«Газпрам» не патрэбны: ЕС завяршыў ацяпляльны сезон з рэкорднымі запасамі газу
З самага вострага моманту энергетычнага крызісу газ у ЕС патаннеў амаль у 14 разоў.
Краіны ЕС ужо другі год запар завяршаюць ацяпляльны сезон з рэкорднымі запасамі газу. Між тым, пастаўкі «Газпрама» ў Еўропу ўпалі больш чым у пяць разоў у параўнанні з даваенным узроўнем, піша The Moscow Times.
Ацяпляльны сезон у ЕС скончыўся 31 сакавіка, і запасы ў сховішчах склалі, па звестках Gas Infrastructure Europe, 58,7%. Гэта максімальны аб'ём у гісторыі — вышэй, чым год таму, калі еўрапейцы, напалоханыя адключэннем расійскага газу, рэзка скарацілі яго выкарыстанне як у прамысловасці, так і на спажывецкім узроўні.
Справіцца з магчымым дэфіцытам дапамаглі дзве цёплыя зімы і радыкальная перабудова сістэмы забеспячэння.
Звадкаваны прыродны газ стаў галоўнай крыніцай прапановы, абагнаўшы трубаправодны, а галоўным пастаўшчыком, які змяніў Расію, — ЗША: цяпер яны забяспечваюць амаль палову еўрапейскага імпарту ЗПГ супраць прыкладна чвэрці да пачатку вайны.
Пастаўкі ж у Еўропу ў «Газпрама» склалі ў мінулым годзе 28 млрд куб (на ўзроўні другой паловы 1970-х гг.) супраць больш за 150 млрд кубаметраў у даваенным 2021 г.
З пяці трубаправодаў газ у Еўропу зараз пампуецца толькі па двух.
Пры гэтым у лютым міністр энергетыкі Аўстрыі Леанор Гевеслер заявіла, што краіна, чый газавы імпарт больш як на тры чвэрці забяспечвае Расія, разглядае магчымасць разрыву кантракта з «Газпрамам». А ў выпадку рэалізацыі намеру Украіны адмовіцца ад падаўжэння з 2025 г. дамовы на транзіт пакіне «Газпром» з адной працуючай трубой — у паўднёвую Еўропу праз Турцыю.
З самага вострага моманту энергетычнага крызісу газ у ЕС патаннеў амаль у 14 разоў.
Кошт ф'ючарса Dutch TTF, які ў жніўні 2022 г. на піку перавысіў 340 еўра/МВт.г (больш за $3600 за 1000 кубаметраў), з пачатку лютага гэтага года вагаецца вакол адзнакі 25 еўра ($285).
Каментары