У Нямеччыне пачаўся суд над змоўшчыкамі, якія рыхтавалі вайсковы пераварот
У нямецкім Штутгарце пачынаецца першы з трох працэсаў па справе руху «Рэйхсбюргер», чальцы якога аспрэчваюць легітымнасць сучаснай германскай дзяржавы. Паводле ацэнак нямецкіх спецслужбаў, рух «Рэйхсбюргер» у Германіі налічвае каля 20 тысяч чалавек, каля 2300 з якіх характарызуюцца як «гатовыя прымяніць гвалт».
Усяго на лаве падсудных аказалася 27 чалавек. Дзевяці членам вайсковага крыла групоўкі прадʼяўлены абвінавачанні ў тэрарызме і дзяржаўнай здрадзе. Дзесяць кіраўнікоў групоўкі будуць судзіць асобна, працэс пачнецца ў Франкфурце 21 мая. Працэс па справе астатніх абвінавачаных пачнецца ў Мюнхене 18 чэрвеня, піша BBC.
Сярод абвінавачаных — прадстаўнік роду фон Ройс — дынастыі, якой нядаўна споўнілася 900 гадоў. У матэрыялах справы ён праходзіць як прынц Ройс.
Падпольны рух «Грамадзяне рэйха» не прызнае цяперашнюю дэмакратычную нямецкую дзяржаву і выступае, у прыватнасці, за аднаўленне Германіі ў межах да 1939 года.
Пракуратура сцвярджае, што змоўшчыкі мелі намер штурмам захапіць бундэстаг, зрынуць дэмакратычную ўладу, паставіць на чале дзяржавы свайго лідара і аднавіць той дзяржаўны лад Германскай імперыі, што існавала на 1871 год.
Для гэтага яны з лістапада 2021 года праводзілі пастаянныя сходы, а таксама займаліся вярбоўкай дзейных і былых вайскоўцаў, набыццём зброі і арганізацыяй трэніровак.
Яны ўжо запланавалі стварэнне новых міністэрстваў замежных спраў, юстыцыі і аховы здароўя і намецілі, хто стане на чале гэтых ведамстваў.
Па словах пракурораў, яны добра разумелі, што не змогуць дасягнуць сваіх мэт без гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў дзяржавы, у тым ліку забойстваў, і былі да гэтага гатовыя.
У снежні 2022 года нямецкая паліцыя арыштавала 25 змоўшчыкаў.
Рэйды з удзелам больш за 3 тысяч супрацоўнікаў паліцыі і спецслужбаў прайшлі адначасова ў 130 месцах у 11 землях Германіі, а таксама ў Аўстрыі і Італіі. Было канфіскавана больш за 380 адзінак агнястрэльнай зброі, а таксама амаль 150 тысяч адзінак боепрыпасаў.
Прэс-сакратар вайсковай разведкі Германіі тады сказаў агенцтву Reuters, што сярод членаў групоўкі ёсць адзін дзейны салдат са спецназа і некалькі вайскоўцаў у запасе.
Акрамя таго, у склад групы, паводле звестак пракуратуры, уваходзіла берлінскі суддзя і дэпутат бундэстага ад правай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» ў 2017-2021 гадах Біргіт Мальзак-Вінкеман.
«Абвінавачаных абʼядноўвае глыбокае непрыманне дзяржаўных інстытуцый і свабодны, дэмакратычны лад дзяржавы ў Федэратыўнай Рэспубліцы Германія», — заявіла пракуратура.
Паводле ацэнак нямецкіх спецслужбаў, рух «Рэйхсбюргер» у Германіі налічвае каля 20 тысяч чалавек, каля 2300 з якіх характарызуюцца як «гатовыя прымяніць гвалт».
Іх абʼядноўваюць ксенафобскія і антысеміцкія перакананні. Яны абвяргаюць дэмакратыю і прытрымліваюцца праманархічных поглядаў.
Deutsche Welle цытуе словы рэпарцёра Тобіяса Гінсбурга, які восем месяцаў пад прыкрыццём працаваў у асяроддзі прыхільнікаў руху: «Рэйхсбюргеры» не зʼяўляюцца цэласнай групай ці незалежнай формай экстрэмізму. Гэта хутчэй тэорыя змовы, якая глыбока ўкаранілася ў нямецкім грамадстве і нацыянал-сацыялізме».
Але ён адзначыў, што група падзяляе ідэі ўсіх ультраправых актывістаў: «Гэта ідэя аднастайнага грамадства без чужынцаў».
Каментары