Гісторыя

Каб пабудаваць шыкоўны касцёл у Лынтупах, правялі цэлую спецаперацыю

Новыя звесткі да гісторыі касцёла Святога Апостала Андрэя. Як у невялікім мястэчку паўстала вялікая святыня, якая нават сучаснікам падавалася агромністай?

Касцёл у Лынтупах. Фота: Vedaj.by

Пра гэта распавядае архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік для партала Catholicnews.by. 

У гісторыі сакральнай архітэктуры ёсць перыяд імклівага росквіту касцёльнага будаўніцтва, падчас якога на тэрыторыі Беларусі за кароткі час у вялікай колькасці паўсталі святыні высокай эстэтычнай вартасці.

Перыяд актыўнага касцёльнага будаўніцтва пачынаецца напярэдадні 1900 года і перапыняецца ў 1914 з пачаткам Першай сусветнай вайны. За нядоўгі час былі збудаваныя парафіяльныя касцёлы ў Гервятах, Параф’янаве, Суботніках, Ашмянах, Красным, Нарачы (Кабыльніку), Слабодцы ды многіх іншых паселішчах.

Да гэта часу будаўніцтва новых касцёлаў было забаронена расійскімі ўладамі. 

Пасля задушэння антыцарскага паўстання ў 1863 года паводле загада віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва на абшарах «Паўночна-Заходняга краю» без папярэдняй згоды цывільных уладаў забаранялася будаваць новыя і перабудоўваць старыя касцёлы.

Віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў. Фота: Wikimedia Commons

У 1864-1867 гадах у межах рэалізацыі імперскай палітыкі русіфікацыі парафіяльныя касцёлы Віленскай дыяцэзіі разам з філіямі і капліцамі падпалі пад масавае закрыццё. Цягам наступных дзесяцігоддзяў святыні, якія не былі скасаваныя ў першыя гады пасля паўстання, маглі рамантавацца толькі з дазволу віленскага генерал-губернатара і пры значных абмежаваннях:

падчас рамонтаў нельга было ні павялічваць памеры, ні змяняць знешнюю структуру святыняў. Ужо досыць хутка старыя, найчасцей збудаваныя з дрэва святыні пачалі занепадаць без належнага догляду.

Акрамя таго, пад канец ХІХ ст. насельніцтва парафій павялічылася, і невялікія касцёлы ўжо не змяшчалі ўсіх вернікаў падчас набажэнстваў.

Загад Міхаіла Мураўёва быў адменены распараджэннем імператара Мікалая ІІ толькі ў 1896 г. Ад гэтага часу для рамонту існых касцёлаў дастаткова было дазволу дыяцэзіяльных уладаў.

Касцёл Святога Апостала Андрэя з боку апсіды. Фота: Гугл Карты

Адміністрацыйным паслабленнем адразу скарысталіся парафіі, якія пачалі будаваць новыя касцёлы пад відам рамонту старых. На схіле ХІХ ст. задумаліся пра будаўніцтве новай святыні таксама жыхары Лынтупаў.

Першы драўляны касцёл быў збудаваны ў Лынтупах коштам віленскага ваяводы Андрушкі Даўгірдовіча ў 1495 г. Але невялікі драўляны касцёл, які быў тут напярэдадні будаўніцтва новай мураванай святыні, паўстаў у 1700 г. коштам троцкага кашталяна Яна Бжастоўскага.

У розныя часы Лынтупамі валодалі Гільзены, Астроўскія, Бучынскія. У 1854-1939 гадах мястэчка належала Бішэўскім.

У апошняй траціне ХІХ ст. насельніцтва Лынтупскай парафіі хутка павялічвалася. Калі ў 1863 г. у парафіі былі 5153 вернікі, дык у 1896 г. налічвалася ўжо 6995 чалавек. Стары касцёл стаў не толькі замалы для выраслай парафіі, але меў кепскі тэхнічны стан. 

«Лынтупскі касцёл драўляны пабудаваны ў 1700 годзе да таго трухлявы, што рамонт яго немагчымы», — пісалі ў справаздачах павятовыя чыноўнікі.

