«Беларусьфільм» запускае кастынг акцёраў для сумеснага з Кітаем кінапраекта
На пляцоўцы кінастудыі «Беларусьфільм» з 24 па 26 жніўня пройдзе кастынг акцёраў для здымак сумеснага беларуска-кітайскага фільма. Большая частка здымак пройдзе ў Кітаі.
Праект пад рабочай назвай «На векі вечныя», піша БелТА, раскажа аб гісторыі і сучаснасці Беларусі і Кітая. У здымках прымуць удзел больш за 300 прафесіяналаў з кітайскага боку і каля 100 — з беларускага.
Здымкі будуць праходзіць як у Кітаі (70 працэнтаў), так і ў Беларусі (30 працэнтаў). Сярод беларускіх лакацый — Мінск, Мінская вобласць і Брэст.
Генеральны дырэктар нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Аляксей сказаў, што гэта першы фільм сумеснай беларуска-кітайскай вытворчасці.
Кастынг будзе праходзіць на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» з 24 па 26 жніўня. Прыняць у ім удзел запрашаюцца прафесійныя акцёры, вучні мастацкіх гурткоў і тэатральных студый.
На галоўную мужчынскую ролю ў фільме шукаюць акцёра славянскай знешнасці 20-24 гадоў. Па сцэнары, малады чалавек будзе закаханы ў дзяўчыну з Кітая.
Адбудзецца кастынг на чатыры мужчынскія ролі: 4-гадовага і 7-гадовага хлопчыкаў, а таксама 14-гадовага і 17-гадовага хлопцаў.
Акрамя таго, шукаюць актрысу на другасную ролю беларускай студэнткі. Запрашаюць акцёраў і на іншыя ролі другога плана.
Каментары