Грамадства4141

Дзед Колі Лукашэнкі быў палітвязнем — атрымаў 25 гадоў ГУЛАГа за дапамогу «бандэраўцам»

Сцяпан Пастаялка правёў за кратамі чатыры з паловай гады, пакуль не памёр Сталін і не пачалася палітычная амністыя.

Дзяржаўная прапаганда ніколі не ўзгадвае імя Сцяпана Пастаялкі. А між тым гэта чалавек, надзвычай блізкі да найвышэйшай беларускай улады. 91-гадовы Сцяпан Пастаялка — бацька Ірыны Абельскай і дзед Колі Лукашэнкі. А значыць, фактычна цесць Аляксандра Лукашэнкі.

Яго гісторыя жыцця — напамін кожнаму пра тое, што ў змрочныя часы рэпрэсіўны апарат таталітарнага ці акупацыйнага рэжыму можа зачапіць любога, хто не хоча мірыцца з бесчалавечнай уладай. Пад жорны рэпрэсій могуць трапіць і дзясяткі тысяч чалавек. Але рана ці позна іх чакае рэабілітацыя і прызнанне таго, што прысуды былі незаконнымі.

Чацвёра арыштаваных з адной сям’і

1952, Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці. Тут людзі яшчэ працягваюць змаганне з савецкай уладай. Яшчэ дзейнічаюць падпольныя і нават партызанскія групы. Адной з іх і дапамагала сям’я Пастаялак з вёскі Батарэя.

Пастаялкі — гэта пяць чалавек. Бацька Мікола, маці Ганна, старэйшы сын Анатоль (1930), малодшы Сцяпан (1933) — гэта менавіта ён дзед Колі Лукашэнкі, — а таксама дачка Марыя. Арыштавалі чацвярых з іх, дома засталася толькі 14-гадовая дачка. Што стала прычынай рэпрэсій?

«Украінскія партызаны хацелі б бачыць і мяне»

Анатоль Пастаялка расказваў сваю версію падзей у кнізе «Украінскі паўстанскі рух на Берасцейшчыне ў сярэдзіне XX стагоддзя», выдадзенай у Кіеве ў 2013 годзе. Яго размова з аўтарам кнігі адбывалася ў пачатку 1990-х.

«Чуў, што ёсць «такія людзі» (паўстанцы — «НН»), але не бачыў іх. Сябраваў з аднакласнікам Канстанцінам Пухоўскім з суседняга сяла Ляўковічы (Вялікае Міжлессе), часта з ім вяліся размовы крытычнага, антысавецкага характару, але без пэўнага кірунку, мэты.

Я ў той час вучыўся ў Бярозе-Картузскай. Прыязджае аднойчы мой бацька, Мікалай Лукіч, здаецца, вясной 1949 года, расказаў, што да нас часам заходзяць украінскія партызаны, хацелі б яны бачыць і мяне.

Прыбыў я дадому ў выходны дзень. Як толькі сцямнела, зайшлі ў хату двое. Гадзіны 3—4 у нас сядзелі, размаўлялі са мной, распытвалі пра школу, навіны, настроі вучняў, насельніцтва, настаўнікаў. «А хто ж вы?» — пытаюся. Пачалі расказваць пра сябе, пра АУН, УПА, Бандэру, Тараса Чупрынку. Спыталі, ці не хацеў бы супрацоўнічаць з АУН. «Трэба падумаць», — адказаў».

Аляксандр Сцепанюк, які ў 1949—1950 гадах быў кіраўніком «Беларускай акругі» УПА. Ён загіне ў 1952 годзе.

Украінская паўстанцкая армія (УПА) была ўтвораная ў 1942 годзе. Яе касцяк склалі актывісты Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, але яна стала шырэйшай за АУН. УПА ставіла задачу здабыцця Украінай незалежнасці. Даволі масавай была УПА і ў паўднёвых раёнах Берасцейшчыны і на Піншчыне, дзе ў многіх людзей была ўкраінская свядомасць і да вайны існавалі арганізаваныя ўкраінскія палітычныя і культурныя структуры. Аляксандр Лукашэнка са спасылкай на архівы заяўляў у 2014 годзе журналістам, што ва УПА на тэрыторыі цяперашняй Брэсцкай вобласці ўваходзіла да 15 тысяч чалавек.

Сувязная трапіла ў засаду

У выніку якое-ніякое супрацоўніцтва Пастаялкаў з падполлем наладзілася. Яно працягвалася больш за два гады.

