Бізнэсоўцу з Маладзечна далі шэсць гадоў калоніі за данаты Палку Каліноўскага і «Байсолу»
У Мінскім абласным судзе асудзілі 57-гадовага Аляксандра Верасовіча, бацьку дваіх дзяцей.
Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 361-2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання) і ч. 2 арт. 361-3 (фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях). Справу з 19 сакавіка разглядаў Уладзімір Арэшка, піша «Вясна».
Згодна версіі абвінавачвання, Аляксандр Верасовіч пераводзіў грашовыя сродкі розным «экстрэмісцкім фармаванням»: з дапамогай PayPal — на рахунак Палка імя Кастуся Каліноўскага, а таксама двума банкаўскіх пераводамі — Фонду салідарнасці «Байсол».
Пракурор запрасіў для Аляксандра шэсць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Менавіта столькі і прызначыў яму суддзя Уладзімір Арэшка.
Вядома, што Аляксандр мае ў Маладзечне невялікі бізнэс. У яго двое дзяцей.
Каментары