Пачатак будаўніцтва касцёла ў Лынтупах. Фота Яна Балзукевіча

Таму ў 1899 г. пробашч ксёндз Мацей Бугяніс разам з былым уладальнікам мястэчка Юзафам Бішэўскім, навакольнай шляхтай і парафіянамі ініцыявалі будаўніцтва новага мураванага касцёла.

Бішэўскі абяцаў ахвяраваць на будаўніцтва 3000 рублёў, 500 000 цаглін, дахоўку і ўсю патрэбную драўніну. Апроч таго, Бішэўскі абавязаўся выпаліць неабходную колькасць вапны, якую мусілі паставіць парафіяне. Рэшту патрэбных грошай — 20 000 рублёў — пробашч планаваў сабраць з парафіі праз добраахвотныя ахвяраванні. Цягам наступных дванаццаці гадоў Бішэўскі выдаткуе на будаўніцтва касцёла, улічваючы матэрыялы, каля 10 000 рублёў, што склала каля паловы яго кошту.

Архітэктар Тадэвуш Раствароўскі. Фота: Wikimedia Commons

Аўтарам праекта быў знаны і шанаваны на абшарах тагачаснай Віленшчыны архітэктар граф Тадэвуш Марыя Раствароўскі (1860-1928). Юзэф Бішэўскі стаў асноўным фундатарам касцёла, таму не дзіва, што зрабіць праект новай святыні даручана архітэктару, які ў той час працаваў над рэканструкцыяй яго лынтупскага палаца.

Палац Бішэўскіх у Лынтупах. Фота: Wikimedia Commons

Выпускнік Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу Тадэвуш Раствароўскі пасля некалькіх досыць удалых рэканструкцый палацаў і будаўніцтва даходных дамоў стаў адным з самых вядомых архітэктараў Вільні 1890-х. Асаблівы поспех прынесла яму пабудова віленскага гатэля St. Georgesадкрытага ў 1894 годзе.

Будаўніцтва новага касцёла пачалося ў 1900 годзе. Дамова была заключаная з падрадчыкам Станіславам Іосіфам Пятроўскім — шляхціцам з мястэчка Замбраў у тагачаснай Ломжынскай губерні. Архітэктар Раствароўскі прыняў на сябе абавязкі тэхнічнага нагляду за будоўляй.

Спярша вакол старога драўлянага касцёла заклалі падмурак. Для гэтага разбурылі «фронт касцёла з чатырма драўлянымі слупамі», а таксама закрыстыю, дзве капліцы — мураваную і драўляную, фрагмент мураванай агароджы. Падчас будаўніцтва тагачасны пробашч ксёндз Іяхім Рачкоўскі меркаваў праводзіць набажэнствы ў капліцы на могілках, але, не атрымаўшы дазволу, у чэрвені 1901 г. рапартаваў пра вымушаную затрымку пачатку будоўліУ рапарце пробашч прасіў дазволу перасунуць стары касцёл, праводзіць набажэнствы ў старой званіцы і збудаваць часовы «шалаш».

Стары і новы касцёлы ў 1905 годзе. Фота: Catholicnews.by, публікуецца ўпершыню.

На пачатку лета драўляны касцёл быў адсунуты далей, у глыб касцельнага пляца.

Свянцянскі павятовы спраўнік адрапартаваў у Будаўнічае аддзяленне Віленскага губернскага праўлення: «Лынтупскі стары драўляны рымска-каталіцкі Касцёл з улікам надыходу часу да пабудовы дазволенага мураванага касцёла разбурэнню не падвергнуўся і цалкам, за выняткам прыдзелаў, перасунуты са свайго месца ў двор плябаніі, і ў ім цяпер здзяйсняюцца часовае набажэнства да заканчэння пабудовы новага мураванага касцёла».

Праект новага касцёла быў узгоднены пры ўмове, што пасля заканчэння будаўніцтва «стары касцёл мусіць быць зламаны»Фотаздымак 1905 года дазваляе ўявіць, як выглядалі стары і новы касцёлы падчас будаўніцтва. Невядома, калі быў разбураны драўляны касцёлік. Прынамсі ў 1908 годзе ён яшчэ стаяў «недзе на ўзбочыне, як руіна». Але, як сведчаць фотавыявы часоў Першай сусветнай вайны, у 1916 годзе драўлянага касцёла ўжо не было.

