Сірыйскія і іранскія СМІ паведамляюць, што ізраільскі авіяўдар у панядзелак разбурыў консульства Ірана ў Дамаску, у выніку чаго загінула некалькі чалавек. Сярод загінулых нібыта ёсць і камандуючы Корпусам вартавых Ісламскай рэвалюцыі Ірана ў Сірыі і Ліване, паведамляе «Украінская праўда».
Ліванская крыніца ў органах бяспекі ў размове з агенцтвам Reuters паведаміла, што адным з загінулых быў Махамад Рэза Захедзі, старшы камандзір іранскага Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі. Іранскае дзяржаўнае тэлебачанне паведаміла таксама, што загінула некалькі іранскіх дыпламатаў.
Рэпарцёры Reuters на месцы здарэння ў раёне Меззех сірыйскай сталіцы бачылі дым над абломкамі зраўнаванага з зямлёй будынка, а побач былі прыпаркаваныя машыны хуткай дапамогі. Перад абломкамі вісеў іранскі сцяг на слупе. На месцы здарэння былі заўважаныя міністры замежных спраў Сірыі і Ірана.
Ізраіль, які неаднаразова наносіў удары па іранскіх цэлях на працягу шасцімесячнай вайны ў Газе, адмовіўся каментаваць гэты інцыдэнт. «Мы не каментуем паведамленні ў замежных СМІ», — заявіў ізраільскі вайсковы прадстаўнік.
Паводле звестак AFP, удар трапіў у прыбудову да амбасады Ірана ў сталіцы Сірыі, у выніку чаго загінулі 6 чалавек. Карэспандэнты агенцтва на месцы здарэння пацвердзілі, што ў прэстыжным раёне Дамаска была зраўнаваная з зямлёй прыбудова да амбасады Ірана. Іранскія СМІ таксама паведамілі, што амбасадар не пацярпеў.
Каментары