Эканаміст Крук: Да 90% беларускага экспарту завязана на Расіі
Пры гэтым улады прызнаюць, што ў апошні год беларускія трактары і халадзільнікі сталі менш запатрабаваныя ў Расіі.
Эканаміст Дзмітрый Крук з інстытута BEROC на Форуме беларускіх прадпрымальнікаў у Вільні прадставіў лічбы таго, наколькі беларуская эканоміка цяпер залежыць ад Расіі. Па яго даных, цяпер да 90% беларускага экспарту завязана на Расіі — да 70% экспарту ідзе проста ў Расію, а 20-25% экспарту выкарыстоўвае лагістычныя магчымасці Расіі. У той жа час Расія атрымлівае каля 55% імпарту з Беларусі.
«Татальнае пагаршэнне магчымасці развівацца і рост залежнасці ад Расіі з вялікай да поўнай», — так Крук характарызуе цяперашні стан беларускай эканомікі. І канстатуе, што беларуская эканоміка цяпер паглынаецца расійскай.
Цікава, што сёння Лукашэнка на нарадзе прызнаўся, што беларускія вытворцы страчваюць пазіцыі ў Расіі па традыцыйных таварах.
«Мне дакладваюць, што сёння айчынная прадукцыя саступае аналагам як па цане, так і па якасці. Па цане яшчэ можна патлумачыць. Але чаму па якасці? Экспарт беларускіх трактароў у 2023 годзе скараціўся на 18 працэнтаў. Доля нашых трактароў у расійскім імпарце знізілася да мінімальных за апошняе дзесяцігоддзе 10,5 працэнта, грузавых аўтамабіляў — да 6 працэнтаў», — прывёў даныя Лукашэнка.
Тыя ж пагрозлівыя тэндэнцыі, паводле слоў палітыка, складаюцца і на «Атланце». Абʼёмы экспарту халадзільнікаў і маразільнікаў, яшчэ ўчора запатрабаваных, скараціліся амаль у два разы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце таксама:
Лукашэнка прызнаў, што беларуская прадукцыя саступае расійскай па якасці і цане
Каментары