На апошняй летняй Алімпіядзе выступалі 108 атлетаў з Беларусі, на гульні ў Парыжы пакуль ёсць толькі 6 дакладных ліцэнзій
На Алімпіядзе могуць з'явіцца як спартоўцы з Беларусі, так і атлеты, якія зʼехалі за мяжу. Аднак колькасць беларусаў можа быць рэкордна нізкая.
Чатыры з паловай месяцы застаецца да пачатку летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы, яны пачнуцца 26 ліпеня, але ўсё яшчэ незразумела, у якім фармаце ў іх возьмуць удзел беларускія спартоўцы, задаецца пытаннем Радыё Свабода
На дадзены момант сітуацыя выглядае так: 8 снежня Міжнародны алімпійскі камітэт вырашыў дапусціць беларускіх атлетаў да ўдзелу ў Гульнях, але з абмежаваннем, што выступаць яны будуць пад нейтральным сцягам. Пры гэтым дапушчаныя толькі спартсмены, якія выступаюць у індывідуальных спаборніцтвах, але не камандных.
Да Алімпіяды дакладна не будуць дапушчаныя тыя спартоўцы, якія падтрымліваюць вайну ва Украіне, а таксама — якія маюць кантракты з вайсковымі ведамствамі. Аднак у кожным выпадку рашэнне будзе прымацца федэрацыямі відаў спорту.
Лёгкая атлетыка: усё ў тумане
Напрыклад, зусім яшчэ незразумела, ці возьмуць удзел беларусы ў самым медальным відзе Алімпіяды — лёгкай атлетыцы. Старшыня Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі Себасціян Коу лічыць, што дапускаць беларусаў няма ніякай магчымасці. Але рашэнне будзе прымаць не адзін ён, а прэзідыум федэрацыі.
Для кіраўніка беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Івана Ціхана важна дабіцца, каб беларусы выступалі пад дзяржаўным сцягам.
«Паедзем ці не, будзем вырашаць самі», — казаў ён.
Па словах Ціхана, добрыя шанцы на высокія вынікі на Алімпіядзе б мелі скакун з шастом Мацей Волкаў і скакуха ў трайным скачку Віялета Скварцова.
А вось бронзавы медаліст мінулай Алімпіяды, праўладны спартовец Максім Недасекаў сказаў, што рыхтуецца ўжо да Алімпіяды-2028.
«Мне будзе 30 гадоў, самы час, каб прыгожа завяршыць кар’еру», — казаў ён.
Недасекаў выступае ў скачках у вышыню, але апошні год прапусціў праз траўму.
Дзяржаўны трэнер зборнай Ігар Сівадзедаў казаў у лютым, што на дадзены момант ёсць ужо шэсць ліцэнзій, але хочацца дагнаць гэтую лічбу да пятнаццаці.
Тэніс: Сабаленка і Азаранка
Тэніс — гэта той від спорту, дзе беларускіх спартоўцаў не адхілялі нават на самым пачатку ўварвання Расіі ва Украіну. Каб трапіць на Алімпіяду, трэба быць у топ-56 наймацнейшых спартоўцаў планеты паводле рэйтынгу.
Арына Сабаленка на сённяшні дзень займае другі радок у міжнародным рэйтынгу. Зусім неверагодна, каб яна адтуль выпала. Вікторыя Азаранка — трыццатая. Хутчэй за ўсё, і яна зможа адабрацца на Алімпійскія гульні.
Барацьба: дзве ліцэнзіі ўжо ёсць
Яшчэ адзін від праграмы, дзе разыгрываецца вельмі шмат медалёў, — барацьба На дадзены момант прайшоў толькі адзін з трох этапаў адбору на Алімпіяду. Адбывалася гэта на чэмпіянаце свету ў сербскім Бялградзе ў 2023 годзе.
Займець ліцэнзію на Парыж-2024 змаглі Ванэса Каладзінская ў вольнай барацьбе (яна была другая на чэмпіянаце свету) і «грэка-рымлянін» Абубакар Хаслаханаў (пятае месца). У красавіку і траўні будуць яшчэ два этапы адбору.
