«Побач ляжаў мяшок з дзіркай». У Смаргоні цудам уратаваўся сабака, якога хацелі ўтапіць
Учора раніцай жыхарка Смаргоні, праходзячы каля вадаёма на завулку Вілейскім, убачыла на паверхні вады знясіленага сабаку. Ён быў не ў стане нават падняць галаву.
Дабрацца самастойна да жывёліны спагадлівая жанчына не змагла, але паведаміла пра тое, што здарылася, ратавальнікам. Тыя дасталі сабаку на бераг і перадалі мясцовым валанцёрам для ператрымкі.
Як пазней расказалі відавочцы, побач з сабакам ляжаў мяшок з дзіркай. Верагодна, жывёліна прагрызла гэтую дзірку і цудам выкараскалася праз яе.
Каментары