«Наша група нічога асаблівага не зрабіла: адзін раз у Бярозе нарасклейвалі і нараскідвалі ўлёткі. Нам прынеслі паўстанцы гатовыя, друкарскім спосабам вырабленыя. Тады ўсю міліцыю паднялі на ногі, усюды хадзілі, вышуквалі, са сцен здзіралі. Аднак нас не выявілі, нават падазрэнне не ўпала. А так былі сустрэчы паміж сабой, з паўстанцамі, размовы, мары», — згадвае Анатоль і пералічвае, хто раскідваў тыя ўлёткі — сам, а таксама двое сяброў. Ягонага брата Сцяпана ў гэтым пераліку няма. Але Анатоль падкрэслівае, што Сцяпан таксама падтрымліваў сувязь з падполлем.

Па словах Анатоля, раскрылі іх выпадкова, хоць гэта было і непазбежнасцю, бо змаганне было няроўнае.

Кіраўніцтва паўстанцаў вырашыла зрабіць аналітычны агляд калгасаў і даставіць яго ў Львоў. Сувязная, якая мусіла даставіць дакумент на зборны пункт каля Пінска, трапіла ў засаду. На допытах не вытрымала катаванняў і расказала, што ведала. Так выйшлі на Анатоля Пастаялку, які і пісаў агляд па сваёй вёсцы. Дакумент быў рукапісным — з імёнамі і ўсімі фактамі. Таму знайсці, хто яго складаў, было нескладана — проста параўналі почырк са школьнымі сшыткамі.

Бацьку і сыну па 25 гадоў, маці — 10 гадоў

Спачатку арыштавалі Анатоля. Праз некалькі дзён Сцяпана і іх бацьку. А праз паўтара месяца прыйшлі і па маці.

Камеры-адзіночкі, допыты, збіццё — усё як і праз 70 гадоў, у сучаснай Беларусі.

«Аднойчы паказваюць пратакол допыту Пухоўскага (згаданы вышэй сябар Анатоля і фігурант той жа справы — «НН»). Той пра многае сказаў. Не вытрымаў катаванняў: два разы білі неміласэрна, дзень без прытомнасці праляжаў, на другі адвезлі яго ў санчастку», — расказвае Анатоль, які правёў у адзіночнай камеры ўсе два месяцы да суду.

У сакавіку 1952 года Анатоль, Сцяпан і іх бацька атрымалі па 25 гадоў за «дапамогу Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў». Па гэтай справе асудзілі агулам больш за 10 аднавяскоўцаў. «Усе былі датычныя да падполля ў большай ці меншай ступені», — прызнаваўся Анатоль.

Наступнай партыяй асудзілі яшчэ восем чалавек, уключна з яго маці, Ганнай Пастаялка — прабабуляй Колі. Гэта былі старыя людзі, якія кармілі ўкраінскіх партызанаў, пралі ім адзенне. Ім прысуд быў мякчэйшым, але ўсё адно бесчалавечным — па 10 гадоў.

Цікава, што ў вёсцы Батарэя да 1952 года даносчыкаў не было. Усе ж ведалі, да каго прыходзяць начаваць лясныя браты — але маўчалі. Хоць гэта было рызыкоўна, не менш рызыкоўна, чым не даносіць немцам на партызанаў у вайну. Суседа Пастаялкаў, Івана Андрасюка, пасадзілі на 10 гадоў проста за тое, што ён не данёс на іх.

«Ніякай надзеі на скарачэнне тэрміну ні ў каго не было»

Перасыльны маршрут: Брэст — Гомель — Масква — Кіраў — Навасібірск і нарэшце Тайшэт, першы востраў архіпелага ГУЛАГ. Там размяркоўвалі па розных лагерах.

Бацька трапіў у Омскую вобласць, маці — у Карагандзінскую вобласць. Анатоля размеркавалі ў Іркуцкую вобласць, а Сцяпана — у Нарыльск.

«Нарыльская Галгофа». Мемарыял ахвярам ГУЛАГа

«Калі асудзілі і далі ўсім па 25 гадоў, то ніхто з асуджаных не думаў, што адбудуцца нейкія важныя змены ў грамадстве, ніякай надзеі на скарачэнне тэрміну ні ў каго не было. Калі Сталін захварэў, то шэптам сёй-той перадаваў: «Ты чуў, гуталіншчык — так клікалі Сталіна — захварэў?». І пасля смерці Сталіна спачатку не было ніякага паслаблення, толькі пры Хрушчове з'явіліся першыя пробліскі ў цемры», — узгадваў Анатоль. Але ўзгадвае шчаслівы момант — смерць Сталіна ў 1953: «Святкавалі смерць «вусатага». Якое гэта было свята!».

