Ад рэдакцыі4343

Расійскі СМІ абвінавачвае «Нашу Ніву» ў фальсіфікацыі апытання. Вось чаму гэта хлусня і звычайныя палітычныя разборкі

Аўтары расійскага ліберальнага SotaProject перакананыя, што насамрэч аўдыторыя «Нашай Нівы» не падтрымлівае Святлану Ціханоўскую як нацыянальнага лідара.

Святлана Ціханоўская. Фота: Офіс Ціханоўскай

Раніцай 4 жніўня «Наша Ніва» апублікавала ў сваім тэлеграм-канале апытанне наконт статусу Святланы Ціханоўскай. Па стане на гэты момант прагаласавала каля 3000 чалавек, 78% з іх падтрымліваюць ідэю таго, што Ціханоўская будзе лічыцца нацыянальным лідарам Беларусі да моманту, пакуль у краіне не будуць праведзеныя свабодныя выбары.

Гэтая апытанка абурыла расійскі тэлеграм-канал SotaProject (131 тысяча падпісчыкаў). «У кантраляваным Ціханоўскай выданні фальсіфікавалі адабрэнне яе бестэрміновага кіраўніцтва беларускай апазіцыяй», — артыкул пад такім загалоўкам апублікавала рэдакцыя SotaProject.

Якія аргументы прыводзяцца? «Падкантрольнасці» — ніякіх. «Фальсіфікацыі» — той факт, што ў эмодзі пад апытанкай «НН» грамадскае меркаванне іншае. Маўляў, 85% выстаўленых эмодзі пад апытанкай — негатыўныя. І з гэтага робіцца безапеляцыйная выснова, што прастаўленыя эмодзі — правільныя, а галасы ў апытанцы — фальсіфікаваныя.

Давайце вельмі проста патлумачым, чаму абвінавачванне SotaProject абсурднае. Само па сабе яно не мае ніякага грамадскага значэння, але добра паказвае, як ствараецца постпраўда ў інтэрнэце.

Колькасць удзельнікаў апытання ў Нашай Ніве рэалістычная, а колькасць эмодзі-рэакцый — анамальная

Увечары 3 жніўня на канале «НН» было апублікаванае іншае апытанне — наконт ідэі Андрэя Ягорава часткова легітымізаваць Лукашэнку ўзамен за вызваленне палітвязняў? У ім прынялі ўдзел амаль 4000 чытачоў, а рэакцый было пакінута 84.

Папярэдняе апытанне «НН» датычылася выбару беларусаў паміж Трампам і Харыс. Тады прагаласавала 3700 чалавек, а рэакцый было 118.

Можна зірнуць яшчэ ранейшыя. Апытанне пра яўку ў Каардынацыйную раду сабрала 2500 галасоў і 70 рэакцый, пра палёт Марыны Васілеўскай у космас — 3800 галасоў і 129 рэакцый.

То-бок на канале НН сярэдняя колькасць удзельнікаў апытанак — каля 3000-4000 чалавек. А пакідаюць яны каля 100-120 эмодзі.

А вось пад апытаннем пра Ціханоўскую колькасць пастаўленых эмодзі-ацэнак перавысіла 950! Таму анамалія — якраз колькасць эмодзі (большасць якіх аказалася негатыўнай).

За той час, што рыхтаваўся гэты тэкст (каля гадзіны) колькасць удзельнікаў апытанняў вырасла прыблізна на 7%. А вось колькасць эмодзі засталася фактычна такой самай і амаль не змяняецца. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што выстаўленне эмодзі было аднамомантавым — але па-ранейшаму незразумела, хто арганізаваў гэты «налёт».

Іншыя тэлеграм-каналы не аказвалі ўплыву на галасаванне

Можа быць, нейкія папулярныя каналы пакінулі ў сябе спасылку на апытанне, і на «Нашай Ніве» прагаласавала іх аўдыторыя? Не. Рэпост быў толькі адзін, у канал з 16 падпісчыкамі.

Апроч таго, карыстальнікі перасылалі апытанку адзін аднаму 37 разоў. Таксама апытанне размясцілі ў трох публічных каналах і чатах. Гэта згаданая вышэй SotaProject і яшчэ два малазначныя рэсурсы, у якіх толькі пару сотняў чытачоў.

То-бок калі вынікі і маглі часткова сказіцца, то толькі за кошт галасавання аўдыторыі SotaProject (пераважна расійскай, якая мае мала дачынення да беларускай палітычнай сітуацыі).

