Калінінград, Бялград, Дубай, Казахстан… Як беларусы едуць з Еўропы дадому праз трэція краіны
Закрытыя памежныя пераходы на мяжы з Еўрасаюзам, стрэс ад чэргаў і памежнага кантролю, выбарчых праверак і патэнцыйных праблем падахвочваюць беларусаў-рэлакантаў шукаць альтэрнатыўныя шляхі дадому. Каб зрабіць пашпарт, вырашыць пытанні з маёмасцю, пабачыць блізкіх. Devby.io сабраў гісторыі пра тое, як айцішнікі вярталіся ў Беларусь праз трэція краіны.
Праз Калінінград
«Трэба было вырашыць пытанне з нерухомасцю. Аўтобус Гданьск — Мінск едзе вельмі доўга. Таму ехаў аўтобусам да Калінінграда, потым самалётам да Мінска і тым жа шляхам назад.
Час праходжання польска-расійскай мяжы залежыць ад колькасці ўкраінцаў у аўтобусе: прыкладна паўгадзіны на кожнага. Яны (украінцы) пішуць нейкія паперы, і кожнага потым дапытваюць.
Транспартныя кампаніі імкнуцца перасадзіць пасажыраў, якія прайшлі памежны кантроль, на аўтобусы, у якіх ёсць месцы, і якія едуць раней, але самі чакаюць да апошняга пасажыра. І гэта можа заняць вельмі шмат гадзін.
Ёсць імавернасць, што памежнікі выпусцяць пасажыра пешшу, тады можна выклікаць таксі да Калінінграда, калі ёсць расійскія грошы. Паездка не вельмі дарагая, дадатак паказваў нешта паміж 1000 і 1500 расійскіх рублёў (11—16 даляраў).
На зваротным шляху ўкраінцаў таксама правяраюць больш дбайна, чым астатніх, але ўжо не так доўга. Іх просяць ісці першымі, каб не затрымліваць астатніх, аднак ужо не дапытваюць, а проста трымаюць у некалькі разоў даўжэй каля стойкі.
Нягледзячы на гэта, праходжанне расійскай мяжы ўсё адно заняло 3-4 гадзіны: проста ўвесь час дзесьці стаялі бессэнсоўна, наперадзе нікога не было. Польскую прайшлі даволі хутка.
Пра палёт Калінінград — Мінск асабліва расказваць няма чаго: на расійскім баку памежны кантроль у абодва бакі, параўнальна доўгі. Людзі ў форме сканавалі пашпарты і задавалі пытанні: куды лячу, навошта, чым займаюся ў Польшчы. Штампаў не ставілі. Прыхільнасці не заўважыў.
З беларускага боку кантроль быў толькі перад вылетам з Мінска, лайтовы. Пашпарты правяралі, але агулам там не было адчування праходжання мяжы.
Адзіны непрыемны момант — па прылёце ў Калінінград памежніца даволі агрэсіўна спыталася, ці ёсць прычыны, па якіх не мог перасекчы беларускую мяжу. Патлумачыў, што ў паўночную частку Польшчы так бліжэй, і ўвогуле на мяжы з Беларуссю можна стаяць суткі і больш. Пасля гэтага яе тон памяняўся на больш спакойны, іншых здарэнняў не было».
Праз Бялград
«У пачатку сакавіка я ездзіла з Еўропы ў Мінск праз Бялград і Маскву. З рэйсам Air Serbia ніякіх праблем, акрамя цаны (яна вельмі высокая) і самога факту, што ляціш у РФ.
Прылёт у Шарамеццева. Пашпартны кантроль для неграмадзян РФ рухаецца вельмі-вельмі павольна. Мужчын-украінцаў часта адпраўляюць на дадатковыя праверкі. Мяне як дзяўчыну з беларускім пашпартам прапусцілі хутка, спыталіся толькі, адкуль прыляцела.
У Маскве чакана не працуюць плацежныя карты, так што трэба мець альбо сяброў у РФ, альбо наяўныя расійскія рублі. І частковую слепату, каб не заўважаць банэраў на вуліцах.
З Масквы ў Мінск — на хуткасным цягніку Расійскай чыгункі. Пры куплі білета трэба падаць даныя пашпарта. Пасадка ў цягнік — таксама па пашпарце, прычым праваднікі правяраюць, каб усё супадала. Калі нешта не так, яны робяць фота пашпарта і кудысьці адпраўляюць для выпраўленняў. Памежнікаў або нейкіх дадатковых праверак па дарозе ў маім выпадку не было.
Я прыязджала абмяняць пашпарт. Старому заставалася чатыры месяцы, а альтэрнатывы не было, бо ў маёй краіне няма паспяховых кейсаў выдачы падарожных дакументаў беларусам. Заказала біяметрычны, бо па паскоранай працэдуры ён робіцца на два дні хутчэй і пры падачы ў аддзел грамадзянства і міграцыі стары пашпарт не забіраюць.
У АГіМ усё прайшло штатна, нічога нечаканага. На падачу на біяпашпарт прыносіш з сабой толькі стары пашпарт і пацвярджэнне аплаты (або плаціш на месцы праз АРІП). Анкету запаўняе супрацоўнік, з заяўніка — толькі подпіс, адбіткі пальцаў і лічбавае фота.