Пасля таго, як улетку 1901 года стары касцёлік перасунулі, пачалося будаўніцтва муроў. На фотаздымку Яна Балзукевіча можна ўбачыць, як выглядаў новы касцёл на пачатку працаў. Будоўля працягвалася ў 1902-1903 гадах, але ў 1904 годзе ніякія работы пры касцёле не рабіліся. На пачатку 1906 года касцёл яшчэ быў «канчаткова не вымураваны, а толькі выведзены сцены».

«Цалкам вымураваны» будынак быў да 1908 года. Праз недахоп сродкаў будаўніцтва ішло паволі, бо ў красавіку 1910 г. Kurjer Litewski паведамляў з Лынтупаў, што «калі не хапіла фундушаў, мясцовы пробашч пачаў збіраць складкі сярод сялян, якія вырашылі асігнаваць на гэтую мэту па рублі з дзесяціны, але не хапіла і тых грошай». Сялянам прапанавалі падвоіць складкі.

Касцёл у Лынтупах у 1916-1917 гадах. Фота: Wikimedia Commons

Да лістапада 1911 года будаўніцтва было нарэшце збольшага завершанае.

У акце агляду камісія адзначыла, што «касцёл пабудаваны згодна з планам … з некаторымі адступленнямі, а менавіта: касцёл падоўжаны на 3 сажні, а некаторыя дзверы перанесены на іншае месца, а таксама зроблены некалькі лішніх дзвярэй. На момант агляду касцёла выяўлена, што некаторыя архітэктурныя ўпрыгажэнні на фасадах і хорах не скончаны, таксама не зроблена яшчэ пастаянная лесвіца, якая вядзе на хоры і на званіцу і не зробленая пліткавая падлога, але ўсе вышэйназваныя недаробкі і адступленні не могуць служыць перашкодай да адкрыцця набажэнстваў, так як будынак ва ўсіх сваіх канструктыўных частках выбудаваны трывала з матэрыялаў добрай якасці і належнага памеру». 

Завершаны касцёл у пачатку XX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

Нягледзячы на незавершанасць некаторых аздабленчых работ, 30 лістапада 1911 года новы касцёл быў асвечаны. Тагачасныя газеты пісалі, што ўрачыстасць асвячэння правяло 25 ксяндзоў, сярод якіх быў даўні пробашч Іяхім Рачкоўскі, які прыклаў багата намаганняў, каб будоўля ў Лынтупах паспяхова завяршылася.

Касцёл без значных стратаў перажыў савецкія часы і дайшоў да нас у амаль нязменным выглядзе. У снежні 2023 года пасля зваротаў актывістаў касцёлу Святога Апостала Андрэя быў прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага значэння. 

Каментары

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны1

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

Бондарава заклікала пакараць Марзалюка. Але падвяла сябе пад 15 сутак за рэпост «НН»12

У эфіры прапагандыстаў паказалі яшчэ аднаго зняволенага каліноўца — Максіма Ралько5

У Мінску ўзяліся зносіць парк «Дрымлэнд» ВІДЭА2

Storm Shadow сёння маглі ўдарыць па гістарычнай сядзібе на Куршчыне, дзе размяшчаўся расійскі камандны пункт4

Куды зноў знік Пуцін? Выявілася, што яго апошнія сустрэчы — гэта насамрэч запісы месячнай даўніны3

«Гэта замах на забойства». Пад Гроднам нехта нацягнуў дрот над сцежкай, дзе катаюцца матацыклісты3

Папа Рымскі зацвердзіў абрад свайго пахавання2

Адміністратарам украінскага тэлеграм-канала, які дапамагаў пазбягаць позваў, аказалася беларуска8

Кіраўнік Пентагона патлумачыў, навошта ЗША перадаюць Украіне супрацьпяхотныя міны

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны1

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →