Адну з версій пра тое, з чым мог быць звязаны масавы выбух пэйджараў у руках і кішэнях членаў шыіцкай групоўкі з Лівана «Хезбала», выклала выданне Sky News Arabia.
Паведамляецца, што ў прыладах членаў «Хезбалы» была закладзеная выбухоўка PETN (пентаэрытрыттэтранітрат) — белы парашок крышталічнага выгляду, адчувальны да цяпла і трэння.
Гэта дазволіла дыстанцыйна пераграваць і падрываць літыевыя батарэі ўнутры прылад. У кожную прыладу нібыта было закладзена па 20 грамаў выбухоўкі.
Выбухованебяспечнае рэчыва нібыта прывялі ў дзеянне дыстанцыйна, павысіўшы тэмпературу ў батарэях да 96 градусаў Цэльсія.
«Хезбала» ўвяла гэтыя прылады ў эксплуатацыю 5 месяцаў таму. Раней кіраўнік арганізацыі казаў, што яе членам неабходна пазбаўляцца ад тэлефонаў, бо іх адсочвае ізраільская разведка. Але пра замову пэйджараў нібыта даведаліся ў ізраільскай спецслужбе «Масад», запланавалі аперацыю і ўзгаднілі яе з ізраільскім прэм'ерам Біньямінам Нетаньяху, членамі яго кабінета і кіраўнікамі спецслужбаў, паведамляе Axios са спасылкай на крыніцы.
Усё адбылося на наступны дзень пасля таго, як спецпрадстаўнік ЗША наведаў Ізраіль і папярэдзіў Нетаньяху пра наступствы эскалацыі ў Ліване.
Пры гэтым Дзярждэпартамент ЗША рашуча адмаўляе сваю датычнасць да гэтай атакі. Прэс-сакратар ведамства Мэцью Мілер заявіў, што ЗША не датычныя да сённяшніх масавых выбухаў пэйджараў актывістаў «Хезбалы», і Вашынгтон не ведае, хто мог гэта зрабіць.
Усяго, па апошніх звестках Міністэрства аховы здароўя Лівана, раненні ў выніку аперацыі атрымалі як мінімум 2750 чалавек. Іншыя, неафіцыйныя крыніцы гавораць і пра каля 4000 пацярпелых (з іх 400 цяжка параненых), у тым ліку члены каманднага складу групоўкі (называецца лічба 11 чалавек). Паведамляецца, што ёсць як мінімум 9 загінулых, сярод іх сын члена ліванскага парламента Алі Амара, паведамляе Reuters.
«Хезбала» заявіла, што рыхтуе акцыю адплаты. «Мы лічым ізраільскага ворага цалкам адказным за гэты злачынны напад, у выніку якога пацярпелі мірныя жыхары», — гаворыцца ў заяве групоўкі.
Асудзіла серыю выбухаў пэйджараў па ўсім Ліване і арганізацыя ХАМАС, заявіўшы, што гэта эскалацыя, якая прывядзе Ізраіль толькі да «правалу і паразы».
Да гэтых папярэджанняў ставяцца сур'ёзна. Прынамсі, авіякампаніі Air France і Lufthansa ужо заявілі пра адмену сваіх найбліжэйшых рэйсаў у Ізраіль. У сваю чаргу, ЦАХАЛ (ізраільская армія) паведаміла, што рыхтуецца да адказу «Хезбалы» за «атаку з выкарыстаннем пэйджараў», у краіне павялічаны ўзровень боегатоўнасці.
Тым часам улады Лівана звярнуліся ў ААН з просьбай прыцягнуць Ізраіль да адказнасці. Але прадстаўнік ААН адзначыў, што арганізацыя пакуль не валодае дастатковай інфармацыяй пра выбухі, хоць і асуджае гібель мірнага насельніцтва.
Каментары