У Баранавічах кіроўца запісаў зварот да Лукашэнкі ў разбітай машыне і просіць Колю паказаць ролік бацьку. Што здарылася?
У тыктоку завірусілася відэа, у якім кіроўца з Баранавічаў сядзіць літаральна ў грудзе металалому. Ён просіць Колю Лукашэнку паказаць ролік тату, каб той разабраўся ў ДТЗ.
Мужчына пад нікам archiegor спецыяльна завёў акаўнт у тыктоку, каб распавесці сваю версію жудаснай аварыі. Адбылося ДТЗ летась 29 мая на 183-м кіламетры рэспубліканскай трасы М1.
— Фура выехала на сустрэчную паласу і пратараніла мой аўтамабіль. На вінаватага ў ДТЗ была заведзеная крымінальная справа з прычыны прычынення мне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
У іншым роліку аўтар дадае, што ў яго ўрэзаўся грузавік фірмы «Белсувязьпрам» з паўпрычэпам, гружаным бетоннымі кольцамі. Блогер атрымаў множныя пераломы і разрывы ўнутраных органаў. Ён сцвярджае, што стаў інвалідам і вымушаны працягваць лячэнне і зараз.
Па словах пацярпелага, кіроўца грузавіка заявіў, што нічога не памятае, бо раптоўна страціў прытомнасць. Але блогер даводзіць, што судмедэкспертыза абвергла гэтую версію.
— Гэта здаровы чалавек, які быў дапушчаны да кіравання транспартным сродкам. Факт страты прытомнасці не вызначаны. Аднак кіроўца працягваў стаяць на сваім і казаў, што заснуць за рулём ён не мог, бо цудоўна сябе адчуваў.
Блогер кажа, што следства палічыла довады вінаватага ў ДТЗ больш важкімі, чым заключэнне судмедэкспертызы, і вырашыла спыніць крымінальную справу праз адсутнасць складу злачынства. Адбылося гэта ў той момант, калі ён яшчэ знаходзіўся ў бальніцы.
— Калі мяне больш-менш сабралі па частках, калі я змог перасоўвацца і цяміць нармальна, я пачаў адначасова змагацца і за жыццё, і за справядлівасць. Пачаў вывучаць матэрыялы крымінальнай справы, шукаць адваката, пісаць шматлікія скаргі.
Мужчына ўпэўнены, што ў яго справе існуюць нестыкоўкі.
— Грузавік фірмы «Белсувязьпрам» выпусцілі на лінію з няспраўнасцю тармазной сістэмы, з кіроўцам не праводзіліся ніякія інструктажы — ні ўступны, ні перадрэйсавы, ні інструктаж аб перамяшчэнні грузаў па дарогах агульнага карыстання. Нягледзячы на гэта, аўтамабіль выехаў на рэспубліканскую трасу. У кіроўцы была пратэрмінаваная медыцынская даведка — таксама гэта ніхто не правяраў.
На адну з такіх скарг адрэагаваў Брэсцкі следчы камітэт, які адмяніў пастановы і даслаў крымінальную справу назад у Баранавічы для правядзення дадатковага следства, якое доўжылася каля пяці месяцаў. У выніку крымінальную справу зноў спынілі праз адсутнасць складу злачынства.
Сваю гісторыю блогер называе прэцэдэнтам рэспубліканскага маштабу. Ён лічыць, што ў гэтай сітуацыі неабходнае ўмяшальніцтва Лукашэнкі.
У канцы роліка блогер звяртаецца да Колі Лукашэнкі, якога просіць паказаць відэа бацьку.
— Я памятаю адно інтэрв’ю па тэлевізары, дзе Аляксандр Рыгоравіч казаў, што менавіта сын Мікалай паказвае яму відэа з інтэрнэту часам, якія заслугоўваюць увагі.
За тыдзень ролік набраў 880 тысяч праглядаў і каля 15,5 тысяч лайкаў.
Каментары
Но ещё больший позор тому, кто обращается к кровопийце нашего народа, который устроил в стране колхозные порядки...