Але паколькі ўсё ж колькасць удзельнікаў галасавання не перавышае тыповую для нашага канала, можна меркаваць, што галасавала перадусім толькі аўдыторыя НН.

Допіс SotaProject — палітычныя разборкі

Але чаму расійскае ліберальнае выданне ўвогуле звярнула такую пільную ўвагу на гэта апытанне пра Святлану Ціханоўскую?

Усё вельмі проста. Раней SotaProject пісала пра Беларусь гады ў рады — інфармуючы сваю аўдыторыю пра асноўныя навіны, але не ствараючы арыгінальнага кантэнту. Сітуацыя змянілася, калі спецыяльным карэспандэнтам SotaProject абвесціла сябе Бэла Фокс.

Бэла Фокс. Фота E. Blažio / LRT nuotr.

Хто такая Бэла Фокс? Блогерка з палітычнымі амбіцыямі. У чэрвені 2021 года Бэла Фокс, тады вядучая Радыё Унэт, уступіла ў кааліцыю ШОС (Штаб аб’яднаных сілаў) — разам з Вольгай Карач, Дзмітрыем Шчыгельскім, Паўлам Кулажанкам і іншымі праціўнікамі Святланы Ціханоўскай. Многія з іх удзельнічалі ў зум-канферэнцыях, за якія арыштавалі Аляксандра Фядуту, Рыгора Кастусёва і Юрася Зяньковіча.

«Наша Ніва» тады напісала артыкул пра гэта, і за ўдзел у гэтай палітычнай актыўнасці Бэлу Фокс звольнілі з Радыё Унэт. Яна палічыла, што страціла працу менавіта з-за «Нашай Нівы».

Кааліцыя ШОС развалілася, але погляды яе ўдзельнікаў засталіся ранейшымі. Яны — і Бэла Фокс таксама — зацята крытыкуюць Святлану Ціханоўскую пры любой нагодзе. Натуральна, маючы на гэта законнае права, свабоду слова ніхто не адмяняў.

Асабісты тэлеграм-канал журналіста (ці ўсё ж палітыка?) Бэлы Фокс мае ўсяго 300 падпісчыкаў і мінімальны ўплыў на медыярынку. Затое цяпер яна знайшла вялікую пляцоўку для выказвання сваёй палітычнай пазіцыі — SotaProject. Хто цяпер стаў асноўнымі экспертамі па беларускім пытанні на SotaProject? Павел Усаў і Дзмітрый Балкунец.

«Наша Ніва» мяркуе, што SotaProject стала закладнікам палітычнай пазіцыі сваёй аўтаркі. Мы лічым, што выданне мусіць папрасіць прабачэння за свае беспадстаўныя абвінавачванні на адрас «Нашай Нівы» ў фальсіфікаванні вынікаў галасавання і «падкантрольнасці» нейкім палітычным сілам.

Каментары43

  • Бэля Фокс
    04.08.2024
    Я кепская дзяўчынка, а мой нікнэйм штурхае думаць, што я акторка кіна, а ня блёгерка.
    Чытайце ідэйна чыстых дзяўчынак, а не адхіляючыхся ад лініі партыі
  • За Свабоду!
    04.08.2024
    Карач зноў уляпалася ў Расію і добрых рускіх, другія няхай займуцца сваёй краінай, а першая няхай шукае сябе іншую краіну, а не Літву, якая лічыць яе сувязной с расійскімі спецслужбамі.
  • Георгіеўна Першая
    04.08.2024
    Я Багіня апытанак, а эмадзі стыхія спадарыні Карачыхі

Лукашэнка стаў прадзедам18

Лукашэнка стаў прадзедам

Усе навіны →
Усе навіны

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?5

Зяленскі адмовіўся назваць лічбу ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі з пачатку вайны 3

УЕФА па выніках матча з мінскім «Дынама» аштрафаваў «Легію» за антылукашэнкаўскія плакаты фанатаў1

Новая вакцына ад ВІЧ прайшла фінальнае выпрабаванне. Эфектыўнасць — рэкордныя 99%8

У класных журналах будуць звесткі аб месцы працы бацькоў3

У Тбілісі пратэстоўцаў рассеялі на праспекце Руставелі6

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?11

Шольц расказаў, што было ў яго таямнічай валізцы6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка стаў прадзедам18

Лукашэнка стаў прадзедам

Галоўнае
Усе навіны →