць з краіны. Далей было прасцей.
Самы страшны момант быў, калі мне сказалі, што маршрут добры і ўсё павінна быць добра. Але калі звычайна рызыкі па гэтым маршруце ацэньваюць на 5%, то мае асабістыя ацанілі на 30%. Гэта шмат. 30% — гэта як з трэцяга паверху скакаць. Я гатова была на 10%».
Боязь няўдачы Вольга тлумачыць тым, што другі раз сядзець заўсёды складаней. «Гэта як скачок з парашутам. Першы раз ты не ведаеш, што цябе чакае. Ты проста ідзеш. Усе скачуць — і я скокну. А другі ты дакладна разумееш, што цябе там чакае. І вельмі не хочацца».
Па словах Лойкі, яна адчувала іронію сітуацыі:
«Я ехала ў маршрутцы. Быў кіроўца. Дзве расіянкі ўвогуле без дакументаў. Дзесяць шчанюкаў бігляў з падробленымі пашпартамі і я. Такая каманда мары. Дзяўчаты праходзілі мяжу з Расіяй, лежачы ў багажніку мікрааўтобуса без куртак, бо не змяшчаліся туды ўдзвюх у куртках. Шчанюкі паводзілі сябе спакойна. Ну і я таксама».
Вольга адзначае, што тыя два хлопцы, што саджалі яе на маршрутку, цяпер таксама знаходзяцца за мяжой.
Глядзіце цалкам:
Каментары