«Белджы» анансаваў пачатак продажу новай мадэлі красовера пад уласным брэндам
Новая мадэль ад беларуска-кітайскага вытворцы мае назву Belgee X70. Але новага ў ёй няшмат.
Па сутнасці, Belgee X70 — гэта ўсё той жа Geely Atlas Pro. Знешне X70 адрозніваецца ад Atlas Pro толькі лагатыпамі, самой назвай і некаторымі іншымі малазаўважнымі дробязямі.
Бадай, найбольшыя змены адбыліся ў тыльнай частцы аўто, бо давялося замяніць не проста шыльдзік, а цэлую храміраваную панэль, на якой замест Geely цяпер напісана Belgee.
Адметна, што з заменай назвы згадак пра брэнд стала менш. Так, лагатыпы зніклі з пярэдняй і задняй оптыкі, а таксама з каўпачкоў на літых дысках.
Цэны на аўтамабілі пасля рэбрэндынгу таксама не змяніліся. Пачынаюцца яны з 77 640 рублёў (каля 24 250 даляраў) за пярэднепрывадную версію ў камплектацыі Comfort. Поўнапрывадныя X70 каштуюць ужо ад 85 560 рублёў (каля 26 700 даляраў). Belgee X70 у топавай камплектацыі Flagship з люкам каштуюць 92 040 рублёў (каля 28 750 даляраў).
Belgee X70 стаў другой мадэллю аўто, якую выпускаюць пад айчынным брэндам. Першай была Belgee X50, якая з'явілася ў выніку перайменаванай Geely Coolray.
Каментары