Нягледзячы на смерць Сталіна, Пастаялак пратрымалі ў лагерах яшчэ тры гады. Яны выйшлі на свабоду летам 1956 года, па амністыі.

Рэабілітаваныя ўсе

Пасля вызвалення вярнуліся на радзіму не ўсе. Анатоль для бяспекі вырашыў застацца ў Іркуцкай вобласці. Тады, як і ў цяперашняй Беларусі, на былых палітвязняў часта заводзілі новыя крымінальныя справы.

У Батарэю ён пераехаў толькі праз 30 гадоў пасля смерці жонкі-сібірачкі. На радзіме ажаніўся яшчэ адзін раз — цяпер ужо з такой жа былой палітзняволенай, як і ён сам. У свой час яны ішлі па адной справе.

А вось Сцяпан вярнуўся ў Беларусь самым першым. Ён пасяліўся ў Брэсце ды пачаў працаваць на «Брэстэнерга», дзе даслужыўся да кіраўнічых пасад.

Тут ён жыў разам з жонкай Людмілай (1941—2007) — гэта яна, студэнтка-медык родам з вёскі на ўкраінскай Палтаўшчыне, з цягам часу стане міністрам здароўя Беларусі.

Людміла Пастаялка

У 1992 Брэсцкі абласны суд рэабілітаваў усіх Пастаялак — праз «адсутнасць доказаў віны». Але хто мог вярнуць ім гады жыцця, праведзеныя ў лагерах, і падарванае здароўе?

Медыцынская дынастыя

У Сцяпана і Людмілы Пастаялак нарадзілася двое дзяцей, Ірына (1965) і Андрэй (1972). Абое па слядах маці пайшлі ў медыцыну.

На 1994 год, час прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, Сцяпан Пастаялка ўжо быў пенсіянерам, Людміла Пастаялка працавала галоўнай доктаркай Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы.

Новыя магчымасці адкрыліся перад сям’ёй, калі Ірыну прызначылі асабістай доктаркай Аляксандра Лукашэнкі.

Яе бацькі перабраліся з Брэста ў Мінск. Маці стала спачатку першай намесніцай міністра здароўя, а пасля і міністаркай (2002—2005). Паспела пакіраваць прадстаўніцтвам Чырвонага крыжа ў Беларусі. У 2007 памерла ад анкалогіі.

А Сцяпан Пастаялка яшчэ папрацаваў некалькі гадоў у Беларускім цеплаэнергетычным інстытуце. Пасля 2008 года пазнакаў аб месцах яго працы няма.

Ірына Абельская цяпер — дырэктарка Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі.

Ірына Абельская і Коля

Яе брат Андрэй Пастаялка працуе пад кіраўніцтвам сястры. Ён загадчык рэнтгенааперацыйнай у Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры, працуе ва ўстанове ўжо 23 гады. Ён кандыдат медыцынскіх навук.

Андрэй Пастаялка, дзядзька Колі

Старэйшы сын Ірыны Абельскай, Дзмітрый Абельскі, афтальмолаг. Ён прымае ў Цэнтры мікрахірургіі вока. Кандыдат медыцынскіх навук. Дзмітрый вядомы яшчэ і тым, што ў кастрычніку 2020 года тэлефанаваў у міліцыю, каб паскардзіцца на тое, што ў ЖК «Каскад» нацягваюць бел-чырвона-белыя сцягі.

Дзмітрый Абельскі, брат Колі 

Малодшы сын Ірыны Абельскай — Коля Лукашэнка. Ён студэнт біялагічнага факультэта БДУ.

Па стане на цяперашні момант у Беларусі налічваецца 1419 палітвязняў.

Каментары41

  • Ну и гены...
    24.02.2024
    Несмотря на репрессированное прошлое, можно уверенно сказать, что семейка поколениями была ГНИЛАЯ...
  • Kub
    24.02.2024
    Аж слязу пусціў... такі гарны артыкул пра змены... прапаную яшчэ адну - памяняць назву "нн" на "савецкую белку" і далей пісаць пра пярэваратняў ды людажэраў...
  • Брэст сіла
    24.02.2024
    Сумленныя людзі былі гэтыя Пастаялкі. Не савецкія.

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Усе навіны →
Усе навіны

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»37

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!15

«Межы сціраюцца». Беларуска расказала, як і навошта стала вывучаць эсперанта на радзіме яго заснавальніка2

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Галоўнае
Усе навіны →