Прадаваць месцы ў чэргах на мяжы можна абсалютна легальна. Ці выгадна атрымліваецца?
Нядаўна выпісалі чарговы штраф за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць беларусу, які прадаваў месцы ў чарзе на мяжы з Польшчай. Асноўная прэтэнзія падаткавікоў да такіх дзялкоў — адсутнасць рэгістрацыі ў якасці ІП. «Наша Ніва» пацікавілася, ці можна легальна займацца такой справай.
Закон не забараняе
Жыхар Брэста за 150 даляраў прадаў месца ў чарзе падаткавіку, за што атрымаў штраф 30 базавых велічынь за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Каб пазбегнуць пакарання, мужчыне трэба было зарэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.
Як растлумачылі ў падатковай, паколькі асобна такога віду эканамічнай дзейнасці, як «продаж месцаў у чарзе», у класіфікацыі няма, ахвотным зарабляць на гэтым трэба абраць код 96090 — «Прадастаўленне іншых індывідуальных паслуг, не ўключаных у іншыя групы».
Такім чынам, стаяць у чарзе за іншых людзей і атрымліваць за гэта ўзнагароду можна цалкам легальна.
Таксама такі варыянт заробку можа пасаваць і тым, хто будзе прасоўваць па чарзе грузавыя аўтамабілі, чэргі з якіх расцягнуліся на дзясяткі кіламетраў. Дарэчы, падобныя вакансіі ад фірм-перавозчыкаў пачалі з'яўляцца яшчэ летам 2022 года. Праўда, у такім выпадку фірма працаўладкоўвае чалавека да сябе. Але падобныя паслугі можна аказваць і ў якасці ІП.
Якія выдаткі чакаюць прадпрымальніка?
За адкрыццё ІП трэба заплаціць 0,5 базавай (20 рублёў). Таксама індывідуальны прадпрымальнік мусіць адкрыць асобны рахунак у банку.
Калі прадпрымальнік хоча працаваць з наяўнымі, то давядзецца набыць касавы апарат. Цэны на іх пачынаюцца з 200 рублёў, у дадатак давядзецца плаціць за яго абслугоўванне, а гэта яшчэ каля 20 рублёў у месяц.
Прымаць наяўныя без касавага апарата нельга, але працаваць без яго можна. Альтэрнатыўны спосаб — прымаць грошы праз АРІП. Для гэтага ІП трэба зарэгістравацца ў сэрвісе. На кожным плацяжы праз АРІП іпэшнік будзе страчваць 3% ад сумы, бо свой працэнт бярэ як аператар, так і банк.
Падаткі і ФСАН
Падаходны падатак для ІП у Беларусі складае 20% ад прыбытку. Калі прадпрымальнік не будзе весці ўлік выдаткаў, то ён мае права па змоўчванні адлічыць да 20% ад сумы на выдаткі, якія не трэба пацвярджаць.
Апроч падаткаў, ІП мусіць рабіць адлічэнні ў ФСАН у памеры 35% ад мінімальнага заробку па краіне. На цяперашні момант гэта каля 220 рублёў на месяц.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Выглядае, што калі чэргі на мяжы застануцца, а патэнцыйны прадпрымальнік гатовы займацца гэтым рэгулярна, а не 1-2 разы на месяц, то прадаваць месцы ў чарзе можа быць цалкам прыбытковай справай.
Мужчына, якога нядаўна аштрафавалі ў Брэсце, прадаў месца ў чарзе за 150 даляраў, што складае каля 500 беларускіх рублёў.
Нават пасля адной такой здзелкі ІП выйдзе ў плюс. Падатак складзе 80 рублёў, адлічэнні ў ФСАН — 220. Паколькі адлічэнні ў ФСАН фіксаваныя, то выдаткі на абавязковыя плацяжы з наступных здзелак не будуць утрымліваць гэтую суму.
Каментары