Памерла народная артыстка Беларусі Ніна Давыдзенка, не дажыўшы два месяцы да свайго 91 годдзя, паведамляе БелТА.
Ніна Давыдзенка нарадзілася 8 траўня 1933 года ў Віцебску. Балетам яна захапілася яшчэ ў дзяцінстве. У 1943-м паступіла ў харэаграфічнае вучылішча ў Маскве, танчыла ў спектаклях легендарных Асафа Месерера і Касьяна Галяйзоўскага.
У Беларусь артыстка вярнулася ў 1952 годзе, і з тых часоў прысвяціла сваё жыццё Дзяржаўнаму тэатру оперы і балету. На ягонай сцэне яна выконвала шматлікія ролі: Адэта-Адылія ў «Лебядзіным возеры», Маша ў «Шчаўкунку», Аўрора ў «Спячай прыгажуні» Пятра Чайкоўскага, Сольвейг і Доўрская Панна ў «Пер Гюнце» Эдварда Грыга, Кітры ў «Дон Кіхоце» Людвіга Мінкуса, Жызэль і Папялушка ў балетах Адольфа Адана ды Сяргея Пракоф'ева і інш.
Давыдзенка скончыла кар'еру артысткі ў 1973-м, але і пасля таго дапамагала працаваць над вобразамі маладым балерынам — як педагог-рэпетытар. Затым перайшла ў музычны тэатр, пасля чаго выкладала ў Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжы.
Развітанне з народнай артысткай Беларусі пройдзе 18 сакавіка ў рытуальнай зале крэматорыя на Паўночных могілках (пасёлак Навінкі).
Каментары