АБСЕ адмовілася назіраць за выбарамі прэзідэнта Літвы. Адмова звязаная з Беларуссю
Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе вырашыла не адпраўляць назіральнікаў на прэзідэнцкія выбары ў Літве. Прычынай стала тое, што літоўскія ўлады не пагадзіліся, каб у іх місіі ўдзельнічалі дэлегаты з Беларусі і Расіі.
Пра сваё рашэнне АБСЕ абвясціла яшчэ 23 красавіка. У заяве гаварылася, што запрашэнне на выбары прадстаўнікоў іншых дзяржаў з'яўляецца паказчыкам дыялогу, на якім і заснаваная арганізацыя. Прамое адхіленне іншых краін-удзельнікаў АБСЕ ад назірання за нацыянальнымі выбарамі, маўляў, «супярэчыць правілам», паведаміла LRT.
«Літва, у адпаведнасці са сваімі міжнароднымі абавязкамі, запрасіла краіны-ўдзельніцы АБСЕ назіраць за выбарамі ў Літве сёлета, за выключэннем Расіі і Беларусі, якая яе падтрымлівае», — пракаментавалі сітуацыю ў літоўскім урадзе.
Таксама там заявілі, што Расія і Беларусь умешваюцца ва ўнутраныя справы Літвы, а запрашэнне іх прадстаўнікоў назіраць за галасаваннем было б «насмешкай над дэмакратыяй».
Галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах у Літве адбудзецца ў гэтую нядзелю, 12 траўня. А 8 траўня пачалося датэрміновае галасаванне.
За пасаду прэзідэнта Літвы змагаюцца восем кандыдатаў: дзейны прэзідэнт Гітанас Наўседа, які балатуецца на другі тэрмін, прэм'ер-міністр Інгрыда Шыманіце, прадстаўнік ад Партыі свабоды Дайнюс Жалімас, былы намеснік міністра абароны Гедрымас Яглінскас, старшыня Партыі працы Андрус Мазуроніс, доктар Эдуардас Вайткус, адвакат Ігнас Вегеле і дэпутат Рэмігіюс Жамайтайціс.
Каментары