Беларускі расказваюць пра тое, які тып мужчын цяпер найбольш прывабны.
У новым выпуску беларускага падкаста пра сэкс «Паўгадзіны кардыя» паразважалі пра тое, што цяпер галоўнае ў мужчыну.
Мача не ў модзе?
Вядучая і ню-мадэль Ліна Цапава ўпэўнена, што мода на вобраз мача праходзіць. На яе погляд, цяпер жанчыны аддаюць перавагу тым мужчынам, у якіх «усё окей з эмпатыяй, эмацыянальным інтэлектам, здольнасцю не заганяць сябе ў нейкія рамкі».
З гэтым меркаваннем пагаджаецца і вядучая Аня Пярова: «Мне падаецца, што ўсе гэтыя гісторыі, што ты павінен быць маскулінным, намацаваным, з барадою, цяпер не актуальныя».
Дзяўчына прызнаецца, што ёй падабаюцца фемінныя рысы ў мужчынах.
Аня заўважыла, што ў вобраз мужчыны-мача добра трапляе Мікіта Мелказёраў. А вось Ліна лічыць, што Мікіту туды проста туды ўключылі. «Ён так выглядае, але адчувае сябе, магчыма, па-іншаму».
Калі гаварыць пра стэрэатып, што нармальны мужчына — гэта той, які не б'е, не п'е і ходзіць на працу, то тут погляды змяніліся. Цяпер патрабаванняў стала болей.
«Гэта звязана з тым, што жанчыны зразумелі, што ўстаноўка на тое, каб мець мужчыну, чаго б гэта ні каштавала, цяпер не працуе. Ты як бы сабе задаеш пытанне, а навошта ён патрэбны. «Каб не піў, не курыў». Так у мяне кот таксама дома не п'е і не курыць»,
— іранізуе Аня.
Топ якасцей, якія павінны быць у ідэальных мужчын
Аня на першае месца паставіла такую якасць, як не баяцца быць смешным.
«Гэта якасць мяне вельмі прываблівае, падаецца вельмі сэксуальнай. Я лічу, што такім чынам чалавек дазваляе сабе быць уразлівым. І калі гэта смяшыць усіх, і мяне ў тым ліку, то гэта вельмі крута», — сцвярджае дзяўчына.
Ліна ў якасці галоўнага назвала адэкватнасць. «Для мяне важна, каб я адчувала, што я магу расслабіцца з гэтым чалавекам у плане бяспекі, што мне не трэба чакаць нейкага падвоху».
На другім месцы ў Ані шчодрасць. «Маецца на ўвазе не адорванне падарункамі, а хутчэй адсутнасць у мяне дыскамфорту, калі я іду ў магазін і набываю нешта тое, што хачу, тое, што даражэйшае. І каб пры гэтым не было каментароў з яго боку».
Акрамя гэтага для Ані важна, каб мужчына ўмеў слухаць і чуць. «Часам не столькі патрэбна эмпатыя, колькі магчымасць выгаварыцца. Каб у мяне былі нейкія вушы, у які я магла б нешта выказаць. Каб мужчына адтуль патрэбнае выхопліваў, а астатняе толькі выслухоўваў».
У Ліны на другім месцы ўпэўненасць у сабе: «Мне здаецца, што ўпэўнены ў сабе чалавек не баіцца паказацца нейкім не такім, нешта не тое сказаць, папрасіць прабачэння, пасмяяцца над сабою і дазволіць іншым пасмяяцца над сабою».
А на трэцяе месца дзяўчына паставіла ўменне мужчыны дагадзіць у ложку. «Размова ідзе не пра колькасць, а пра якасць. Каб мы супадалі ў перавагах, каб чалавек не баяўся эксперыментаваць, быў адкрытым да гэтага, не саромеўся свайго цела і ведаў, як атрымліваць і як дастаўляць асалоду».
Каментары