Рашэнне тычыцца і адхілення ад кваліфікацыі да Алімпійскіх гульняў.
Рада Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) прыняла рашэнне не дапускаць зборныя Расіі і Беларусі да ўдзелу ў спаборніцтвах пад эгідай арганізацыі ў сезоне-2024/25. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу Федэрацыі.
«Рада IIHF разгледзела бягучыя рызыкі бяспекі, звязаныя з рэінтэграцыяй нацыянальных і клубных каманд Расіі і Беларусі ў спаборніцтвы IIHF. На аснове ўважлівага аналізу Рада прыйшла да высновы, што вяртанне зборных Расіі і Беларусі ў спаборніцтвы IIHF пакуль небяспечна, таму гэтыя зборныя не возьмуць удзелу ў сезоне-2024/25», — гаворыцца ў паведамленні.
«Рашэнне таксама будзе распаўсюджвацца на адхіленне зборнай Беларусі ад фінальнага раўнду кваліфікацыі на Алімпійскія Гульні 2026 года, які пройдзе ў жніўні 2024 года ў Браціславе.
Як і раней, IIHF працягне сачыць за сітуацыяй. Новае абмеркаванне ўключэння Расіі і Беларусі ў турніры пад эгідай IIHF у сезоне-2025/26 адбудзецца ў маі 2025 года на пасяджэнні Рады IIHF», — адзначаецца ў заяве Федэрацыі.
***
У лютым 2022 года Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) рэкамендаваў міжнародным федэрацыям не дапускаць расійскіх і беларускіх спартсменаў да ўдзелу ў спаборніцтвах з-за поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Зборныя Расіі і Беларусі па рашэнні IIHF пасля рэкамендацый МАК прапусцілі чэмпіянаты свету 2022 і 2023 гадоў, а таксама не выступяць на сусветным першынстве 2024 года ў Чэхіі.
Каментары