«Колькі яшчэ будзе месцаў, пакажа дыван», — казаў кіраўнік Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў.
Іншыя віды: чаканні на батут
На сённяшні момант беларускія спартоўцы заваявалі па адной ліцэнзіі ў акадэмічным веславанні, плаванні, тхэквандо і роварным спорце.
Вялікія спадзяванні ў беларускіх функцыянераў на допуск да Алімпіяды хаця б аднаго батутыста. Менавіта са скачкамі на батуце звязаныя найбольшыя поспехі беларускага спорту на апошніх Алімпіядах. У 2016 годзе залаты медаль узяў Уладзіслаў Ганчароў, а ў 2020-м — Іван Літвіновіч. Гэта былі адзіныя залатыя медалі для Беларусі на тых Алімпіядах.
Выданьне «Трыбуна» прагназуе, што ў Алімпіядзе могуць узяць удзел максымум 15—20 беларускіх спартоўцаў. Гэта пры той умове, што да Гульняў будуць дапушчаныя лёгкаатлеты.
Эмігранты: Ціманоўская, хутчэй за ўсё, паедзе
Не пакідаюць магчымасці прабіцца на Алімпіяду і тыя спартоўцы, якія пасля 2020 году выехалі з Беларусі.
Бягуха Крысціна Ціманоўская на дадзены момант выступае за зборную Польшчы. На нядаўнім чэмпіянаце Польшчы ў памяшканнях яна стала другой. Ціманоўская пакуль не выканала алімпійскі нарматыў, але можа адабрацца паводле рэйтынгу. На дадзены момант яна трапляе ў спіс.
Таксама ад Польшчы мае шанец трапіць на Алімпіяду Вольга Сафронава ў конным спорце. З Марыяй Жодзік, якая выступае ў скачках у вышыню, усё яшчэ цьмяна, бо яна пакуль не мае польскага грамадзянства.
Беларусь на ранейшых летніх Алімпіядах
1996. Атланта (ЗША). 181 атлет у 28 відах спорту. Адзін залаты медаль, шэсць срэбраных, восем бронзавых.
2000. Сіднэй (Аўстралія). 139 атлетаў у 20 відах спорту. Тры залатыя медалі, тры срэбраныя, адзінаццаць бронзавых.
2004. Афіны (Грэцыя). 151 атлет у 22 відах спорту. Два залатыя медалі, пяць срэбраных, шэсць бронзавых.
2008. Пекін (Кітай). 181 атлет у 28 відах спорту. Тры залатыя медалі, чатыры срэбраныя, шэсць бронзавых.
2012. Лондан (Вялікабрытанія). 173 атлеты ў 25 відах спорту. Два залатыя медалі, пяць срэбраных, пяць бронзавых.
2016. Рыа-дэ-Жанэйра (Бразілія). 124 атлеты ў 19 відах спорту. Адзін залаты медаль, чатыры срэбраныя, чатыры бронзавыя.
2020. Токіа (Японія). 108 атлетаў у 20 відах спорту. Адзін залаты медаль, тры срэбраныя, тры бронзавыя.
Такім чынам, ад Алімпіяды-2000 колькасць заваяваных Беларуссю медалёў няспынна змяншаецца.
МАК вырашае пытанне, ці дапускаць беларускіх спартсменаў да цырымоніі адкрыцця Алімпіяды
Прэм'ер Латвіі пра допуск беларусаў і расіян: Рашэнне аб байкоце Алімпіяды павінна быць прынята раней, чым за суткі да адкрыцця
Сабаленку і Азаранку ўсё ж дапусцяць да Алімпіяды
Беларусам дазволілі ўдзельнічаць у Паралімпіядзе ў нейтральным статусе
Беларуская скакуха паказала найлепшы вынік на чэмпіянаце Польшчы і можа паехаць на Алімпіяду
Каментары