Пашпарт быў гатовы праз два дні (паводле паскораных нарматываў — пяць), але праз выхадныя я забрала яго толькі на пяты. У чацвер падалася, у аўторак забрала. На вылеце з Масквы я паказала расейскім памежнікам новы біяпаспорт, але яны папрасілі яшчэ і беларускую ID-карту. Можа быць, таму, што ў біяметрычным няма кірылічнага імя».
Праз Дубай
«Прыязджала ў Беларусь у студзені. Ляцела рэйсам Дубай — Дамадзедава, потым цягніком у Мінск. Назад такі ж шлях праз два тыдні. У аэрапорце памежны кантроль прайшоў хутка: глядзелі пашпарт, але не бачыла, што канкрэтна. Спыталі, адкуль лячу, і аддалі пашпарт.
Перада мной стаяў грамадзянін Украіны, яго адразу павезлі, як нам сказалі, у іншы аэрапорт, дзе больш сур'ёзны дагляд. Не ведаю, праўда гэта ці не, але сказалі, што туды ўсіх украінцаў адпраўляюць незалежна ад аэрапорта прыбыцця.
Яшчэ перада мной была пара — руская і эстонец, якія разам жывуць у Расіі. Расіянку прапусцілі адразу, а эстонца адправілі на размову. Адпусцілі хутка.
На зваротным шляху спыталіся, куды лячу і што я там забылася. Сказала, што жыву, больш пытанняў не было. Пра мэту візіту ў Расію не пыталіся.
Пры пасадцы ў цягнік (звычайны, не «Ластаўка») у Маскве праваднік сказаў: «Наступным разам пры браніраванні білета пішыце таксама імя па бацьку». Пасля адпраўкі ён прыйшоў у купэ і выпісаў імя па бацьку з пашпарта.
Па дарозе з Мінска (ехала ўжо «Ластаўкай») пра адсутнае імя па бацьку ніхто нічога не казаў. Праз цягнік праходзілі расійскія памежнікі, але ні ў каго дакументы не глядзелі. У Маскву прыехалі своечасова і без прыгод».
Праз Казахстан
«У мяне перад вяртаннем дадому гэтай зімой былі справы ў паўночных абласцях Казахстана плюс трэба было праведаць сябра ў Маскве, таму маршрут у Мінск праклаў праз казахстанска-расійскую мяжу.
Калі ў «Белавія» няма акцыі, то так увогуле і танней, і ў пэўным сэнсе зручней: да прымежных расійскіх рэгіянальных цэнтраў ходзяць т. зв. «таксі» (проста прыватнікі, якія набіраюць поўны салон пасажыраў і развозяць па адрасах), а ўнутраныя расійскія рэйсы, як правіла, недарагія.
Дарэчы, квіткі на расійскіх сэрвісах можна купляць картай «Белкарт» (банкі прапануюць і лічбавыя). «Таксі» прывозіць проста ў аэрапорт, адтуль — самалёты ў Маскву, Санкт-Пецярбург або з перасадкай у Мінск.
Мяжу таксісты звычайна праходзяць хутка, рэйсавыя аўтобусы, бывае, затрымліваюцца з-за небесстаронняга стаўлення да грамадзян Цэнтральнай Азіі (неказахстанцаў), якія едуць праз Казахстан транзітам.
Нашай машыне пашанцавала — прыехалі ноччу на пустую заставу. Памежны кантроль, зрэшты, быў не вельмі прыемны: і казахстанца, і расейца зацікавіў мой маршрут перад прылётам у Казахстан, расійскі памежнік, здаецца, да таго ж адсканаваў маю шэнгенскую візу. Ну, і ўсё на гэтым.
Далей — проста. Чаканне рэйса ў аэрапорце і прызямленне ў Маскве. З Масквы ў Мінск можна даехаць не толькі цягніком ці аўтобусам, але і маршруткай ці нават спадарожнай машынай. На мяжы расейцы тармозяць любы аўтатранспарт, але зусім ненадоўга.
Я пасля пары дзён у Маскве паехаў у Мінск маршруткай. Наш мінівэн спынілі на трасе літаральна на дзве хвіліны: расійскі памежнік зазірнуў у салон і папрасіў усіх адкрыць пашпарты. Мімаходзь глянуў, не беручы ў рукі, і адпусціў. Здаецца, іх асноўная задача — пераканацца, што ўсе пасажыры беларусы ці расейцы (грамадзянам трэціх краін перасячэнне мяжы РФ — РБ па зямлі забаронена).
Праверка аўтобусаў, чуў, займае 10-15 хвілін, але кажуць, што памежнік можа падысці не адразу, і тады аўтобус чакае.
З пацешнага: у машыне са мной ехала дзяўчына-масквічка — у мінскі аэрапорт. Яна не сказала, куды ляціць, заўважыла толькі, што для яе палёт з «Мінск-2» — самы танны і хуткі варыянт.
Чытайце таксама:
Квіткоў на аўтобусы з Беларусі ў Літву не дакупіцца. Колькасць рэйсаў скарачаецца, цэны растуць
«Адразу нават не зразумелі, як усё кепска». Беларус расказаў, як перасякаў польскую мяжу
Каментары